“Дык ты адзін жывеш? Ніхто да цябе не прыходзіць?” – вельмі ж яго цікавіў мой сямейны статус. “А дзе вы так мову вывучылі”? – паспрабаваў я памяняць тэму, але ён ужо кудысьці збег, вярнуўся з пухірыстым зялёным сакваяжыкам, у якім былі малюнкі, яго малюнкі, ён іх зрабіў на флоце –шматслоўна тлумачыў ён – бо ён служыў на флоце, спачатку на флоце, а потым – не на флоце.
Ён вымаў акварэлі з марскімі тэмамі (чайкі, хвалі, камяні, скалы, зоркі, караблі) і з хуткасцю калейдаскопу тыкаў мне ў вочы, нібыта штосьці даказваючы. Мне было дзіўна, бо частка з іх была напісана даволі дасканала ды, здаецца, жанчынай (чуллівасць і празмерная ўзрушанасць у кожным каляровым дотыку паперы), іншыя сапраўды былі падобныя да малюнкаў самавука-марака (тут былі ваенныя лінкоры з эрэктыльна ўзнятымі гарматамі, пяшчотна быў схоплены сюжэт “Пуск ПЗРК-300 у святле поўні”), трэцюю групу складалі акварэлі, зробленыя дзіцячай ці падлеткавай рукой ды не адной – тут была цэлая выстава твораў мастацкай школы сярэдніх памераў (гэтых можна было вылучыць па празмерна рамантычных адносінах да мора, якое перадавалася некалькімі шырокімі каляровымі палосамі з градацыяй ад вохравага плыткаводдзя да ўльтрамарынавых глыбіняў з абавязковым ветразем на гарызонце, геаметрычнасць якога была сапсаваная некалькімі неасцярожнымі рухамі пэндзля). Мой хуткі да ўспрымання жывапісу позірк выхопліваў у гэтым мігаценні акуратна заштрыхаваныя падобнымі колерамі подпісы ў правым ніжнім кутку – усім пачаткоўцам так прыемна адчуваць сябе саўрасавымі: памеры ды працягласць плямаў былі розныя, а значыць, рознымі былі і подпісы. Я запытаўся: “Гэта не вашыя акварэлі, ці не так?”. Ён аслупянеў, сунуў малюнкі ў сакваяжык, клацнуў зашчапкамі ды хуценька схаваў калекцыю некуды. Я паспрабаў высветліць, дзе ён усё ж вывучыў мову і навошта мне паказваў гэтыя малюнкі, бо склалася ўражанне, быццам ягоным планам было пачаць сяброўства, а мая нахабная адукаванасць гэты план сапсавала. Але дзівачок у акулярах на пытанні не адказваў.
“Хадземце на кухню”, – прапанаваў ён мне. Не, мне не было боязна, бо не выглядаў ён на небяспечнага. “Хочаце цукру?” – прапанаваў на кухні, у якой было даволі цёмна, бо вокны былі завешаныя. Там, за фіранкамі, шугалі ластаўкі ды даносіліся па-летняму ўтульныя выкрыкі дзетак. Я здзівіўся: “Цукру?”. “Цукру?” – пацвердзіў ён, гасцінна зняў вечку з цукарніцы і сам набраў паўнюткую лыжку белага пяску. Паўза зацягвалася, я пачаставаўся ягоным цукрам і не заўважыў у ім нічога адметнага. “Файна, скажы?” – задаволена варкатнуў гаспадар. Я не ведаў, што сказаць і пацвердзіў, што цукар смачны. “Чаго ў прыцемках сяджу?” – працягнуў ён размову хіба што з самім сабой, бо я нічога на гэты конт не пытаў. “А вось глядзі”, – ён шчоўкнуў нейкай кнопкай і на шафіку запалілася гірлянда, якая файна б пасавала для прыдання святочнай атмасферы якому-небудзь оруэлаўскаму савецка-каляднаму інтэр’еру, аднак да Калядаў было далёка, а выказваць захапленне святлом ды каларыстыкай гірляндаў неяк няёмка (заўвага рэдактара (Я. П.): Джон, у СССР не святкаваліся Каляды, толькі Новы год, таму “савецка-калядны інтэр’ер” так не выглядае!). Дзівак чакаў ад мяне ўхвалення, і я прамармытаў нешта пра адценне лямпачак, пра дзіўныя спалучэнні колераў. “Яна кітайская, – працягнуў тлумачэнні акуляры. – Раней такіх не рабілі. Паглядзіце, якія дробненькія лямпачкі!”.
І тут здзіўленне ды няёмкасць дасягнулі той канцэнтрацыі, што мне зрабілася ніякавата. Я рушыў да дзвярэй, а ён скакаў за мной, як чорт, скакаў і ўсё спрабаваў пасябраваць. Тут, калі дзверы ўжо былі адчыненыя, дзівак зрабіў апошнюю недарэчнасць – ён уціснуў мне ў далонь склізкую бутэль гарэлкі “Russki Shtandar”: “За знаёмства!”. Я пільна паглядзеў яму ў твар, толькі тут заўважыўшы асаблівасць ягонага позірку: вочы як быццам глядзелі не на свет, а былі сфакусаваныя на шкле акуляраў. Стары нібыта лавіў на іх унутранай паверхні адлюстраванні і менавіта адсюль чэрпаў уласныя ўяўленні аб тым, дзе жыве. Ён глядзеў на цябе і не бачыў. З іншага боку, ты мог утаропіцца ў ягоныя вочы і нічога не заўважыць у іх, бо яны скіраваныя выключна на паверхню шкла і непранікальныя звонку. Ад гэтага нечалавечага позірку зведзеных да носу вачэй я адчуў ледзяненне ў страўніку, жаданне хутчэй пайсці да сябе і вельмі-вельмі шчыльна зачыніць дзверы. Я ўжо ступіў колькі крокаў, калі ён раптам спыніў мяне: “Паслухай, калі да цябе прыйдзе твая сяброўка, калі ласачка, запрасі мяне. Я вельмі люблю з моладдзю пабалбатаць!”. Я паціснуў плячыма ды развітаўся.
У свеце падворка Іваноў заняў тое месца, што раней займаў маўклівы мужчына. Часцяком сусед сядзеў на прыступках, глядзеў на шкло сваіх акуляраў ды хрумсцеў цукрам. Час ад часу я заспяваў яго за соўганнем па двары з той жа бессэнсоўнасцю, з якой да яго соўгалася курыца. Такім чынам, Іваноў замяніў абаіх.