Апавяданне невялікае — сем старонак, а характары акрэслены хораша, асабліва Ясь і Вінцусь. У словах малады празаік ашчадна, гаспадарліва адбірае толькі тое, што ёй канкрэтна спатрэбіцца ў апавяданні. Яна дае нам адчуць хараство летняга дня, але сродкамі скупымі, прадуманымі. Тут лёгка было спакусіцца нават не прыгоствамі стылю, але добрым веданнем матэрыі і параскашавацца словам, апісваючы тыя мурагі. Хрысціна ж Лялько ўвесь час трымае пад увагай, што гаворка пра людзей, якія не на пікнік выбраліся і настрой у іх адпаведны. Яны працуюць. Разумеюць і цэняць прыгажосць, калі мець на ўвазе галоўнага героя, Яся, але не сузіральна — ах, як хораша! ах, якое паветра! Ясь — натура тонкая, зварушлівая. Аднак усё, што вакол яго,— не ваблівы антураж, не повад для любавання, а зямля, з якой ён адчувае сваю еднасць і ў красе яе і ў работнай повязі з ёю. Для яго паняцце «зямля-карміцелька» не адстароненае. Таму так коратка скажацца ў апавяданні: «цнатлівае хараство наваколля». І мы ўявім сабе гэтую росную свежасць — недзе а чацвёрдай гадзіне раніцы — толькі што народжаны дзень. Зразумеем, як працінае Ясеву душу «адчуванне імгненнасці гэтае прыгажосці»: пад касой нікне свежае жывое хараство — які «букет» кветак і траў! Аднак ён тут жа па-сялянску цвяроза разважыць: «...так на Зямлі ад веку, такі непарушны закон існасці ўсяго жывога на свеце». Закон існасці — трохі высакавата для вяскоўца Яся, але пісьменніца мае права ва ўскосным маналогу так высловіць тое, што адчувае Ясь. А вось гэтае непадробнае, так бачыць зямлю касец, працаўнік: «Пакорліва паддаваліся, падалі ружовыя, трапяткія маланкі, падатліва-мякка слаўся ў пракос духмяны, у зялёных, што маладыя гуркі, стручках аер, купчаста клалася густая, як сцягнуць касою, балаціна, пахла свежаю рыбаю, рачным глеем, водарасцямі».

Зноў жа не будзе Хрысціна Лялько карункі-вышыванкі плесці ў «Бярэзніку на загонах». Некалькімі штрыхамі акрэсліць, што жывіла столькі гадоў душу Сцяпана і яго жонкі — бярэзнічак-самасей: «Забелаў бярэзнік пачынаўся адразу за хатаю. Малады, выносны, цягнуў светлаю шырокаю палосаю ўніз, да невялічкага, абмялелага лужка і ўжо там, у самай нізіне, прападаў, саступаючы месца цубкаму, радкаватаму ў лазе, алешніку».

Не выпадкова пачынаю гаворку з таго, як створаны апавяданні Хрысціны Лялько. Апавяданні, як ужо згадвалася, не вылучаюцца ні своеасаблівасцю тэматыкі, ні значнасцю сюжэтаў, ні незвычайнымі героямі. Нешта падобнае мы зможам заўсёды знайсці. Скажам, літаратурны генезіс таго ж «Бярэзніка на загонах» можна цягнуць ледзь не да някрасаўскага «Плакала Маша, как лес вырубали...». А ў «Мурзы» знайсці папярэднікаў ад тургенеўскага «Муму» да «Белага Біма чорнае вуха». Г. Траяпольскага ці апавяданняў Карамазава. Але Хрысціна Лялько ў лепшых сваіх апавяданнях зрабіла тое, што робіць у такіх выпадках мастак,— сказала па-свойму. А тэма дабраты, тэма людскасці ў адносінах да ўсяго, што ёсць на зямлі,— яна ж ніколі не вычарпае сябе. Тым больш што ў сённяшнім свеце прыватная тэма: згуба бярэзніку або браканьерства набывае — вяду гаворку пра гэта без іроніі — відавочную сацыяльную афарбоўку: экалогія, ахова асяроддзя. Ды і маральныя вартасці кожнага чалавека — яны таксама заўсёды сацыяльную падаплёку маюць. Драпежныя інстынкты Вінцуся з «Касцоў» або Гэнькі з «Бярэзніка на загонах», што ніяк не ўсцешыцца палівам («на гадоў дзесяць бярозавых назапасіў») — яны ж умомант больш адказны азавуцца. І, мабыць, наўрад ці паспагадае людзям чалавек, які вырашыў забіць сабаку, што ўсё жыццё верна служыў свайму гаспадару («Мурза»).

Перейти на страницу:

Похожие книги