Вераніка ледзь прыкметна ўсьміхнулася. Відаць, апошняе захапленьне аддзелу Яго нейкім чынам абмінула. Ён ня ведаў, хаця й быў намесьнікам загадчыка, што ў стале кожнага супрацоўніка ляжала раздрукоўка з тлумачэньнем ягонага імя: ужо тыдзень як яны апанатана шукалі ў інтэрнэце ўсё, што датычыла іхных імёнаў, невядома чаму, але шукалі, і дзяліліся адно з адным кожнай новай падрабязнасьцю, і званілі ў суседнія кабінэты, калі знаходзілі нешта пра імёны калегаў; яны займаліся гэтым з такім захапленьнем, з такой упартасьцю, нібы імёны ў іх зьбіраліся адабраць. “А ці ведаеш Ты, што менавіта Вераніка выцерла пот Хрысту, калі ён ішоў на Галгофу?” – пяшчотна падумала Вераніка й паглядзела пажадна на Ягоны лоб. Але яна нічога не сказала. Толькі кіўнула.
“Вераніка. Тая, хто прыносіць перамогу. У дзяцінстве баязьлівыя, нерашучыя, часта прастуджаюцца. З гадамі заўважаюцца такія рысы, як раздражнёнасьць, упартасьць. Апрача таго, у некаторых Веранікаў узьнікае алергія на пахі, яны могуць страчваць прытомнасьць ад выгляду крыві.
Характар Веранікі – мацярынскі, хаця вонкава больш падобная да бацькі. Больш любіць бываць сярод мужчын, шлюбаў часта некалькі, нараджаюцца звычайна дзяўчынкі. Вераніка – гаваркая, жывая, жвавая, і гэтую жывасьць захоўвае звычайна да старасьці. Каханьне прыходзіць да яе лёгка, яна карыстаецца посьпехам у мужчын. Аднак пачуцьцё, якое ўспыхвае так хутка, гэтак жа імкліва й зьнікае, і тады ўсе сувязі з аб’ектам жарсьці ўмомант рвуцца. Асаблівасьць характару Веранікаў – упартасьць (гэта вельмі ўласьціва “зімовым” Веранікам), прычым часта яна дзейнічае проста на злосьць каму-небудзь. Улюбёныя колеры: чырвоны, фіялетавы, чорны.
Імені Вераніка пасуюць мужчынскія імёны Уладзімер, Аляксандр, Пётр, Леанід, Станіслаў, Барыс, Ігар – зь іх носьбітамі Вераніка будзе шчасьлівая.
Мікалай, Эдуард, Віктар, Уладзіслаў, Арэст, Сямён, Віталь, Канстанцін ёй мала пасуюць.”
Як яны гэта вызначылі? Так забаўна. Як высьвятляецца, Лёнька, яе дурны Лёнька ёй на самой справе пасаваў, а з Эдзікам яна ўсё зрабіла правільна. А той, які цяпер недзе за мяжой, такі сьмешны, такі дурны: ягонага імя не было ў гэтым сьпісе. Чырвоная, фіялетавая, чорная ўпартасьць. “Гэта ж спрэс пра мяне,” – падумала з жахам Вераніка той раз, калі прачытала на адным сайце гэты кароткі аповед, у якім пры жаданьні можна было зьмясьціць усё яе кароткае жыцьцё. Ёй падабалася, што і Ягонае ймя было ў сьпісе тых, ад каго сярэднестатыстычныя Веранікі звычайна нараджаюць шчасьлівых дзяўчатак.
– Ну, ідзі, – прамовіў Ён нецярпліва пасьля доўгай паўзы. – Ідзі працуй.
“Дзякуй”, – дадаў Ён ні да чаго, разгубленым тонам. І яна пайшла да дзьвярэй. “Шчасьліва!” – не ўтаймоўваўся Ён за яе сьпінай. Вераніка дайшла да дзьвярэй і спынілася.
– Ну, што яшчэ? – Ён з усяе моцы намагаўся надаць свайму голасу добразычлівасьці.
Вераніка ціха назвала яго па імені і абярнулася. Ён чакальна глядзеў у яе вочы.
– Мне трэба вам нешта распавесьці, – сказала Вераніка. – Гэта важна.
– Не цяпер, – замахаў Ён рукамі. – Дай мне палайдачыць трохі. У мяне сёньня няма працы, настолькі няма працы, што я ўжо стаміўся. Трэба адпачыць. Пачытаць што-небудзь захапляльнае вось з гэтай сіняй папачкі з гербам.
– Гэта датычыць працы нашага аддзелу, – сказала Вераніка, пакрываючыся своечасовай чырваньню. – Маіх калегаў. І… Я не хачу, каб нехта ведаў пра тое, што я вам распавяду. Мы маглі б…
Ён, відавочна, зацікавіўся.
– Але чаму мне? Распавядзіце гэта Чэславу Карлавічу, – сказаў Ён афіцыйным голасам, адначасова ўсхвалявана грукаючы пальцамі па стале. Аднак жа Вераніка добра бачыла, наколькі ён узрадаваны.
– Я хацела спачатку вам, я ўсё ж не зусім упэўненая, што... Я мала ведаю, можа быць, гэтыя мае калегі атрымалі адмысловае заданьне... – прамарымытала Вераніка з чароўнай непасрэднасьцю. – І калі вы палічыце маю інфармацыю дастаткова важнай, то, калі ласка, давядзіце яе да Чэслава...
– Да Чэслава Карлавіча, – сказаў Ён, нахмурыўшыся. – Добра. Толькі ж ня трэба гаварыць пра гэта тут. Давайце... Давай, Веранічка, сустрэнемся ўвечары... А хаця б у кавярні “Казей”, ведаеш, дзе гэта? Гадзінцы так а сёмай?
– Добра, – лёгка сказала Вераніка. – Я пайду. Дзякуй вам.
– Табе дзякуй.