На перакуленай сярод стала місцы міргала газнічка, агеньчык яе тужліва закалаціўся ад марознага паветра. Стараваты, з каротка пастрыжанай сівой барадой чалавек, які, аблёгшы на стол, сядзеў за газнічкай у накінутым на плечы кажушку, узняў голаў. На яго старэчым, хоць і даволі яшчэ цвёрдым, твары коратка бліснуў сцюдзёны позірк, які адзін толькі і сведчыў пра тое, што ён убачыў захожых. Тут жа, аднак, вочы яго і патухлі пад асаджанымі на іх бровамі.
- Добры вечар у хату, - са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак.
Вядома, можна б і без гэтых вітанак з нямецкім прыслужнікам, але Рыбак хацеў развеяць напружанасць першай сустрэчы. Стары, аднак, не адказаў і не ўстаў з-за стала, толькі паглядзеў на іх з быццам нават нездаволенасцю на сівым твары.
Ззаду ўсё валіў холад - Сотнікаў няўмела бразгаў дзвярыма, якія не зачыняліся. Рыбак вярнуўся і са звыклым стукам зачыніў дзверы. Гаспадар нарэшце выпрастаўся за сталом, не мяняючы, аднак, спакойнага выразу твару, - нібы ён і не здагадваўся, хто гэта, такія познія госці.
- Ты будзеш стараста? - афіцыйна запытаў Рыбак, валюхаста тупаючы ад дзвярэй да стала. У намёрзлых трафейных ботах было трохі коўзка, і ён стрымліваў свой крок на падлозе.
Стары загарнуў таўшчэзную кніжку, якую перад тым, мабыць, чытаў ля газнічкі.
- Стараста, ну, - сказаў ён роўным, без ценю пагарды або ліслівасці голасам.
У той час у запеччы штось шаснула, тупнула, і з-за шырмачкі, папраўляючы на галаве хусцінку, з'явілася не надта старая, бялявая з твару і, відаць па ўсім, рухавая кабета - мусіць, гаспадыня гэтае хаты. Рыбак зняў з пляча і прыставіў да ботаў вінтоўку.
- Ведаеш, хто мы?
Стараста паварушыўся за сталом, нацягнуў на плечы кажух.
- Здагадваюся. Але калі па гарэлку, дык няма. Усю забралі.
Рыбак усмешыста зірнуў на Сотнікава: стары смоўж, ці не прымае ён іх за паліцаяў? Зрэшты, так, можа, і лепей: справа, што прывяла іх сюды, гонару партызанам не прыбавіць. Захоўваючы, аднак, спакойную самавітасць, Рыбак сказаў:
- Што ж, абыдземся без гарэлкі.
Стараста памаўчаў, нібы штось згадваючы, і пасунуў на край міску з газнічкай. На хаце стала відней.
- Калі так, сядайце.
- Ага, сядайце, сядайце, дзеткі, - узрадавалася запрашэнню гаспадара кабета. Яна ўхапіла ад стала ўслон і пасунула яго бліжай да грубкі, у якой, відаць было, дагаралі дровы. - Во тут цяплей будзе, мусіць жа, намерзліся. Мароз такі...
- Можна і сесці, - пагадзіўся Рыбак, але сам не сеў, кіўнуў Сотнікаву: - Сядай, грэйся.
Сотнікаў адразу апусціўся на ўслон і прыпёрся спіной да пашкрэбанага боку грубкі. Вінтоўку трымаў у руках, нібы апіраўся на яе, пілотку на галаве нават не паправіў - як была глыбока насунута на памарожаныя вушы, так і асталася. Рыбаку рабілася ўсё цяплей, ён расшпіліў на два гузікі свой кажушок і піхнуў з лоба шапку. Гаспадар меў незалежны, нібы нават абыякавы выгляд, а яго кабета, склаўшы на жываце рукі, насцярожана і трапятка сачыла за кожным іх рухам. «Баіцца», - падумаў Рыбак. Ён пратупаў сюды-туды па хаце, нібы незнарок зазірнуў у цёмны запечак і спыніўся ля чырвонай фанернай шафы, якая загароджвала ложак.
Гаспадыня зважліва саступіла ўбок.
- Там нікога, дзетка, нікога.
- Што, адны жывяце?
- Адны. Во з дзедам так і капцім свет, - тужліва адказала кабета. І раптам - не прапанавала, амаль запрасіла: - Можа б, вы паелі чаго? Можа ж, галодныя, га? Пэўне ж, са сцюжы, без гарачага...
Рыбак унутрана ўсміхнуўся і пацёр рукі.
- Можа, і з'ямо. Як ты думаеш? - знарок разважліва, бы з неахвотай звярнуўся ён да Сотнікава. - Падмацуемся, калі пані старасціха частуе.
- Во і добра. Я зараз! - узрадавалася кабета. - Капустачка, пэўна, цёплая яшчэ. І гэта... Можа, бульбачкі зварыць?
- Не, варыць не трэба. Няма калі, - рашуча вырашыў Рыбак і скоса, назіркам паглядзеў на старасту, які, аблёгшыся на стол, нерухома сядзеў у куце.
Над ім цьмелі пад ручнікамі тры старасвецкія абразы. Рыбак пратупаў ботамі да прасценка і спыніўся перад вялікаю зашклёнай рамай з фатаграфіямі. Ён знарок не пазіраў на старасту, але адчуваў, што той таксама спадцішка сочыць за ім.
- Значыць, немцам служыш?
- Прыходзіцца, - уздыхнуў стары. - Што ж зробіш?
- І многа плоцяць?
Пытанне было знарок з'едлівае, але і на яго гэты дзед адказаў роўна і з годнасцю:
- Не пытаўся і знаць не хачу. Сваім абыдуся.
«Ганарлівы, аднак, - падумаў Рыбак. - З характарам».
У бярозавай раме на сцяне сярод паўтузіна розных фота ён выглядзеў маладога, чымсь падобнага да гэтага дзеда, хлопца ў гімнасцёрцы з артылерыйскімі эмблемамі ў пятліцах і трыма значкамі на грудзях. Было ў яго поглядзе нешта грунтоўна-спаважнае, упэўненае і ў той жа час па-маладому наіўнае.
- Хто гэта? Сын, можа?
- Сын, сын, Толік наш, - ласкава пацвердзіла гаспадыня. Цераз плячо Рыбака яна таксама зазірнула на фота, трымаючы ў руках міску.
- А цяпер дзе ён? Не ў паліцыі часам?
Стараста падняў насуплены твар.
- Не ўсе ж, як некаторыя. На фронце, во дзе.
Старасціха паставіла на стол міску з капустай і загаманіла:
- Ай, Божачка, як пайшоў у трыццаць дзевятым, дык і ўсё. Ад самага лета ні слыху ні дыху. Хоць бы ведаць, ці жывы хаця.