Вось якiя штукi прыдумвалi! He ўдалося зрабiць з Аляхновiча агента ГПУ, дык папрабуем зрабiць яго агентам дэфэнзывы! Трэба яго неяк апаганiць, запэцкаць, каб страцiў у грамадзянства ўсялякi давер…

Пару дзён пасьля я спаткаўся на вулiцы з гэтым Б.

— Што-ж гэта вы выдумалi пра нейкi Цехацiнак? — спытаўся я, расказаўшы пачутае ад гаспадара кнiгарнi апавяданьне.

— Я? Крый Божа! — адпiраўся ён. — Нiчога падобнага! He Цехацiнак, а Цеханавiчы. Я быў у Цеханавiчах. Там начаваў у ваднэй гасподзе. Гаспадар мне кажа, што быў тут зь Вiльнi нейкi журналiсты, выпiў з хурманом лiтар гарэлкi й расказваў аб Салоўках… Дык я думаў, што гэта вы.

— Ну, дык памятайце: адбрахаць тое, што набрахалi.

Вось як бальшавiцкая погань атручвала мне жыцьцё нават у Вiльнi!

Канчаю. Я чуў, кажуць, што я за шмат добрага напiсаў аб Саветах. Што-ж зрабiць! Я пiсаў праўду. А што пры ГПУ крыху лягчэй было, як пры НКВД — гэта не мая вiна.

У капцюры НКВД я ня трапiў. Пашанцавала. Калi-б трапiў, ужо ня пiсаў-бы гэтых радкоў. I, мабыць, ужо ня траплю.

Вiльня 1942 г.

Перейти на страницу:

Похожие книги