Гэта было неўзабаве пасьля нашага зь Веранікай знаёмства. Я вяртаўся дамоў уначы, ратавальныя дзьверы пад’езду былі ўжо блізка. Я мог бы пайсьці ў абход, пад ліхтарамі, па ачмурэлай ад бэзу і яшчэ не да канца астылай пасьля дзённай сьпёкі вуліцы, але ж ногі самі павялі мяне праз гэтую цёмную арку. Так было бліжэй і хутчэй. Праход быў ня тое каб доўгі, якіх-небудзь паўсотні крокаў, я дакрочыў да сярэдзіны й раптам пачуў, як мяне нехта даганяе. Я спыніўся, так мне стала страшна. Напэўна, ад мяне йшлі не абы якія флюіды жаху: наперадзе таксама зьявілася чалавечая постаць, нехта ўваходзіў сюды адразу з абодвух бакоў. Я быў заціснуты ў гэтым невялікім тунэлі, справа й зьлева былі сьмярдзючыя сьцены, крокі набліжаліся, сьпераду й ззаду. Абедзьве фігуры былі выразна мужчынскія, былі б яны жаночымі, наўрад ці мяне апанавала б такое. Страх зрабіў іх вялізнымі, мне здавалася, яны прыгінаюцца, каб не закрануць галавой столь. Першым пытаньнем для мяне было, што яны зробяць са мной, і ці маю я ў кішэнях нешта на водкуп, але другое пытаньне чамусьці імгненна засланіла першае: што зробяць з маім целам потым, калі мой бялок пацерпіць паразу.
Цяпер я ведаю, што. Асноўны разрэз скуры для ўскрыцьця робяць ад падбародзьдзя да лабка, з абходам пупка зьлева. Адмысловы нож утрымліваюць гарызантальна. Разрэз робяць бесьперапынным рухам, ён мусіць пранікаць скрозь скуру, падскурную клятчатку, дасягаючы ў грудной клетцы грудзіны, а на жываце мышцаў. Раны й рубцы нож абміне. Найлепшы разрэз – Т-падобны. Пасьля гэтага ўскрываюць брушыну. Ашмецьце скуры й мышцаў адсэпароўваюць у абодва бакі так, каб агаліліся рэбры. Глядзяць. Пішуць. Выдаляюць грудзіну, пасьля чаго адкрываецца шырокі доступ у грудную поласьць. Сэрца спачатку мераюць, а ўжо потым адкаркоўваюць. Апісваюць зьмесьціва страўніка, кішэчніка. Пілуюць чэрап. Выторгваюць валасы. Думаюць пра жывых.
Я стаяў сярод гэтага бэтоннага тунэлю, і яны таксама запаволілі хаду, пакуль не спыніліся ў некалькіх мэтрах адмяне, адзін сьпераду, другі за сьпінай. Мне і ў галаву не прыходзіла, што варта было мне пайсьці далей, як і яны рушылі б па сваіх справах. Урэшце ім надакучыла, і яны прайшлі міма мяне, нябачныя, раздражнёныя, стомленыя, і тунэль апусьцеў. Хто ведае, можа, назаўтра мы ехалі на працу ў адным вагоне мэтро.
***
Ёй было цяжка гэта патлумачыць, але ж тым ня меней: тут пахла зьліплымі чужымі галасамі, такім сабе комам з чужых галасоў. А яшчэ тут было задушліва і разам з тым так сыра, што Вераніка баялася дакранацца да сьценаў: нават калі бацька спатыкнуўся ды штурхануў яе ненаўмысьля ў сьпіну, Вераніка аддала перавагу мокрай руцэ міліцыянта, што йшоў побач – толькі б не кранацца сьценаў... Яна раптам адчула тут, у гэтым казённым памяшканьні, як мала каштуе яе ўлада, яе праца, яе пасада; Вераніка азірнулася навокал, абвяла вачыма вартавых: ім было відавочна напляваць, хто яна такая й чым займаецца, тут былі свае адзінкі вымярэньня чалавечае моцы, тут гудзелі, нібы ў нябачных трубах, свае законы, і яна, Вераніка, была тут чужая – такая ж чужая, як вось гэтая, да прыкладу, сямейная пара, якая з палёгкай на спалоханых тварах выходзіла адсюль на волю. “Госпадзе божа мой, госпадзе божа мой”, – паклікала кагосьці старая ў чорным, якая сядзела на аблупленай лаўцы перад кабінэтам, і высмаркалася ў рукаў – але ніхто не йшоў. Маці нэрвова пагладзіла пальцамі зеленаватыя краты. Нарэшце, пасьля амаль паўгадзіннага чаканьня, іх пусьцілі.
Брат цяжка падняў галаву. Бацька, які разгублена калупаўся ў зубах, зьбянтэжана назваў ягонае ймя ды прысеў на адзінае крэсла. За бацькавай сьпінай таропка загаварыла маці – яе мармытаньне адразу ж нагадала Вераніцы тыя аднастайныя пытаньні, якімі маці засыпала яе, калі бацькі прыязджалі да яе калісьці ў піянэрлягер. І сапраўды, маці размаўляла з братам так, нібы ён быў тут на адпачынку. Дакладна тое ж яна казала, калі брат сыходзіў у войска, і калі ляжаў некалі ў лякарні, яшчэ старшаклясьнікам – ён тады захварэў на запаленьне лёгкіх. І вось цяпер зноў. З тымі самымі інтанацыямі. І што з таго, што маці плача: яна заўжды плакала многа й з задавальненьнем. Вераніка маўчала, бацька соп недзе ўнізе. Вартавы пазяхаў. І тады Вераніка ўгледзелася ў братаў твар – бадай, упершыню ў сваім жыцьці ўгледзелася, раней ёй гэта і ў галаву не прыходзіла, брат і брат, нічога звышасаблівага: але цяперака нешта ў ім незваротна зьмянілася.