У арцелі было хранічнае безграшоўе. Нам выдавалі «аванец» — пяць рублёў і пуд бульбы на два тыдні. Добра, што родныя часам прысылалі некалькі чырвонцаў, а то і пасылачку. Мае напарнікі былі майстрамі высокай кваліфікацыі. Вацлаў за доўгія гады выгнання зрабіў тры выдатныя скрыпкі, а тут недзе агораў мандаліну і часам вярэдзіў душу шчымлівымі мелодыямі: то ўзыходзіла «Зорка Венера» над полем, то плакала ў жыце «Перапёлачка», то кружылася віхурная «Лявоніха». У Кінаша з-пад фуганка выходзілі рэчы, як лялькі, а попыт на іх быў невялікі. Часам за калысачку або аконную раму перападала гладышка малака або кавалак убоіны.
У хаце Архіпа Лаўрова свайго кутка ў нас не было. Вечарамі вакол стала рассаджвалася вялікая сям’я німаката: канапаты рудзенькі Пецька рашаў задачкі, Паранька сукала ніткі, Моцька скубла пер’е, наша «планавая» гаспадыня Дзяменцьеўна смаліла на прыпечку толькі што скатаныя на продаж пімы. Іх далёка за поўнач у лазні валяў гаспадар. Пасля работы з грукатам абіваў ад снегу на ганку ногі, уваходзіў у хату ў воблаку халоднага паветра, доўга тупаў, шаргатаў лыжкаю па дне чыгунка, курыў, кашляў, мы прачыналіся. І завязвалася гамонка, так, ні пра што.
Часам у хату ўвальваліся пагрэцца падпітыя падарожнікі. Хатняе цяпло і хмель штурхалі іх на наш тапчан пры дзвярах, і ўжо на крайнім, а то на абодвух нехта сядзеў і не мог уцяміць, што гэта мяккае і цёплае пад ім варушыцца, ды яшчэ і спіхне.
Уся гаспадарская сям’я спала ў суседнім пакоі покатам на разасланай на падлозе кашме, каб цяплей было, накрываліся дохамі з сабачых шкур. Іх будзілі прыезджыя, запальвалі лямпу, з’яўлялася пляшка або бражка, і ледзь не да раніцы гула хата галасамі. Тут у наваколлі кіламетраў на паўсотню было трычатыры вёскі, і ўсе добра ведалі адзін аднаго. Дзверы звычайна ні ў кога на ноч не зашчапляліся, і калі трэба ў любую хату заходзілі, як у сваю.
Відаць, не соладка жылося і Вацлаву ў Керпіхі. Ён усё часцей падбіваў нас шукаць асобны пакойчык на траіх. Гэты клопат мы даручылі яму. Ён вельмі хутка асвойтаўся ў сяле: то шыбы шкліў, то дзверы падганяў, то папраўляў шырокія раззыбаныя ложкі. Расплочваліся хто чым мог. Яму і дамовіцца было лягчэй.
Нарэшце парадаваў: «Знайшоў». Мы гатовы былі адразу перайсці на новую кватэру, але ў нашым будучым пакоі яшчэ стаялі авечкі з ягняткамі. Трэба было ў прыгоне для іх адгарадзіць катушок, выкінуць угноеную салому, адмыць падлогу, пачакаць, пакуль вычхаецца авечы дух.
Дачакаліся. Пярэбары былі — як у таго жабрака: падперазаўся і пайшоў. Занялі мы маленькі пакойчык з дзіраваю плітою і замураваным наледдзю акенцам. Замазалі пліту, пабялілі закураную столь, разжыліся лямпаю і зажылі ў самай беднай і самай добрай у сяле ўдавы Палагеі Цімошыхі. Гаспадар загінуў на самым пачатку вайны, а яна неяк выкідалася з чатырма дзецьмі і кароўкаю да мірных гадоў. Большанькія, Тайка з Марыйкаю, памагалі маме на «фірме», а Ванька з Толікам у адных апорках пазменна бегалі ў школу. Большы прыбягаў з першае змены, страсаў у парозе «абуўку», меншы ўскокваў у мокрыя апоркі і ляцеў на ўрок.
Пасярод недагледжанай, заваленай нейкім ламаччам і старызнаю кухні з рання да ночы гула бляшаная печка, у засеку каля дзвярэй пускала белыя парасткі бульба. Кожны, хто прыбягаў з фермы або школы, набіраў яе, рэзаў тонкімі скрылёчкамі і налепліваў на гарачую бляху печкі. Падсмажаныя, яны адскаквалі, на іх фукалі і адразу адпраўлялі ў рот. Такое было снеданне і абед.
Хлеба ў гаспадыні не было: кілаграмы, атрыманыя з восені, даўно былі скручаны на жорнах і з’едзены. У магазіне калгасніку хлеба не выпрасіць. Так і жылі на бульбяных «пяцімінутках» ды на шклянцы малака. Калі нам у краме перападаў глёўкі «кірпіч» і мы садзіліся вячэраць, нячутна ў наш пакойчык пракрадаўся Толік. Ён моўчкі стаяў каля стала, глядзеў чыстымі і прагнымі вочкамі. Мы налівалі яму кубачак фруктовага чаю, адразалі па лустачцы хлеба і глядзелі, як прагна ён разам з намі вячэраў. Нам успаміналіся свае дзеці і думалася: можа, нехта пачастуе і іх.
Толя вельмі любіў маляваць. Яму даручалі пісаць лозунгі, і ён старанна на вялікім кавалку шпалераў разведзенай парцяною фарбаю выводзіў: «Спасибо Великому Сталину за наше счастливое детство».
Так мы жылі сваёю дружнаю арцеллю. Ідучы з работы, у торбачках з майстэрні прыносілі сухія смольныя абрэзкі і стружкі, весела гула наша пліта, булькатаў чайнік, пасля вячэры Вацлаў лажыўся на тапчан, клаў на грудзі мандаліну і паціху вярэдзіў нашы душы.