Да таго ж пляменьнік быў стрыечны. Казалі, ён зусім ня быў падобны да іхнай радні, хутчэй да радні сястрынага мужа... Вераніка верыла ў голас крыві, верыла, што калі стрыечная сястра зразумее яе з паўслова, то родны брат – з паўгуку. Што стрыечная сястра выкліча пажарных, у той час як родны брат палезе ў агонь. Што ў стрыечнай сястры можна заўсёды пазычыць грошай, а родны брат дасьць проста так. Хаця асаблівых падставаў думаць такім чынам нібыта й не было: брат апошнім часам дома амаль не бываў, а калі й зьяўляўся, то адсыпаўся ад сваіх пастаянных п’янак і нават не пазнаваў Вераніку, цягнуўся да яе аслабелымі рукамі, абяцаючы то “забіць”, то “трахнуць”, потым прачынаўся праз суткі, маўчаў, глядзеў спадылба або выганяў з пакою, пасьля войска ён стаў яшчэ больш жорсткім, спаў у ботах ды слова ня мог сказаць, каб не мацюгнуцца... Яна яго шкадавала да сьлёз, бегала па піва, падносіла тазік... Брат усё-ткі. Зь сястрой Вераніка наадварот зблізілася, часам давярала свае таямніцы, прасіла парадаў у некаторых чыста практычных справах. Сястра й сама ёй тэлефанавала, цікавілася, як Вераніка маецца, перасьцерагала ад памылак, бо – рана табе яшчэ, давучыся, нікуды яны ад цябе ня дзенуцца, гэтыя памылкі, якім адно толькі трэба, і наогул, нармальную памылку яшчэ пашукаць трэба, каб усё было ў гэтай памылкі як мае быць, і з рукамі, і з нагамі, і паміж ног, і каб грошы памылка ў дом прыносіла, ёй вось, можна сказаць, пашанцавала, яе Віктар – памылка ня самая горшая, тупаваты, праўда, ды без пачуцьця гумару, але яны ўсе такія, калі жэняцца, затое колькі намаганьняў сястра прыклала, каб у Віктара і думкі такой не ўзьнікала, прабавіць час па-за домам. А бацькі Веранікі ў той час дзіўным чынам адсланіліся ад яе, толькі глядзелі зь нейкай абыякавай цікаўнасьцю: плыве сабе дачка, плыве, можа й даплыве кудысьці, а можа й не, хто яе ведае. Прынамсі, так Вераніцы здавалася. Добра, што хоць бацька кінуў піць, слова “завязаў” тут было якраз дарэчы, – ён і праўда нібы ўзяў аднойчы ды завязаў вузел на сваім гэтым папулярным у краіне хобі й з таго часу нават піва не ўжываў, і маці прымусіў. Вось жа, мягкацелы мужычок з вусікамі, а здолеў, Вераніка сама была ўражаная, ніколі ня ведаеш, чаго чакаць ад блізкіх людзей. Маці, праўда, употай папівала шампанскае, але Вераніка цьвёрда ведала: шампанскае – ад слова шампунь, такі самы безалькагольны напой.
Пляменьнік быў тоўсты, чатырохгадовы, справядлівы, як удзельнік продразьвёрсткі, і па-каралеўску дабрадушны. “Гэта загоіцца”, – запэўніў ён Вераніку, тыцнуўшы пальцам ёй у смочку, якая цёмнай кропкай прабівалася скрозь станік і белую тонкую майку, а калі яны ўсе разам селі нарэшце піць гарбату, пляменьнік заўважыў, што на мамінай цукерцы няма крэмавага ўзору, а на Веранічынай ёсьць: скалупнуў дзелавіта палову ды прынес маме – вось цяпер усё як мае быць. Яшчэ калі імбрык толькі закіпаў, Вераніка зайшла баязьліва ў ягоны пакой, спынілася на парозе, няўпэўнена працягнула малому падарунак – гоначную машыну, той уздыхнуў расчаравана, паглядзеў на Вераніку са шкадаваньнем, але правілы гульні прыняў, сеў на падлогу, прасуючы нехаця машынай квяцісты дыван: туды-сюды, туды-сюды, гоначных машынаў у яго была процьма, цэлы аўтапарк... Прадэманстраваў з гордасьцю гульнявую прыстаўку, але джойсьцік у рукі ня даў: не дарасла ты яшчэ да таго, каб страляць, цётка Вераніка.