Чаму ж я кажу, што перада мной Вераніка? Яна даўно й бяз права на абскарджаньне ўкараціла свае валасы, зусім ня чорныя, а сьветлыя, бы птушынае пер’е, кропля кавы ў кубку з малаком. У целе Веранікі незваротна пераважала Поўнач, а Поўдзень праглядваўся хіба што ў бровах ды абрысе сьпіны. І – увага! – унізе яе жывата не было гэтага цёмнага паўкола, выразнае паласы, самая ніжняя кропка якой даходзіць амаль да лабка, а канцы схаваныя там, дзе звычайна напінаецца сантымэтр шаўца, які мерае талію кліенту, – паласы, якая ясна паказвае, што на патрэбу з чароўнага торсу гэтае жанчыны можна зьняць накрыўку. І я ніводнага разу ня бачыў, каб смочкі Веранікі (не настолькі ружовыя ды празрыстыя, з удалым дамешкам брунатага) паўставалі так высока і аддана са сваіх маленькіх кратэраў, хаця ўсялякае магчыма, я даўно ня бачыў яе грудзей. І пэрлінаў на шыі яна не насіла. У Веранічыным целе было нашмат менш акругласьці, больш косткі, больш волі. Пальцы на нагах былі меншыя, і твар хударлявейшы. Але гэта яна, яна, я бачыў яе менавіта такой, у гэтай самай позе, гэткай жа маладой і адкрытай для маіх вачэй, я бачу яе цяпер, такой голай-гульнёвай-гладкай, і нішто ўва мне не заходзіцца ад узбуджэньня, чыстае таемства сузіраньня; і няхай яе падабенства (Яе Падабенства) сядзіць цяпер нерэальна далёка адсюль у стэрыльным сваім кабінэце й нэрвова тузае туфлі пад працоўным сталом, ня верце – там, у неразмарожанай краіне, толькі яе наццаты сьлепак, сапраўдная Вераніка тут, пада мной, як калісьці, Вераніка з крыві, скуры й мяса, Вераніка з навек застылага воску.

Герцаг-студэнт – так, мажліва, называлі яго самыя разумныя зь лёкаяў. Пэтэр Леапольд фон Габсбург Лятарынгскі, герцаг Тасканскі! – гучыць як цяжкая кавалерыя. Але мяккія, чулыя, прыпухлыя, цікаўныя вусны, якімі абзавёўся нават ягоны бронзавы бюст, не выдаюць ў герцагу ні тырана, ні ваяку. Менавіта ён вырашыў стварыць у Флярэнцыі музэй фізыкі й прыродазнаўчых навукаў, які пазьней сталі называць проста La Specola, абсэрваторыя. Па-нямецку гучыць бадай што яшчэ рамантычней: Sternwarte, ці зорная варта. Воскам гэтыя словы ня пахнуць – што ж, і мэдыцына ня пахне мёдам. У 1771 годзе ад Н.Х... Але к чорту такі стыль! За чатыры гады (неверагодная хуткасьць для тых часоў) у Флярэнцыю былі зьвезеныя дзясяткі экспанатаў, і 21 лютага музэй адчыніўся. Раніцай яго маглі наведаць усе добрыя хрысьціяне, па абедзе ж доступ быў адкрыты толькі для тых, хто займаўся мастацтвам або навукаю. Кіраваць музэем герцаг прызначыў “аднаго з найадукаванейшых людзей свайго часу”, як любяць пісаць сучасныя хранічныя храністы. Фэлічэ Фантана з Равэрэта быў, уласна, дацэнтам лёгікі, а значыць, музэй мэтафізыкі падыйшоў бы яму больш, чым фізычны, аднак і хімія, і мэдыцына былі яму зусім не чужыя. І герцагскі пратэжэ з запалам узяўся за працу. Праз дваццаць гадоў экспанатамі былі цалкам запоўненыя ўжо восем заляў.

Воск. Ім ахвотна карысталіся яшчэ старажытныя рымляне, і ня толькі празь бясконцае багацьце магчымасьцяў, безь якога задыхаецца любы мастак, – воск быў значна падатлівейшы за бронзу. На працягу стагодзьдзяў воск абслугоўваў у асноўным розных, часам вельмі непадобных і варожых паміж сабой багоў, і з асьветленых паходнямі халодных, душных і цесных задніх пакояў трапіў нарэшце пад клятчастае, рознакаляровае, прыцішанае сьвятло сярэднявечча, а затым – проста на шырокія далоні Тыцыяна й Леанарда. І вось служанка, спалохана перажагнаўшыся, палівае вадой са збаночка на рукі майстра Дзумба з Сыракузаў, які азіраецца на сонечную нару зробленага ім вуха. Менавіта з таго часу пачаліся гэтыя спробы выкарыстоўваць воск для імітацыі таго заўсёды ювэлірнага абсталяваньня, якім да верху напоўненае чалавечае цела, – цёплага, мокрага, якое вечна будзе несьці ў сабе колішнюю мімалётную пяшчоту свайго стваральніка.

...Як мне зразумела гэта!.. Ніводзін з майстроў, якія рабілі для флярэнтыйскага музэю васковыя мадэлі чалавечых органаў і іх уладальнікаў, не раскрываў сакрэту свайго майстэрства. Ім гэта і ў галаву не прыходзіла, бо любое мастацтва памірае ад тлумачэньняў. І можна колькі заўгодна казаць пра наш тэхнагенны век – тыя, хто жылі ў васямнаццатым стагодзьдзі, гэтаксама наракалі на залішні рацыяналізм сучаснасьці ды абагаўленьне матэрыяльнага. А гэта ж быў блаславёны час, калі мастацтва й навука йшлі поруч, і ніхто зь іх не задумваўся пра развод або шлюбную дамову.

Перейти на страницу:

Похожие книги