— Паслухай, бог, — з уласцівай яму іроніяй загаварыў Богша, — у нас, на Зямлі, пра цябе такога наплялі. Што ты і ўсемагутны, і ўсёведаючы, і ў кожнага чалавека лічыш не толькі бачныя, але і нябачныня грахі. А ты!.. Глядзіш на мяне, нібы я зваліўся з Месяца.
— Плесці розныя небыліцы вы, мабыць, умееце, — сказаў бог. — Я гэтую вашу здольнасць заўважыў адразу. Хлусы, якіх не бачыў ні сусвет, ні антысусвет.
— Ну-ну, не вельмі выступай, — пакрыўдзіўся за сваіх аднапланецян Богша. — Калі хочаш ведаць, дык міфы і паданні — гэта народная творчасць на ранняй стадыі першабытнага грамадства. Чалавек прайшоў нялёгкі шлях свайго развіцця, і яму патрэбна была аддушына ў цяжкім жыцці. Ён і стварыў міфы пра цябе. Часам прыгожыя, часам страшныя...
— Вы што, авалодалі ўменнем сачыняць мастацкія творы?.. У вас ёсць інтэлектуальная культура?..
— А чаму ты здзіўляешся? — спытаўся Богша. — Усё ў нас ёсць...
— Ну і дзіва, — пачухаў галаву бог і сеў на валун, дастаў з-за пазухі капшук, насыпаў у піпку махры, прыкурыў, здаецца, ад маланкі, а можа, электрычнага разраду. — Справа ў тым, што і вас і ўсё на вашай гэтай планеце Зямля ствараў я сам...
— Не хлусі, — спыніў яго Богша. — Не хлапчук ужо, а вярзеш абы-што.
— Каб мне з гэтага месца не ўстаць, — пакляўся бог. — У мяне тады ўзнікла ідэя правесці адзін навуковы эксперымент. Датуль я таксама ствараў розныя абалонкі для змяшчэння ў іх розуму. То былі моцныя істоты, прыстасаваныя да самых экстрэмальных умоў. На жаль, яны не адпавядалі задуманым стандартам. А такія ўжо былі ў антысусвеце. Маім не хапала, я сказаў бы, разумнай гідкасці і гібкай кантактнасці, хоць ставала глыбіні і універсальнасці. Моцны розум і універсальнасць аказаліся таксама недахопам. Я пераспрабаваў шмат варыянтаў. Істоты з моцным розумам і абалонкай даводзілі цывілізацыі да апошняй мяжы пазнання. Але ў іх чагосьці не хапала. Гэта быў вельмі разважлівы і модны розум у вельмі дасканалай абалонцы. I толькі. Вось тады ў мяне і саспела задума паэксперыментаваць на біялагічнай аснове. Я прадбачыў, што эксперымент гэты дужа небяспечны, але спакуса была вялікая. Я не ўтрымаўся. Спачатку, вядома, аблюбаваў на краі адной галактыкі невялікую зоркавую сістэму з дзесяці планет...
— Чаму з дзесяці? — спытаўся Богша, зноў злавіўшы бога на тым, што ён не вельмі дакладна ведае тое, пра што гаворыць з такой упэўненасцю.
У Богшы зноў паявілася падазрэнне, што бог гэты нейкі прайдзісвет, які падрабіўся пад бога накшталт Грышкі Атрэп’ева, які вельмі праўдзіва іграў ролю царэвіча Дзімітрыя.
— А ты не перабівай, — грозна паглядзеў на яго бог. — Забыўся, з кім размаўляеш?
— А ты не брашы, — стаяў на сваім Богша.
Бог аж пляснуў у далоні.
— Я яго, можна сказаць, стварыў, а ён мне хаміць.
— Я не цярплю няпраўды, — аж крыкнуў Богша. — Надакучыла брахня. Наліха ты мне заліваеш, што планет у сонечнай сістэме дзесяць, калі іх усяго дзевяць?
— Май цярпенне даслухаць да канца, — супакоіў бог Богшу. — Ну і тэмперамент! Слова не скажы! Пазнаю тварэнне сваіх рук. Ніякай павагі да старэйшых. Гатовы таго, хто стварыў яго, узяць за бараду.
— Ну, годзе, давай сачыняй, — сказаў Богша.
— Во, гэта іншая справа, — узрадаваўся бог. — Дык слухай, што далей было. Стварыў я на той планеце жыццё. Ну, аддзяліў там ваду ад сушы, насяліў сушу звярамі, ваду — рыбамі, паветра — птушкамі. Гэта мне як плюнуць. Вопыт быў. Засадзіў глебу дрэвамі, засеяў травамі. Цяпер трэба было брацца за істоту, адпаведную маёй задуме. Ды тут да мяне нечакана з сяброўскім візітам завітаў самадзержац з антысусвету. Мы тады з ім канфліктавалі. Так што перагаворы меліся быць цяжкімі. Пачаліся банкеты, абеды, вячэры, прыёмы. Контакты памалу наладжваліся. А калі зусім наладзіліся, я і падзяліўся з ім сваёй задумай. Выслухаў ён мяне ды і кажа: "Нічога, бог, не выйдзе. Я і сам спрабаваў праводзіць доследы на біялагічнай аснове. Жах, што атрымалася! Валасы дыбарам становяцца. Хочаш знішчыць вынікі свайго доследу і не можаш. Я тады ўсю антыпланету ўзарваў. Праводзь, вядома, дослед, але на ўсякі выпадак падумай, як потым пазбавіцца ад створаных табой істот".
Тут я не стрымаўся, запярэчыў. Кажу, маўляў, у цябе, самадзержац, можа, дослед не ўдаўся. Потым ты не хочаш улічыць, што ў нас розныя сістэмы, розныя светапогляды, розныя падыходы да творчасці.
"Усё гэта так, — пагадзіўся самадзержац, — а толькі паслухай мяне і пастаў гэтай тваёй істоце абмежавальнікі розуму. Каб ён не адразу праяўляўся, а пакрысе. Інакш створаныя табой істоты гэтую планету разам з табой узарвуць. Я наглядзеуся на іхнія фокусы. Хопіць аднаго самаўпэўненага вар’ята, каб знішчыў і сябе і ўсю галактыку".
Я зноў запярэчыў. Кажу самадзержцу: калі так зрабіць, як ты кажаш, дык мая істота на планеце і года не пражыве. Умовы на ёй цяжкаватыя.
"А ты сваю гэтую істоту спачатку пасялі ў спецыяльнай выгарадцы, каб прывыкла да цяжкіх умоў. Потым, як расплодзіцца, выпусціш з выгарадкі і паглядзіш, што атрымалася", — параіў самадзержац.