– Што ж, гэта было прыемнае знаёмства і карысная размова. Прабачце, што патурбавала, дзякуй, што аказалі дапамогу. Калі ласка, паведаміце, калі вы нешта зразумееце, і можаце не сумнявацца ў сапраўднасці артэфактаў. Я дык зусім не шукаю скарб, але расшыфраваць гэтае пасланне, зразумець, што хацеў сказаць нам аўтар, якім мог быць сам кароль… Хіба гэта не значная справа?

– Так-так, так-так, – зачасціў Лiтвакас, – усяго найлепшага, паненка. Апошняе слова ён сказаў па-літоўску.

Зачыніўшы за госцяй дзверы, Лiтвакас яшчэ доўга стаяў на адным месцы, як чалавек пагружаны ў гіпноз. Затым ён ляпнуў сябе па каленях, ды вярнуўся да стала.

Сонечны дзень у Вільні, між тым, паволі падыходзіў да канца. Вікторыя спакойнай хадой пайшла ў бок сваёй здымнай кватэры.

Увайшоўшы дадому, яна заўважыла, што яе саарандатараў – двух дзіўнаватых дзяўчынак студэнтак – яшчэ няма. У гэты момант у яе зазваніў тэлефон.

– Алё, – сказала Віка, калi паднесла трубку да вуха.

– Алё. Гэта Лiтвакас, Віка. М-м-м-м, я хацеў бы парэкамендаваць вам аднаго спецыяліста па вашым пытанні, выдатнага гісторыка з Мінска. Дакладней, можа ён і не зусім спецыяліст менавіта па вашай, так бы мовіць, справе… м-м-м-м, але гэта чалавек захоплены гісторыяй, вялікіх ведаў хлопец. Яго клічуць Уладзімір. Ён можа дапамагчы ў пошуках. Запішыце каардынаты…

Праз хвіліну дзяўчына запісала дадзеныя пратэжэ Лiтвакаса, а потым увайшла ў сацыяльную сетку і пакінула аднаму з фрэндаў наступнае паведамленне:

«Мечык, я паразмаўляла з Лiтвакасам. Нажаль, амаль нічога.: (»

<p>Глава 3. Трыкутнік караля</p>

Дарога ад Мінска да Гродна – дакладна не самая доўгая на свеце. Але калі яе праехаць на старэнькім «карчы», яна можа стаць доўгай і маляўнічай. Уладзімір і яго зялёны аўтамабільчык былі ўжо ў Шчучынскім раёне, дзе дарогу абступаюць з двух бакоў старыя, калматыя, іглічныя дрэвы.

Больш за месяц таму Уладзіміру ў інтэрнэце напісала дзяўчына і, распавёўшы, што яго парэкамендаваў, як добрага гісторыка, прафесар Мiхаiлас Лiтвакас, прапанавала супрацоўніцтва. Жыць меркавалася ў Гродне, наведаць якое Уладзімір заўсёды быў не супраць, тым больш, што паказаныя яму анлайн здымкі знойдзеных артэфактаў былі для яго сапраўды ашаламляльнымі.

Аказалася, што яны ўжо знаёмы завочна з гэтай дзяўчынай, бо знаходзяцца ў адной групе ў сацыяльнай сетцы. Акрамя таго, у даследаванні павінен быў удзельнічаць і іншы па чутках знаёмы Уладзіміру гісторык з Гродна.

«Гэта будзе выдатна…» – думаў Уладзімір, уціхамірвая малапакорны аўтамабільчык на павароце.

Выйшаўшы на прамую ён трохі расслабіўся і нават падумваў уключыць магнітолу, такую ж старую, як і сама машына. Гэта быў рарытэт, які працуе на касетах. Iх Уладзімір спецыяльна вышукваў, дзе толькі мог. Ён быў настроены пазітыўна і, пасвістваючы, падкінуў пальцамі вымпел хакейнага клуба з Маладзечна, якi боўтаўся на люстэрку задняга вiду…

Драм!!! Цяжкі ўдар у бок аўтамабіля скалануў легкавік. Ззаду нешта пакацілася, а Уладзіміра матнула ў бок. Рэзка націснуўшы на тармазы, ён даволі хутка спыніў машыну і выбег з яе. На дарозе цямнела нешта. Нешта якое нагадвала вялікага звера.

«Мядзведзь» – чамусьці пранеслася ў галаве Уладзіміра.

Наблізіўшыся, ён адразу ж адчуў сябе дурням з-за гэтай здагадкі. Ляжачы на дарозе звер быў, вядома, значна меншы за мядзведзя, але ўсё ж, на вока, важыў не менш за сто кiлаграм. Вялікіх памераў кабан ляжаў на дарозе і не падаваў ніякіх прыкмет жыцця. Вочы жывёлiны былі зачыненыя. Уладзімір застыў на месцы, пільна гледзячы на звера і не ведаючы, што рабіць. Нечакана яго ўвагу адцягнуў далёкі гук выбуху за лесам. Вiдаць, гэты гук зыходзіў з прыхаванай там вёсачкі. Апусціўшы галаву і зноў пільна паглядзеўшы на ляснога госця, Уладзімір працягнуў да яго руку… У тую ж секунду кабан расплюшчыў вочы, зароў, і рэзка матнуў ікластай галавой, пры гэтым ледзь не ўдарыўшы чалавека ў калена. Адскочыўшы ад нечаканасці далёка ў бок, Уладзімір пачуў ліхаманкавы стук уласнага сэрца. Вяпрук між тым узняўся і пабрыў у лес.

Падышоўшы да машыны Уладзімір, да свайго здзіўлення, не знайшоў драпiны цi ўвагнутасцi на крыле аўто. Гэта палепшыла яго настрой. Вярнуцца ў салон, завесці матор, уключыць музыку: усё гэта стала справай адной хвіліны. І вось ужо зялёны аўтамабільчык зноў на шляху.

«У старажытнасці варажбіты выкарыстоўвалі жывёл для прадказанняў, цікава, што б на іх варажбiтскi погляд азначаў бы ўдар дзiком у стары корч» – думаў Уладзімір.

Ад гэтых думак ён развесяліўся яшчэ больш і ў выдатным настроі заехаў на вуліцы Гродна.

Шэрая смуга туману пакрывала старадаўні горад. Зіма, пазбаўленая пакладаў снегу і моцнага холаду, панавала ў ім. Адны людзі былі апранутыя ў зімовыя курткі, іншыя – ледзь не ў летнія ўборы. Тратуары здаваліся намаляванымі цёмнымі фарбамі па грубым палатне, а яшчэ далей, праз туман, праступалі абрысы храмаў, якія здаваліся нейкімі прывіднымі замкамі ў змрочных далінах.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже