Увесь дзень камера гудзе і кіпіць, як мурашнік. Праз закратаваныя і закрытыя «наморднікамі» вокны далятаюць з вуліцы шум, смех, асобныя галасы і словы. Там іншы свет, там воля, там шчаслівыя людзі. Яны смяюцца і не ведаюць, што іх чакае заўтра. Так некалі смяяўся і я, і мой смех, напэўна, чулі пакутнікі ў сутарэнні таямнічага дома на Савецкай вуліцы.
Асаблівае ажыўленне настае за гадзіну да абеду: усе снуюць, як галодныя драпежнікі ў клетках заапарка. У дзве гадзіны ў калідоры чуваць грукат, галасы, тупанне, соўганне дзежак па падлозе, даходзіць пах варанага турнэпсу і бручкі, такі прывабны і чаканы. Два крымінальнікі-баландзёры ўносяць цэбар гарачай баланды. Дзесяткі строяцца адзін за адным, стараста сочыць, каб ніхто не «закасіў» лішнюю порцыю. Ёсць у камеры і «шакалы». Яны хуценька апаражняюць сваю міску і прашываюцца з ёю пад кашуляю да цэбра. Варта толькі баландзёру адвярнуцца, як шакал імгненна зачэрпне самае гушчы і, душачыся, апякаючыся, глытае яе. Бі, штурхай — не адбярэш.
Па абедзе ўсе разыходзяцца па сваіх кутках, як цяпер кажуць, «па інтарэсах»; успамінаюць былі і небыліцы, прыгожае і сытае жыццё на волі, расказваюць цікавыя выпадкі і анекдоты. Ёсць выдатныя апавядальнікі-імправізатары. Яны па некалькі дзён расказваюць «романы» накшталт «Прыгод Мікодыма Дызмы», «Таямніцы палаца на востраве святой Магдалены». Яны найбольш хлусяць пра шыкоўныя палацы, пра каханне прынцэсы да бандыта, пра смелыя налёты і неверагодныя ўцёкі. Адзін з лепшых «раманістаў» Уладзімір Мяжэвіч. За гэта ён вызвалены ад вынасу парашы і збору посуду. Асабліва крымінальнікі слухаюць яго з разяўленымі ратамі, а ён вядомыя сюжэты аздабляе такімі падрабязнасцямі, што ў многіх аж дух займае.
Вечарамі стыхійна пачыналіся канцэрты. Васіль Шашалевіч ціха пачынаў сваім прыгожым тэнарам:
Прыпеў: «Динь-бом, динь-бом, слышен звон кандальный, динь-бом, динь-бом, путь сибирский дальний» — падхоплівала ўся камера. Кожнае слова, як стогн, выдыхалі з глыбіні душы. У многіх на вейках блішчалі слёзы. Наглядчыкі стукалі ў дзверы: «Прекратить! Староста, пойдешь в изолятор!» Песня пераходзіла на шэпт, але не змаўкала. Яе змяняла напісаная некалі нашым земляком Іванам Гольц-М ілерам папулярная на ўсіх этапах, у царскіх турмах «Слушай!». Тут ужо не зважалі на стук наглядчыкаў, больш за сотню глотак цягнула: «Слу-у-шай!» Калідорныя прыадчынялі дзверы, слухалі самі і толькі прасілі спяваць цішэй. Шашалевіч і Удовін дуэтам выконвалі «Не искушай», «Средь шумного бала», пісьменніцкі хор спяваў «Зорку Венеру». Аднойчы з вуліцы пачуліся воплескі.
Мы з Сяргеем Ракітам часта дэкламавалі вершы Купалы, Багдановіча, Багрыцкага, Маякоўскага, Лугаўскога. Струнеўскі на грабянцы з папяроснаю паперкаю імітаваў ігру на балалайцы і дайшоў да такой віртуознасці, што здавалася, гучыць сапраўдная балалайка.
Праз некалькі дзён у камеру ўварваўся начальнік корпуса і некалькі наглядчыкаў.
«Стараста, здаць балалайку!» — «Якую балалайку? Сюды іголку нельга пранесці, не тое што балалайку». — «Не аддасі сам, на дзесяць сутак загрыміш у карцэр, а камеру пазбавім прагулак і перадач». Усе маўчалі. «Прыступайце!» — загадаў ён наглядчыкам. Тыя рынуліся ператрасаць арыштанцкія транты, лазілі пад нары, капаліся ў печы і нічога не знайшлі.
«Гайдукевіч, прамым ходам у карцэр!»
Што такое карцэр у колішняй магілёўскай турме, я адчуў уласнай скурай і касцямі. Не давядзі гасподзь нікому туды трапляць. Горшых я не бачыў. Гайдукевіч стаяў па камандзе «смірна», камера маўчала. Да начальніка падышоў Струнеўскі са сваім грабянцом і зайграў «Турэцкі марш» з усімі пералівамі і варыяцыямі. Наглядчыкі разявілі раты. Закончыў і працягнуў начальніку грабянец. «Вазьміце. А балалайка вось тут», — і ён пастукаў сабе ў грудзі... «Ну артысты, маць в-а-шу вош», — начальнік вылаяўся і выскачыў з камеры, за ім, азіраючыся на Струнеўскага, выходзілі наглядчыкі.
Калі ўсё сціхла, Васіль Антонавіч заспяваў:
Да яго далучыўся Удовін, а потым і Афтар:
I пакацілася па камеры водгуллем: «Слу-у-шай! Слу-у-шай!»