«…павінен я паведаміць вам гаротную вестку, што любая ваша дачка Хілту заўчасна сканала: пазаўчора яна, калі стаяла месячная ноч, а гаспадыні не было дома, пайшла на возера і патанула. Дома, на другім паверсе, быў толькі сын гаспадыні. Ён якраз клаўся спаць і ні аб чым не ведаў да самага рання, калі было ўжо запозна.

Хілту пахаваюць паслязаўтра; калі хочаце – можаце прыехаць. Пані кажа, што пахавае яе за свой кошт, але заробак плаціць не будзе, бо дзяўчына працавала ў яе вельмі кароткі час, што і на хаўтуры ледзь хопіць, а я ўкладваю ў гэты ліст дзесяць марак для вас, купіце сабе што-небудзь, а ў “Народным лістку” надрукавана аб’ява аб смерці Хілту, гэта яшчэ дзве маркі, і ёсць яшчэ кароткая нататка аб тым, і хоць у вас такая бяда, але ж гэта такая доля ўсіх беднякоў – паміраць заўчасна, і вы змагайцеся за беднякоў, бо вы працаўнік, і не давайце капіталістам прыгнятаць сябе. Каарла Тойвала».

Думкі старога Юхі замёрлі, нейкі час ён не бачыў і не чуў, што адбываецца навокал яго: як прыляцела па Ійту раз’юшаная гаспадыня, пачала чытаць аб’яву аб смерці Хілту, а потым накінулася на кухарку: «Дык во дзе ты лайдачыш, толькі лынды б’еш!!! Каб такіх газет у маім доме больш не было!» Тут Юха мог бы і пакрыўдзіцца, аднак у гэты момант ён нават не заўважаў гаспадыню.

Значыць, Хілту памерла. Што гэткае здарыцца, было зразумела яшчэ тады, калі яна пакідала свой дом. Хіба гэта было не відаць з самага дзяцінства? Цяпер, калі з цьмянай далечыні ў памяці Юхі ўсплывае вобраз Хілту, яму здаецца, што адбітак смерці выразна бачыўся на дзяўчыне. Няшчасце з Хілту – вынік знешняга ўздзеяння; такое падманнае ўражанне непазбыўна застаецца ў свядомасці старога Юхі.

Ад такой навіны пачуцці Юхі зледзянелі. Гэтым разам пачуццё палёгкі і вызвалення з-пад непасільнай ношы не прыйшло. Пасля абеду ён ідзе працаваць разам з іншымі. Людзі выслухоўваюць звестку аб смерці Хілту Тойвала абыякава – на працы гэта не тэма для размоў. Ёсць і больш «мужчынскія» размовы, асабліва калі гаспадар непадалёку. У глыбіні такіх размоў ужо тоіцца «сацыяльнае пытанне». Гаспадару даводзіцца выслухоўваць і даволі калючыя намёкі. Гаспадар настойліва гаворыць сваё з выглядам чалавека, які тут самы разумны. Праца крыху ажыўляецца. Пры канцы стары Тойвала кажа нешта такое «сацыяльна» сярдзітае, што людзі не ў змозе схаваць усмешкі. Ледзь стрымліваючы сваю злосць, гаспадар кажа:

– Хутка даходзіць гэта «тэмакра-а-атый-я» да старых бараноў, быццам яе на калёсах падвозяць!

Раней такой злоснай лаянкі працаўнікі ў гэтай гасподзе ніколі не чулі. Вячэра праходзіла ў напружаным маўчанні. Людзей ахапіла ўражанне, што праца, якую яны рабілі, – гэта нешта асобнае і ад іх незалежнае, што ад яе і ад гаспадара якраз і струменілася гэтая напруга. Утварыўся трохкутнік замкнёных сіл, якія паводле значнасці сваёй непамерна пераўзыходзілі навіну аб смерці нейкай там Хілту, і параўноўваць іх было б проста неразумна.

Ад гэтай смерці не прыйшло журботнае пачуццё палёгкі. Не засталося ніякіх слядоў ад вырваных каранёў, не абудзілася жаданне замяніць страту хоць бы чым-небудзь. Юха ішоў праз лясныя нетры, змярцвеўшы душою і думкамі. Свяціла поўня, ужо крыху надкусаная з правага боку, і яе святло холадна падала на спарахнелую хатку. А сама гэта хаціна належала сённяшнему дню, і нічога ў ёй не было ад тых даўно мінулых мройных дзён. Усім сваім выглядам яна нібы спяшалася падкрэсліць, што яна такая старая і стаіць на зямлі бязлітаснага чалавека, што яна належыць гэтаму чалавеку, што ў гэтай хатцы двое дзяцей чалавечых, існаванне якіх на гэтым свеце нікога не цікавіць.

Шлях наперад вызначаны.

<p>Раздзел VІ</p><p>Бунтаўнік</p>

Немагчыма прыдумаць нічога болей няўцямнага, чым высвятленне таго, як ставіўся Юха Тойвала да пары народных пакут, якую пазней назвалі «гадамі прыгнёту». Пакуты Юхі Тойвалы ў той час былі не большымі, чым раней, і не заўважаў ён ніякіх асаблівых пакут у свеце вакол сябе. Ва ўсякім разе, гаспадар не пакутаваў, нажываючыся як толькі мог: дойных кароў у яго пабольшала, з дванаццаці да васямнаццаці, і два кані дадаліся. У дачыненні да парабкаў і торпараў ён стаў больш замкнёным і строгім, як кажуць па-вучонаму – патранальным.

Нельга сказаць, што гаспадар пакутаваў – асабліва не пакутаваў і Юха. Што праўда, ягонае становішча торпара стала больш няпэўным, бо ў яго не было кантракта з гаспадаром зямлі, а торп знаходзіўся ў сярэдзіне найлепшага гаспадарскага лесу. Але ў нечым былі й паслабленні. Працоўны дзень скараціўся з пятнаццаці да дванаццаці гадзін, працаваць стала куды як лягчэй; малатарня, якая спачатку працавала з ручною цягай, пазней стала рухацца конным прывадам, а пасля – і наогул паравой машынаю. Косы цяпер у гаспадарцы ўжывалі толькі тады, калі трэба было выкасіць няўдобіцу. Праўда, адна з такіх машын, сепаратар, аблегчыла і ўсё малочнае, што падавался на стол, ператварыўшы ранейшую густую сыраквашу ў пусты блакітны адгон, а былое добрае дамашняе масла – у «расліннае» вяршковае масла без аніякага смаку; людзі між сабою яго называлі «кветачкай».

Перейти на страницу:

Похожие книги