Натуральна, Вераніка заняла месца побач зь Ім, натуральна, яна глядзела толькі на Яго, натуральна, яна імкнулася рабіць гэта такім чынам, каб ніхто не заўважыў, натуральна, усе гэта бачылі. Была дзясятая раніцы, панядзелак, і яны сабраліся, адно за адным, у кабінэце Чэслава, кожны ведаў, што можна прыйсьці зь невялічкім спазьненьнем пасьля абеду, але на гэтыя нарады трэба зьяўляцца своечасова. Але Чэслаў забег, скінуў паліто ды папрасіў пачакаць, красамоўна паказаўшы пальцам на столь, – ды пабег туды, на адміністрацыйнае неба. А яны засталіся сядзець, намагаючыся канчаткова прачнуцца, сярэдзіна восені ня церпіць бадзёрых... Апошняй увайшла Ала, звычайна каля Яго сядзела менавіта яна, паводле нейкіх няпісаных правілаў, але ж няпісаных – і Вераніка зласьліва пасьміхнулася Але, пастукаўшы асадкай па вуснах. Практыкантка глядзелася ў люстэрка, Ларыса гартала сьвежую газэту начальніка, асьцярожна высунуўшы яе з-пад філіжанкі з каваю... А Вераніка ўпотай любавалася Ім. Ён быў сёньня нешта не ў гуморы, перакочваў у роце ці то жуйку, ці то яшчэ што, ня вельмі смачнае, па ўсёй бачнасьці... А можа, у яго балелі зубы, думала з заміраньнем сэрца Вераніка, і шкадавала, што яна не стаматоляг. Ён быў у новым, чорным пінжаку, накінутым на белую футболку, сярэбраная завушніца дрыжэла зусім блізка ад хітрага вока Веранікі, пальцы Ягоныя выбівалі энэргічны раззлаваны дроб па стале, і на вуснах зрэдку лопаўся сымпатычны гук, адзначаючы зьмену барабаннай тэмы... Але: смурныя бровы, беспакойны нос, стомленыя вочы, сьветлыя валаскі на руках незадаволена тырчаць, напружаныя плечы, адно зь якіх ледзь не дакраналася Веранікі...
Яна часта лавіла сябе на тым, што думае пра Ягоны, зусім не спароднены пакуль зь ёй арганізм без усялякае заканамернае, здавалася б, агіды. Вось настолькі я... Яго... – думала Вераніка на трывожна-прыемным удыху, і не знаходзіла, чым запоўніць пустоты між сваімі марамі. Так, сапраўды, яна ўяўляла сабе ўсё цудоўна й ведала з дакладнасьцю: калі б Яго зараз званітавала, ці калі б ён раптам высмаркаўся проста на стол, ці калі б у яго пайшла носам кроў, ці калі б з носу ягонага паказаліся чорныя мокрыя валаскі, ці калі б яшчэ якім-небудзь чынам Ягонае недаступнае ёй пакуль запаветнае цела праявіла свае фізіялягічныя, груба-ўнутраныя, непрыстойна жывыя якасьці, Вераніка б і носам не павяла, прыняла б усё з такім жа захапленьнем, выцерла б, памяняла б бялізну, запусьціла б пальцы ў гэты дасканалы, несапсаваны яшчэ ўзор мужчыны, толькі пры наяўнасьці такіх пачуцьцяў і можна казаць пра каханьне; яна б хацела, каб аднойчы Ён стаў на хвілінку хлопчыкам, зусім маленькім, вось тады яна б наталілася, націскалася, нагулялася, але толькі на хвіліну, бо ўсё ж болей Вераніцы хацелася самой стаць цацкай у ягоных руках, пацеркамі на ягонай шыі, дзе-небудзь на далёкім жоўтым пляжы ў кайданках марское лазуры... І каб усе, хто ведаў іх Дваіх, стаялі, глядзелі, але не маглі наблізіцца, разьбіваючы сабе ў кроў ілбы аб нябачны бар’ер.
Яна задумалася так глыбока, што страціла пільнасьць, і калі зразумела, што глядзіць неадрыўна на Ягоныя рашучыя скулы, было позна. Ён няўтульна адчуваў сябе пад яе позіркам, яна гэта пабачыла. Дурніца, пачаў правяраць, ці ўсё ў яго нармальна з тварам, ці не запэцкаўся, ці не парэзаўся, голячыся... “Волас у роце, fuck”, – сказаў Ён Вераніцы ўрэшце, даволі жаласьліва й нібы апраўдваючыся. На шчасьце, іх ніхто ня чуў – жанчынам зь іхнага аддзелу надакучыла глядзець на пакуты Веранікі, і яны заняліся дабрадушнымі зьдзекамі з практыканткі. “Давайце я дапамагу”, – прашаптала Вераніка. Ён зьдзіўлена адсунуўся, але ўсьміхнуўся. “Адкрыйце рот”, – сказала яна й ня здолела надаць голасу неабходнае нэўтральнасьці. “Людзі ж навокал,” – запярэчыў Ён, але потым наблізіў да яе свой твар, які аказаўся вельмі чыстым, Вераніка рэдка бачыла такія чыстыя мужчынскія твары. Яна ўпершыню знаходзілася да яго так блізка. Ён падміргнуў ёй: “Няхай гэта будзе наша маленькая аплявуха грамадзтву”, заплюшчыў вочы ды высунуў сьветлы кончык языка. “Ня бачу нічога, пачакайце”, – яна пяшчотна паднесла вочы да гэтага падарунку, “Ён, напэўна, глыбей, паспрабуйце высунуць далей язык...”. Ён закрыў рот, зглынуў сьліну ды не расплюшчваючы вачэй зрабіў новую спробу. “Знайшла”, – прашаптала Вераніка ды не сьпяшаючыся, супыніўшы дыханьне, вырашыўшы зьняць усе пенкі з гэтага імгненьня, асьцярожна ўзяла пазногцямі зь непаслухмянага языка доўгі белы жаночы волас. “Ваша?”
Ён расплюшчыў вочы ды разгублена ўтаропіўся ў стол, а потым зарагатаў, закрываючы рот. Вераніка азірнулася, усе, уключна з Чэславам, які стаяў у пройме дзьвярэй, неадрыўна ды ўважліва глядзелі на яе ды Яго. Вераніка навобмацак правяла пальцам па ножцы стала, і волас застаўся там. Дзіўна, яна зусім не адчувала зьбянтэжанасьці. Пагатоў Чэслаў ужо сьмяяўся, хіхікала Ларыса, непрыгожа крывілася практыкантка, і хутка ўжо рагаталі ўсе, разам зь Веранікай, якая ніяк не магла выдыхнуць.
***