У той дзень, калі я, яшчэ не зусім адвучаны ад грудзей правадніцы, выйшаў на пэрон таго падазрона пустога вакзалу й некалькі хвілінаў змагаўся з жаданьнем заскочыць назад і прывязаць сябе да дзьвярэй купэ, мне здавалася, што я больш ніколі ня ўбачу Вераніку. І вось праз паўтара года я атрымаў ад яе поўны нязначных навінаў і пустых усьмешак ліст. Да яго яшчэ было нешта прымацаванае, але я проста захаваў гэта ды перайшоў да іншае карэспандэнцыі. Пагатоў там было што пачытаць. Лідэры супраціву ўпэўнена казалі пра тое, што зьбяруць на плошчы сто тысяч – як па мне, дык у гэтым адчуваўся пэўны пэсымізм, нягледзячы на лічбу, якая гарэла рашучым сінім полымем, – бо месяц таму яны абяцалі сабраць дзьвесьце. У лягеры ўжо сядзеў мой блізкі знаёмы Я., і гэта было гэтаксама, як захварэць і ў апошнюю хвіліну здаць квіток на самалёт, які праз гадзіну палёту ўпаў у акіян. Затое адтуль нейкім чынам уцёк адзін зусім яшчэ юнак з нашых, дзе ён цяпер – ня ведалі нават самыя абазнаныя мае прыяцелі. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Мсьціўцы” выступілі з заявай, у якой зрабілі другое папярэджаньне ўраду й высунулі новыя патрабаваньні, пры невыкананьні якіх пагражалі перайсьці да вымушанага тэрору. Я чытаў усё гэта, і за сяброўскім тонам лістоў ясна чуў раздражнёнае бурчэньне. Ім – тым, хто яшчэ нядаўна ставіў мяне ў прыклад – здавалася, што ёсьць нешта больш важнае за цягнікі ІСЕ, што езьдзіць на іх ад Альпаў да Паўночнага мора й назад, замест таго каб гуляць у валейбол у лягеры й даваць інтэрвію замежным журналістам, – здрада. Я выпіў пасьля гэтага зашмат грапы й заснуў з пультам ад тэлевізара ў руках.
Прымацаваны да ліста Веранікі дакумэнт я адкрыў толькі праз два дні. Ён аказаўся пусты, проста белы ліст, я спачатку зьдзівіўся такім пераменам у ёй, ніколі ня думаў, што Вераніка адкрые ў сабе схільнасьць да такіх пэрформансаў. І толькі потым на гэтай шматзначнай пустаце праступіў, як патаемнае пасланьне пад сьвятлом лямпы, яе фатаздымак. Вераніка прамяніста ўсьміхалася. Гэта было нейкае радыяцыйнае выпраменьваньне. Яна зірнула за маю сьпіну, і з таго часу я не магу пазбавіцца адчуваньня, што й тут – і тут, дзе мець лёд замест сьпірту ня лічыцца грахом – за мной сочыць нехта, каму я забыў сплаціць даўгі.
Манаманія Эгея апанавала мяне, і цела Веранікі рассыпалася па падлозе старога дому, дзе я жыў, разьляцелася на бліскучыя часткі, крышталёвы пазл, мазаіка водараў, шматочкі скуры, калекцыя мядзяных успамінаў – не раўнуючы зубы колеру слановай косткі, што выпалі з разьбітага куфэрачка пахаванай Эгеевай нявесты.
***
Пакуль ён адчыняў дзьверы й потым доўга вяртаў іх на месца, Вераніка была для яго ўсяго толькі цёмнай плямаю за сталом, бястварым манэкенам у чорным касьцюме, з-пад пахаў якога лезла ў кабінэт сонца. Ён сеў і нецярпліва расклаў перад ёй паперы, заўважыўшы мімаходзь, як нырнулі ў туфлі маленькія ногі з малінавым лакам на пазногцях; адкашляўся, гледзячы ўбок. Ён ня вельмі верыў у посьпех. “Жвалевіч” – прачытала Вераніка, – “Я, Жвалевіч М.Я., ...”. Яна падняла галаву: ад наведніка, маладога яшчэ, падазронага выгляду чалавека, бясспрэчна патыхала танным віном. Міжволі яна пасунула трохі да сябе манітор – ці мала што ў гэтага Жвалевіча наўме. І нічога ж ня зробіш: ня будзе ж міліцыянэр унізе правяраць кожнага, хто завітвае ў адміністрацыю. Яна нахмурылася ды адклала заяву:
– Так, таварыш Жвалевіч. Працьверазееце – прыходзьце. Тады й будзем разглядаць ваш запыт.
Наведнік пакрыўджана дастаў з рота тоўсты ком гумкі ды паклаў локці на стол. Але было відаць, што да такога павароту ён быў гатовы.
– Я цьвярозы як шкло... Што гэта вы? За каго мяне?.. Пастойце, пастойце...
Жвалевіч нахіліўся над сталом ды потым гістэрычна зарагатаў, адкінуўшыся ў крэсьле:
– А я чую, знаёмы голас! Пастой, пастойце... Ды як жа цябе звалі? Ты ж Вераніка!
Вераніка пачырванела ад нечаканасьці, невядомы Жвалевіч, які сядзеў цяпер у вольнай, свойскай такой позе, тым часам выцер сьлёзы й задаволена грукнуў запясьцем аб сьпінку крэсла. І тады яна раптам усё ўзгадала: гэты заўсёды зьнянацку абрынуты на яе галаву боль, і ягонае рэха ў каранях валасоў, і сьлёзы, якія, як яна ня стрымлівалася, абавязкова праступалі ў вачох... І спакойны, разважліва-зьдзіўлены твар ззаду. А прайшло ж ня так шмат часу.
Перад ёй сядзеў, усё яшчэ шчэрачыся, але ўжо паступова набываючы больш пачцівы выраз твару, пакамечаны бязладным жыцьцём (дрэнная нерэгулярная ежа, адсутнасьць жаночае пяшчоты, танны няякасны алькаголь, набор кепскіх звычак і, адпаведна, запаволеных, непрыстойных, дробных хваробаў) аднагодак. На аднагодка ён, натуральна, ужо не цягнуў: так, напаўмужчынка, такому б жанчыну, катлеты на пары ды бясплатную пуцёўку ў санаторый. А валасы Веранікі ўсё памяталі, і зьвінелі цяпер па-камарынаму, і дарэмна Вераніка варушыла паперы на стале, каб заглушыць гэты злапамятны, зласьлівы ціск. Нарэшце яна шырока, але неяк крывавата ўсьміхнулася:
– Прывітаньне.