Як яна й баялася, сьвята ў пакоі Кулакоўскай было ўжо ў самым розруху. “І чаго я сюды прыперлася?” – думала Вераніка неяк аўтаматычна, і шукаць адказу ёй не хацелася. Са сталічных студэнтаў не прыйшоў ніхто, былі толькі інтэрнацкія. Вераніку сустрэлі ня тое каб абыякава, але й без асаблівае радасьці. Пасадзілі за стол, прапанавалі гарэлкі й чагосьці чырвонага, ліпучага... Вераніка выпіла спачатку ліпучага, а потым гарэлкі – падумала, так будзе лепш. І праўда, неўзабаве яна перастала шмыгаць носам, а потым і твары за сталом падаліся ёй цалкам добразычлівымі. У пакоі штохвіліны адбываўся нейкі рух, пастаянна нехта прыходзіў, нехта выходзіў, усе навокал цудоўна ведалі адно аднаго й не цырымоніліся, ласкава й трохі тужліва мацюгаючыся. Вераніка, якой з самага ранку пры думцы пра ежу станавілася млосна, ня сьнедала сёньня й не абедала, і таму хутка захмялела. Людзі ў пакоі былі ўсе на адзін твар, нібы ў супрацьгазах, спартовыя касьцюмы, тапачкі, хрыплыя галасы... На Вераніку ніхто не зьвяртаў увагі, ніхто не загаворваў зь ёй і ніхто не выганяў, яна ўпотай наліла сабе яшчэ, выпіла, закусіла цёплым агурком, агледзелася вакол, шырока адкрываючы рот, бо нос быў наглуха забіты. За сьпінай равеў магнітафон, потым нехта па імені Жора прыцягнуў гітару, завёў дзявочым голасам пра пальчатку ля дзьвярэй, і іншыя падхапілі, пакой быў напоўнены дымам, і гэты дым спыняўся ля адчыненай форткі ды імкнуў назад, у Веранікі зьявілася адчуваньне, што яе ніхто ня бачыць, можна было зрабіць сабе харакіры, ніхто б вокам не павёў, яна нешта закрычала ў гэтую шызую заслону – і праўда: безвынікова.
У сумцы Веранікі ляжалі падарункі для Тані Кулакоўскай, ружовы бегемот і віншавальная паштоўка, але Вераніка чамусьці ніяк не магла абраць момант, калі іх уручыць. Пра гаспадыню пакою, мажную, бялявую, з самымі вялікімі на курсе зубамі, успаміналі толькі тады, калі налівалі, ды Кулакоўская й не засмучалася з гэтае нагоды, седзячы на каленях у Жоры, які мэлянхалічна курыў імяніньніцы ў вуха. На нейкі момант стала цішэй, дзяўчаты старанна пераймалі сваіх пакінутых у Сонцаградах і Торфагорсках мамаў, кожная звычна скардзілася на лёс ды падпірала рукой падбародзьдзе, у кожнай вочы засьціла кінэматаграфічная бабская журба... Вераніцы спадабалася такая атмасфэра, яна павярнулася да сваёй суседкі, незнаёмай фарбаванай бляндынкі з мышыным тварам, і раптам пачала распавядаць пра выгоды абранай імі прафэсіі. Тая спачатку зьбянтэжана маўчала, ківаючы, а потым пачала ржаць, Вераніка засьмяялася таксама, але потым ёй здалося, што фарбаваная з чымсьці ня згодная, і Вераніка надзвычай лягічна пачала адстойваць свой пункт погляду.
Яна казала вельмі пераканаўча, даводзілася перакрыкваць цэлы стол, яна махала рукамі: высьветлілася, што ўсе замоўклі й глядзяць толькі на яе, глядзяць і зьдзекліва пасьміхаюцца. Ды толькі Вераніку было не спыніць. Фарбаваная ледзь ня падала тварам у талерку, поўную недапалкаў... Тут рот Веранікі заляпілі нечыя моцныя, з даўгімі кіпцямі пальцы, Вераніка намагалася іх скінуць, але рукі ня слухаліся, абмяклае цела гарэла. “Разыйшоўся Трулік”, – сказала Кулакоўская. “Піць нават бабе трэба ўмець,”— важка прамовіў з-пад яе Жора. Пальцы на вуснах Веранікі ўжо зьбіраліся расьціснуцца, але ім спадабалася гэтая гульня, і яны націснулі мацней, гэтыя пальцы з доўгімі пазногцямі, з пахам цыбулі. Вераніка пачала дрыгаць нагамі, талеркі на стале весела зазьвінелі. “Задушыш”, – дабрадушна сказала Маша, якая сёньня чытала даклад аб Насовічу. “Ды не,” – прамовіў сыты голас за сьпінай Веранікі, і тут жа Жора, ня скідваючы Кулакоўскай, узяў гітару, правёў па струнах: “Не, як яна яе задушыць?.. А нос для чаго?”. І ён усё ж скінуў з каленяў Кулакоўскую, узяў акорд і фальшыва працягнуў: