Але ёсць нейкія варункі творчыя, што ўжо мелі ў нечым падобныя спробы на ўзмежжы XIX-XX стагоддзяў, у 20-я гады, у сённяшнія дні. Гэта славеснасць, што не супадае з класічнымі, тысячагоддзямі выверанымі правіламі, не толькі формамі, але перш за ўсё зместам, які абумоўлівае адпаведныя формы. Не супадае зместавым напаўненнем, відавочнай устаноўкай на ўскладненасць, неадпаведнасць слоўнага выяўлення сэнсу, калі і сімволіка выдаецца занадта просталінейнай, перавага аддаецца слоўнаму коду, шыфру. Паэтаў такіх у нашай, у асноўным старакласічнай традыцыйнай паэзіі не так многа. У першую чаргу Алесь Разанаў. Пра яго пісалі, і нямала. У тым ліку і такія ўдумлівыя, не з тых, што трымаюцца толькі іерархіі густу, літаратары: У. Калеснік, В. Вітка, А. Сідарэвіч. Ёсць у паэта і свая чытацкая аўдыторыя — найбольш фізікі, увогуле навуковыя супрацоўнікі з галін дакладных навук, мастакі, студэнты. Мабыць, гэта і не выпадкова. Менавіта гэтыя чытачы бачаць у яго творчасці не разумовы хаос, а сугучнасць навуковым ведам, навуцы на ўзроўні XX стагоддзя, калі ўсе ісціны аспрэчваюцца, усе паняцці, што здаваліся на працягу тысячагоддзяў непахіснымі, сталі адноснымі — час, прастора, непадзельнасць атама. І яны згодны ў кожным слове паэта бачыць «цэлы комплекс паняццяў, больш важных, як прамое значэнне слова» (Е. Ярмілава).

Паэзію Разанава зацята прымаюць і яшчэ больш зацята не прымаюць. Але з'яўленне яго ў беларускай літаратуры — з'ява невыпадковая, яго паэтычныя вопыты — гэта адбітак светапогляду пэўных, хай сабе і нешматлікіх сацыяльных груп, адказ на іх эстэтычныя запатрабаванні. У самога ж Разанава мне гэта падаецца натуральным працягам тых пошукаў, што былі выяўлены ў традыцыйнай форме, але ішлі ад законаў фізікі, былі навеяны роздумам «нефілалагічнага» парадку. Памятаеце ягонае: «І білі звонкія ранеты/Па выпадковай галаве./А адкрыццё брыло начамі/Пад гоман рэчак і асін/У выпадковасці адчайнай/ Невыпадковае зусім». Магчыма, так. Ад Ньютана да Эйнштэйна. Пашыраныя далягляды навукі не аднаго яго звабілі сваёй нечаканасцю і неабмежаванымі магчымасцямі. Што яї, магчымасці мастацтва таксама невычэрпныя. Але ці перасякаюцца тыя паралельныя па Лабачэўскаму?

Паэзія спрыяе думцы. Высветліць раптам тое, што бачыў неаднойчы і неяк не звяртаў увагі. Напрыклад, у Панчанкі:

Нездарма ў мастакоў старажытнай парыУ суровых трагічных карцінахІ ягняты на лузе,І малыя звяры,І анёлы з усмешкай дзяцінай.

Сапраўды — Цінтарэта, Кранах, Дзюрэр — у іх нават на Галгофе будуць тыя істоты з прасветленымі абліччамі. Дзеля раўнавагі? Хутчэй — дзеля напаміну вечнай існасці жыцця.

І мы ўгадваем гэты пазатэкставы фактар верша Панчанкі, як і адчуваем жывы вопыт яго паэзіі, ужо напісанага і намі чытанага, калі знаёмімся з новымі яго творамі. Як адчуваем, што для Міхася Стральцова, вядомага сваімі няпростымі ўрокамі ў многіх жанрах, паэзія — адна з формаў яго існавання. Існавання, што ўвесь час патрабуе дапытлівага роздуму, небесстаронняга стаўлення да рэальнасці.

Матыў лірычны, адмысловы,У важнай думе ці журбе —Ён неабходны, каб па слове,Паэце, верылі табе.Яно, канечне, слова — лекі.Дык што ж — узяў і прапісаў?А што, як скажуць чалавекі:Мой лекар, вылечуся сам?

Тут — іронія — выяўленне той эстэтычнай рэфлексіі, што ідзе ад вераспавядальнай выпакутаванасці, першасутнаснай быційнай няўхільнасці. Залог душэўнай раўнавагі лірычнага героя — у нармальным успрыманні жыцця, у натуральнай згодзе са светам, у накіраванасці розуму і пачуцця на прасветленасць і паўнацэннасць быцця. Нават калі часам лірычнаму герою М. Стральцова падасца, што «гэты дзень, / Святло якога дагарае,—/Не пакідаючы надзей,/Са мною разам памірае», дык прасвятленне, ачышчэнне, катарсіс для яго абавязковыя як для чалавека, выхаванага на класічных традыцыях, замацаваных у лепшых сваіх выявах сённяшнім нашым днём:

Цень-цень, сініца! Добры дзень!Жывеш? Сваім званочкам чыстымЗімовым ранкам прамяністымІ абудзі і абнадзей.
Перейти на страницу:

Похожие книги