Спее жыта. Праўду кажучы, трэба было б распачаць жніво ўжо сёння, у нядзелю вечарам, бо заўтра і паслязаўтра ў яго адпрацовачныя дні, але нейкая дзіўная млявасць агарнула цяпер Янэву душу. Ну і пастаіць да серады, нічога з ім не здарыцца. Затое ў сераду Янэ пачне сваё жніво проста на досвітку. Любую справу лепш за ўсё пачынаць з самага ранку.

Палова трэцяй, на паўночным усходзе неба чырванеецца, але да сапраўднага світання яшчэ цэлая гадзіна. У хаце з разяўленым ротам храпе жонка, у шэраг ляжаць і спяць народжаныя ёю дзеці, відаць аголеныя срачкі і рукі. Толькі Янэ ўжо ўстаў. Ён рухаецца асцярожна, каб нікога не разбудзіць. Ён ціха лаецца, панюхаўшы біклагу з-пад малака. Яна не памытая з мінулага разу, адтуль б’е ў нос кіслы смурод. Янэ зноў кідае позірк на спячую кабету. Учора ён забыўся сказаць, каб яна памыла пасудзіну, а не скажы, дык гэтая баба сама ніколі не здагадаецца, што трэба зрабіць. З пакутлівай усмешкай Янэ ідзе напоўніць біклажку. Варонку знайсці немагчыма, а без яе нічога не атрымліваецца. Янэ выходзіць з хаты, цяпер можна лаяцца і ўголас. З дапамогаю нямытага пасля кавы кубка ён усё ж напаўняе біклагу.

Потым трэба пакласці ў торбачку хлеба, і тут Янэ зноў незадаволена заўважае, што запас хлеба знікае надта хутка, ідзе абы-куды, толькі не ў рот. Усё цячэ паміж пальцаў, і нічога не зменіцца, колькі тут ні сварыся. Гэтая баба храпе там у хаце са сваімі шчанюкамі, а ты збірайся і прыся на жніво да гаспадара! А дзе мой серп? Во брыда, затупіўся, давядзецца вастрыць у Юр’яле. Выходзячы з двара, Янэ заўважае каля рага хаты закінутую дзецьмі варонку, але гэта ўжо апошняя прыкрасць гэтым раннем. Ён шыбуе па вільготнай ад расы сцяжынцы і радуецца, што сёння ягоная працоўная прылада зусім не такая цяжкая, як звычайна. Нават на далёкую хацінку, што спіць, ён паглядае з ладнаю доляй спагады. Пачынаюцца летуценні, уранні шлях да гасподы заўсёды прыносіць добрыя думкі.

Работы пачынаюцца а чацвёртай гадзіне, на дарогу – адна гадзіна. Трэба спяшацца, бо давядзецца яшчэ вастрыць серп. Але, як знарок, у першы дзень жніва гаспадар б’е ў звон на пятнаццаць хвілін раней, чым звычайна, і народ ужо адыходзіць, калі з’ўляецца Янэ. Гаспадар з кіслай усмешкаю стаіць на двары.

– Гэты Крапсяля заўсёды спазняецца, нібыта баба яго за падол трымае, – кажа гаспадар, кашляе і адварочваецца.

Янэ кідае сваю торбу на ганак і паспешліва ідзе ўслед за ўсімі, серп так і не навостраны, Янэ на хаду спрабуе падправіць яго бруском.

Безумоўна, у фінляндскай сістэме торпарства былі тыя або іншыя недахопы. Вядома ж, Янэ Тойвала нават не ведаў слова «недахоп», як не ведаў і таго, што яно азначае; ён толькі пакорліва ішоў па баразне ды злаваўся. Тым днём не адпрацавалі і пяці гадзін, бо а дзясятай пайшоў дождж, ды такі, што гаспадар загадаў спыніць жніво. «Прыходзьце заўтра ўранні, калі будзе пагода», – сказаў ён. З незадаволеным выглядам торпары ды падзёншчыкі забралі свае клункі з харчамі і пад дажджом разышліся па дамах, дзе да канца дня лаяліся з жонкамі і дзецьмі. Аж зірні – назаўтра і сапраўды «была пагода». Зноў людзі ішлі шмат вёрстаў, неслі з сабою біклажкі, торбачкі з харчамі, сярпы, каб папрацаваць якія-небудзь чатыры гадзіны, бо потым зноўку пайшоў дождж, і гэтак жа сама, як і ўчора, давялося цягнуцца дамоў па раскіслых дарогах. У тыя часы працоўны дзень доўжыўся пятнаццаць гадзін, а тут за два дні адпрацавалі агулам толькі дзевяць. У канцы тыдня ўсталявалася пагода, і жыта ў торпараў пачало асыпацца, бо яны мусілі адпрацаваць дні на гаспадара. Тое ж было і ў нядзелю. А прычашчэнне давялося адкласці на восень, хоць тады ў царкву прыйдзецца ісці па гразкіх дарогах.

Але сапраўднае бездарожжа далося ў знакі, калі ў гаспадарцы пачалі араць палі пад зябліва. Цяпер Янэ не абавязкова было ўставаць раней трэцяй гадзіны, затое цяжка было адшукаць упоцемку гнедага каня – з белым было б лягчэй. Калі той гнеды стаяў нерухома і званочак не бразгаў, дык у цемры знайсці каня можна было толькі па цяжкаму дыханню. А наперадзе іх з канём чакала бездарожжа, дзе калёсы па самую вось грузлі ў непралазнай гразі. На вазу ляжалі плуг, ворчык, дышаль і хатуль з харчамі. Груз гэты быў цяжкі і нязручны і кожны раз у цяжкіх месцах імкнуўся зваліцца далоў.

Перейти на страницу:

Похожие книги