Хацеў пабачыць Элю, расказаць яму праўду аб трох даларах і папрасіць прабачэння, але не ўдалося сустрэцца з ім. Я рашыў напісаць яму аб гэтым пісьмо дома і пераслаць поштай.

Іду лясной дарогай. Пахне смалою, багуном і грыбамі. Спяваюць жаўранкі. Можа, гэта грае на лютні мая Мірыям? Здалёк плывуць да мяне гукі жніўных песень. Спявае некалькі жанчын. Палоняць мяне жыватворныя сілы зямлі — яе радасці і смуткі. Можа, гэта сумуе і радуецца Мірыям?

Навіны пасадзецкія мне вядомы. Памёрла мая бабуля. Памёрлі стагоднія дзяды Юстын і Мірон. Мае таварышы па хедэру памагаюць працаваць бацькам. Дзеці карчмара гандлююць. Пані Чапкоўская судзіцца з вёскай за луг. Мае таварышы-пастушкі праходзяць свой парабкоўскі талмуд. Нудна паўзе жыццё. Стагоддзямі яно стаіць на месцы.

Іду дамоў і думаю: «Такая ў хаце цесната, што мне прыйдзецца спаць на падлозе».

Я набліжаюся да родных мясцін.

Як мяне сустрэне бацька? Ведаю. Ён запытаецца:

— Што з цябе будзе?

Пасля гэтага пакутліва на мяне зірне і паведаміць:

— У мяне ж і без цябе шэсць чалавек дзяцей. Было восем, дык пару бог забраў. З табою было б якраз дзевяць… Табе ўжо пятнаццаць год. Сам павінен разумець.

Ён змоўкне на хвіліну, зірне на мяне, як утапаючы на човен, і дадасць шэптам:

— Такія сыны, як ты, ужо дапамагаюць бацькам… Ведаеш. Я ж вечна гарую аб адным, каб хаця хлеб быў у хаце.

Так. Мае дзіцячыя гады скончыліся.

Трэба працаваць і вучыцца!

Гэта было ў 1902 годзе.

Перейти на страницу:

Похожие книги