– Давай абярэм месцам сустрэчы блакітную мячэць, –прапанаваў я. Кіраваўся я пры гэтым звычайнай турысцкай логікай, называючы самы буйны будынак у цэнтры. Да таго ж, я жыў у файным гатэльчыку зусім побач, у Султан-Ахмед і выгадваў колькі хвілін сну, якога заставалася не так і шмат.

– Блакітную што?

Тут высветлілася адна непажаданка: яна не ведае, што такое mosque (мячэць). Яе ангельская была даволі неблагой, яна часам валодала даволі спецыфічнай лексікай, здолела прыгадаць, напрыклад, што willow гэта вярба. Аднак, як у любога, хто не жыў доўга ў моўным асяродку, час ад час здараліся экзерсісы невыказнасці. Напрыклад, яна доўгі час не магла згадаць ангельскі аналаг “відэльца”, калі мы праходзілі побач з той жанчынай, якая цыравала надзіманую лодку. Я не ведаю, як, у якім кантэксце вылез той відэлец побач з гумавым чаўном, аднак fork яна так і не прыгадала без дапамогі, тыкнуўшы мне ледзь не ў вока трохзубым рыбным відэльцам у “Бабушцы” ды запытаўшыся – “як завуць”?

– Blue Mosque, – цвердзіў я, але яна толькі рагатала. Я так разумеў, што слова “моск” мае нейкія цікавыя канатацыі ў яе моўным асяродку. Яна нават узгадала “моск”, прычым яе ўласны “моск” як аб’ект, які я намагаюся сімвалічна згвалціць.

–Mosque is a worshiping place for a muslims! – тлумачыў я, але слова muslim яна таксама не ведала. Тады я зрабіў апошнюю спробу, апеляваўшы да мінарэтаў як прыкметы the mosque. Я сапраўды дурань, бо мне прыйшло ў галаву, што калі я выкарыстаю складанае слова minaret, дык яна яго дакладна не зразумее. Таму я выкарыстаў слова pillar – я працягваў казаць, што Blue Mosque гэта месца, дзе шэсць pillars. Звычайна ў mosques чатыры pillars, а тут – шэсць.

Яна зноў не разумела. Яна не ведала слова pillar, і не было ніякага рэлігійна карэктнага спосабу, каб гэтае слова паказаць (мая спроба зрабіць гэта з дапамогай пальца атрымалася непрыстойнай).

Заўвага рэдактара (Я. П.): а як жа яна называла слуп ля твайго маёнтка, Джон?

Адказ: Янка, яна выкарыстоўвала слова column!

У роспачы я палез у кішэню і намацаў там кіпу візітовак з гатэлю, якія з нахабнай колькасцю памылак прапаноўвалі спа-працэдуры, лазню ды іншыя паслугі, якія могуць спатрэбіцца адзінокаму іншаземцу ў чужой краіне. У другой кішэні знайшоўся аловак. Я хутка намаляваў сілуэт Blue Mosque, пазнавальны купал, слупы мінарэтаў. Прынамсі, маляваў я няблага. Працягнуў ёй (у яе застаўся мой малюнак).

– А! Дык гэта блю моск? – cа здзіўленнем здагадалася яна. – Я не ведала англамоўнай назвы! У нас яна зусім па-іншаму завецца!

– Ля галоўнага ўваходу, добра?

– Добра, –пагадзілася яна.

Яна ўжо збіралася сыходзіць, але замерла і павярнулася да мяне. Што, якая думка прыйшла ёй у галаву ды змусіла гэта зрабіць? Не даведаюся, мабыць, ніколі.

– Вось што, Джон Вілаў. Ты ўсё роўна марадзёр, дык у мяне ёсць для цябе марадзёрскі падарунак. Раптам мы заўтра палаемся з-за тваёй ваяўнічай непісьменнасці ды няўвагі да роднай мовы, дык я і раздумаю… Магу. Дык бяры хутчэй, пакуль даю!

Яна працягнула мне тую палатняную ёлачную цацку, якую я ўжо бачыў у тэчцы. Трусік са збянтэжанай мыскай, якога нібы мамкі пазбавілі. Лялька была цёплай, здаецца, увесь час Наста не выпускала яе з рук. Мільганула думка пра пацалунак, але ж зразумеў: пакуль не назаву яе lips вуснамі (я не памятаў vousni), яна не дазволіць да сябе дакрануцца, дык я і спрабаваць не буду, бо не маю права.

– Гэтая цацка – мой талісман. Ён са мной з самага дзяцінства. Заўсёды прыносіў шанцаванне ды пачуццё бяспекі.

– Дык трымай яго! Табе бяспека больш патрэбная, чым мне!

– Ад такіх падарункаў не адмаўляюцца, Джон Вілаў. Трымай, бо гэтая рэч належыць табе. Гэтая цацка з маёнтку. Адзінае, што засталося ад твайго магчымага дзяцінства, якое ты страціў з-за руплівасці твайго дзеда, які вывез тваю будучыню і твой лёс у Амерыку. Лялька старая, дарэвалюцыйная, на палотнах твайго “рускага мастака” Жукоўскага такія можна пабачыць. Трымай. Хай табе шанцуе. Заўтра ў дванаццаць.

Мы паглядзелі адно на аднога. Лямантавалі чайкі над нашымі галовамі. Ах, як жа яны лямантавалі! Ці не гэта было папярэджаннем? Чаму я не пачуў папярэджанне? Потым яна ступіла ў цемру, а я выклікаў таксоўку і паехаў да сябе ў загрувашчаны фальшывым антыкварыятам гатэль.

Я засынаў, ахоплены ўзрушанасцю ад нашага знаёмства, засынаў, працягваючы мармытаць тыя нязвыклыя словы на мове, якія Наста мне спрабавала ўкласці ў галаву: у сне яны хутка ўсплылі ў падсвядомасці ва ўсёй сваёй квяцістасці, ах, як добра я размаўляў па-беларуску з дапамогай тых пяці назоўнікаў, якія паспеў пачуць! Якія складаныя сказы з іх утвараў! Прачнуўся я з “вуснамі” на ўласных вуснах. Мне падалося, што ў летуценні я ўспомніў беларускі назоўнік для lips, і хуценька, тым жа алоўкам, запісаў на адвароце яшчэ адной візітоўкі, каб не забыцца: гэтае слова мне сёння магло спатрэбіцца. Я захаваў гэтую сваю колішнюю гукапераймальную здагадку, яна ляжыць побач з маім лэптопам зараз, і я ўсміхаюся, гледзячы на помслівую пагарду мовы: “ousli” накрэмзана на візітоўцы хуткім усхваляваным почыркам.

Перейти на страницу:

Похожие книги