Дамоў я пісаў бадзёрыя ўсцешныя лісты, адмовіўся ад грашовых пераводаў, урэзаў свой бюджэт, каб паслаць сям’і якую капейчыну. Пасылкі часам прыходзілі ад стрыечнага брата, хірурга Мікалая Бобрыка. Ён мне быў за бацьку ў студэнцкія гады і на ўсіх маіх пакутніцкіх дарогах. Пасля вайны ён дэмабілізаваўся 390 Сяргей Грахоўскі ў званні падпалкоўніка медыцынскай службы і прыслаў мне свае боты, гімнасцёрку, брыджы і амаль новы шынель. Пасля сваіх вышмуляваных у камерах і на этапах неданоскаў у новым абмундзіраванні я выглядаў больш салідна. На мяне пачалі скоса глядзець занадта пільныя настаўніцы, а камендант, угледзеўшы такога ссыльнага, сур’ёзна сказаў: «Вы не маеце права насіць камсастаўскае абмундзіраванне. Ці не ўцякаць сабраліся?» — «Ад вас не ўцячэш. Мы ж вечныя. Я не пазбаўлены выбарчых правоў. Магу выбіраць, а значыць, і быць выбраным. Што скажаце, калі абяруць старшынёй ну хоць бы сельсавета? Га? Тым больш маю права насіць усё, апрача пагонаў і блакітнай фуражкі». Ён пачырванеў, сцяў зубы і прасіпеў: «Трэба болей слухацца і меней пярэчыць, а то надта разумны і лезеце не ў свае справы. Сігналы ў нас ёсць... не забывайцеся. Ха-ха-ха. Стар-шыня! Чаго захацеў!» — «Нічога асаблівага. Ссыльны Салтыкоў-Шчадрын быў вяцкім віцэ-губернатарам і пакінуў па сабе добрую памяць». Ён гэта, відаць, чуў упершыню і паглядзеў на мяне, як на вар’ята. «Ідзіце! Бяда з гэтымі вучанымі».
Сібірская вясна бурная, іскрыстая, сонечная, з шумнымі і віратлівымі паводкамі. Лажкі і нізіны становяцца азярынамі. Біязінка вырываецца з берагоў, а шырокая, зарослая чаромхаю, тальніком і глогам Тара ломіць пабурэлы лёд, крышыць крыгі і залівае па самыя макаўкі ўсё наваколле. Мясцовыя рыбакі спускаюць на ваду лёгкія асінавыя чаўны, з дарожкамі, восцямі, «павукамі», плывуць па разводдзі і вяртаюцца з чырванапёрымі акунямі, даўгарылымі шчупакамі і мноствам срабрыстых чабакоў. У затопленых кустах плёскаецца, гукае, крычыць і свішча ашалелае ад цяпла, вясны і шчасця мноства пералётнага птаства. А мне ўспамінаюцца вясна на Пцічы, набухлыя кусты бэзу, бухматыя жоўтыя коцікі на вербах, качыны гон над разводдзем і шчаслівыя, поўныя спадзяванняў гады майго юнацтва. I такі агортвае сум, такі боль гняце сэрца, што і выказаць нельга нікому. У кожнага сваё гора, свой сум. Чакаю лета і спадзяюся пабачыцца з жонкаю. У лагеры чакаў яе на «свіданку», а тут у адведзіны.
Сышлі снягі, апалі паводкі, падсохлі груды, пацвярдзела густая, як асфальт, гразь на дарогах. Тайгу завалакла шыза-зеленаватая смуга. Пакуль не ўзняліся хмары гнусу, усе спяшаюцца на лясныя дзялянкі рэзаць на зіму «веснадзельныя» дровы. За лета яны высыхаюць, як звон, і загараюцца ад аднае запалкі. Усе вялікія работы тут робяць талакою, як тут кажуць, «помачамі». Збіраюцца сваякі, бліжэйшыя суседзі, сёння паставяць шуркі аднаму, заўтра другому, пазаўтра трэцяму. Глядзіш, за некалькі дзён усе з дрывамі на ўсю даўжэзную зіму. Так косяць і стагуюць сена, ставяць дамы, садзяць і выбіраюць бульбу. Гэта спрадвечныя самыя працавітыя кааператывы, таварыствы ўзаемнай дапамогі. Ад помачаў ніхто ніколі не адмовіцца і не адмаўляецца. Ідуць мужчыны, жанкі, старыя і дзеці, і работа кіпіць, пакуль не будзе ўсё зроблена. Суровая Сібір прадыктавала свае мудрыя законы.
Адразу я не паверыў вачам. На пустым пляцы раніцаю былі выкапаны ямкі пад штандары з лістоўніц, а ўвечары на гэтым месцы стаяў ладны дом, толькі без печы і зашклёных вокан, у ім заліваўся гармонік, грукалі ў скоках, сакаталі прыпеўкі, да раніцы ішла гулянка. Вось і ўся плата за работу. Неверагодна. Праўда? А ўсё проста: зруб паставілі ў лесе, размецілі, падагналі кроквы і тоўстыя латы, накалолі плашак на столь, загадзя акасячылі вокны і дзверы, надралі на дах бяросты. Раніцай усё перавезлі на пляц і накінуліся, як мурашы, складаць, насцілаць мох, наворваць удзірванелы дзёран на дах. Увечары стаяў накрыты, як лялька, новы дом. А плата? Бітон густое салодкае бражкі і чыгун бараніны.
А колькі ж трэба дроў на зіму школе і кожнаму настаўніку, з разліку дванаццаць кубаметраў на душу? Вось думай і старайся, заўхоз. Толькі падсохла тайга і не падняўся гнус, тры старэйшыя класы — пяты, шосты і сёмы — разам з настаўнікамі ў лесе. Тут кожны з маленства прывучаны валіць з пня, пілаваць, калоць самыя кручаныя камлі, складаць роўныя паленніцы. Ішло нас на лесасеку душ каля ста, з песнямі, жартамі, штурхатнёй, кепікамі.
Лесапавал — работа небяспечная, а ў мяне дзесяцігадовы вопыт лесаруба, і я расстаўляю настаўнікаў і вучняў так, каб нікога і сучок не драпнуў, і сам завіхаюся з пілою і сякераю. Абедаць садзіліся ўсе разам: раскладалі жытнія шаньгі, адвараную бульбу, пірагі з тварагом і чаромхаю, запівалі малаком. Я са сваім акрайчыкам хаваўся за кучаю ламачча, каб ніхто не зжаліўся і не частаваў мяне сваімі шаньгамі.