Тут мяне спаткала прыемная неспадзеўка. Ад кагосьцi, ня ведаю, ад каго, я атрымаў памiдораў, гуркоў, кiлбасы, сыру, белых булак. Мабыць, ад некага з Вiцебскага тэатру.

У дзень выезду сагналi нас усiх на падворак дзеля рэвiзii. Адбiралi махорку й табаку, баючыся, каб у дарозе праз горад мы не засыпалi вочы канвою й не ўцяклi.

Рэвiзiя была "вясёлая". Чырвонаармейцы жартавалi й строiлi з нас кепiкi.

- Табе колькi?

- Дзесяць гадоў.

- Ха-ха-ха! Чырвонец, значыцца?

- А цябе на колькi, стары? - спыталiся ў мяне.

- Дзесяць.

- 0-хо-хо! Гэты ўжо напэўна ня вернецца! - сьмяялiся вясёлыя чырвонаармейцы.

Ад свайго арышту я не галiўся. У мяне вырасла даўгая патрыярхальная барада. Прыбiты маральна, змораны фiзычна - няма дзiва, што я зрабiў на бальшавiцкiх салдатаў гэткае "вясёлае" ўражаньне.

У габiнэце прэзыдэнта рэспублiкi

Тым часам менскiя прыяцелi рабiлi, што маглi, каб ратаваць мяне.

Аднойчы тав. Чарвякову* далажылi аб прыходзе Х i Y людзей, якiя займалi ў лiтаратуры беларускай выдатнае месца.

* Пару год пасьля застрэлiўся перад арыштам, якi пагражаў яму.

Чарвякоў прыняў iх адразу.

- А мы да вас, Аляксандр Грыгор'евiч. У справе Аляхновiча.

- Я так i думаў. Была ў мяне ягоная матка. Прынесла мне ягоную заяву. Я даў перапiсаць на машынцы, бо цяжка расчытаць. Напiсана макам на цянюсенькай паперы, страшэнна пакамечана...

- Ну, няма дзiва. Гэтая заява разам зь лiстом да нас была ўпхнутая ў пушачку ад сярнiчкаў... Мабыць, iншага спосабу ня меў...

- Ну, што-ж, турма - ня цётка. Там строга.

- Ну, дык што думаеце, Аляксандр Грыгор'евiч. Нам здаецца, што тут нейкае непаразуменьне. Можа-б вы пагаварылi з Пiлерам...*

* Тагачасны старшыня Менскага ГПУ.

- Ну што-ж, пагаварыць можна. А калi што, дык вы-б маглi за яго паручыцца?

- Ну, ведама.

- Мо нешта й ўдасца зрабiць... Хаця, ведаеце, гэта даўгая працэдура... Але, праўду кажучы, цi варта нават нешта рабiць?.. Дык-жа ўжо хутка дзясятыя ўгодкi рэвалюцыi... Будзе шырокая амнiстыя. Тады яго звольняць i бяз нашых захадаў.

- Думаеце, што ён падпадзе пад амнiстыю?

- Маю надзею... А калi-б... Ну, тады трэ будзе падумаць... Так цi сяк я ня думаю, каб ён доўга праседзеў.

- Але-ж засудзiлi яго на 10 год.

- Ну, што ў нас значыць дзесяць гадоў! Можа быць засуджаным на дзесяць, а праседзець толькi год, два... Але, трэба прызнацца, што абставiны для яго злажылiся вельмi непамысна...

Лiсты ад прыяцеля

Я лiставаўся з маткаю. Яна ведала, дзе я. Гэткiм чынам i мае. прыяцелi ведалi пра мяне.

На этапе я атрымоўваў ад аднаго зь iх лiсты.

"Дарагi тав. Аляхновiч!

...Тав. Чарвякоў пытаўся, цi я магу за Вас паручыцца. Я адказаў, што так. Напiшэце, як вы на гэта глядзiцё, цi гэта варта, калi застаецца толькi каля месяца да 10-й гадавiны рэвалюцыi? Дзеля таго, што ўсялякiя фармальнасьцi трываюць надта доўга, у працягу месяца не пасьпеецца, дык, можа, ня варта..."

Нарэшце амнiстыя была апавешчана, але я волi не пабачыў. Амнiстыя датычыла толькi да крымiнальных злачынцаў.

Другi лiст быў гэткага зьместу:

"Дарагi тав. Аляхновiч!

Надзея на амнiстыю ня зьдзейсьнiлася. Сяньня пiшу ў Маскву. Не паддавайся роспачы. Цi зварачацца яшчэ раз у Вашай справе да тав. Чарвякова, ня ведаю. Мы ў вашай справе напiсалi калектыўную заяву. Маю надзею, што ўсё скончыцца добра. Трэба быць цярплiвым i ня трацiць бадзёрасьцi...

Пiшэце, працуйце, чытайце...

Напiшэце мне, можа, чаго вам трэба..."

А Аляхновiч быў у Ленiнградзкiм Iспраўдоме. Этап наблiжаўся да месца свайго прызначэньня - да Салавецкiх Лягераў Асаблiвага Прызначэньня.

Няма дзiва, што словы гэтых лiстоў былi як словы ўцехi пры ложку цяжка хворага. Поўныя надзеi словы прымушалi верыць, што запраўды нешта пераменiцца. Дык-жа немагчыма, каб з усiх гэтых стараньняў нiчога ня выйшла!

Дык адказваў акуратна на гэтыя лiсты (цяпер, на этапе, ужо можна было пiсаць штотыдзень), дзякаваў за захады й дакучлiва прасiў далей не пакладаць рук.

Лiсты прыходзiлi акуратна.

"Паважаны тав. Аляхновiч!

Вашая справа пакуль што не скранулася з месца. Мне асаблiва здаецца, што вызваленьня трэба чакаць з Масквы. Сказалi мне ў Менску, што трэба чакаць пастановы Усерасейскай Амнiстыйнай Камiсii. Калi гэта будзе - ня ведама... Гэтак мне казаў старшыня ГПУ ў Менску. Апрача таго, я пiсаў пра Вас да Мянжынскага. Жадаю Вам здароўя i вытрываласьцi.

Да 10-годдзя БССР засталося ўжо менш як год". У гэтым лiсьце адрысата няпрыемна кальнула зьмена ў загалоўку. Ужо замiж "дарагi" стаяў прыметнiк "паважаны". А ў канцы зацемка аб дзесятых угодках БССР! Значыцца, гэтыя ранейшыя надзеi ня маюць моцных падставаў, калi трэба хавацца за новыя.

Нарэшце сталася тое, чаго адрасат баяўся. Апошнi лiст пачынаўся словамi: "Тав. Аляхновiч! (без прыметнiка!) i абмяжоўваўся толькi сухой iнфармацыяй, што дагэтуль яшчэ нiчога не ўдалося зрабiць, а калi зробiцца, дык будзе паведамлена - i няхай тав. Аляхновiч пакiне гэтак часта пiсаць...

Перейти на страницу:

Похожие книги