Дзед Васіль стаяў ля свайго будана разам з камандзірам атрада. Яны аб нечым размаўлялі. Віталь убаку з важным відам паказваў свой тэадаліт хлопцам з атраду.

— Ну, што, хлопцы, — звярнуўся дзед да падышоўшых Сяргея і Віцькі. — Мабыць, завядзіце атрад да зямлянкі, пакажыце магілу. Просіць камандзір цяпер паглядзець…

— А мы якраз гаварылі пра гэта, — радасна адказаў Віцька. — Што чакаць да рання, а яшчэ не сцямнела…

— То і добра…

Андрэй паклікаў сваіх байцоў гучнай камандай:

— Усе да мяне! Ідзем да магілы…

Пайшлі. Наперадзе — Сяргей і Віцька (Віталь, Жэнька і Нэла засталіся з дзедам Васілём у лагеры).

Пастаялі ля зямлянкі, нічога не кранаючы. Потым моўчкі некалькі хвілін стаялі перад магілай са свежым крыжам, які свяціўся ва ужо надыходзячых прыцемках.

— Ну, заўтра раніцай будзем на месцы складаць план дзеянняў, — ціха падвёў рысу Андрэй.

Ніхто не адказаў, і толькі адна дзяўчына з атраду прамовіла яшчэ цішэй:

— Кнігі чытаеш, слухаеш, кіно глядзіш… А вось ступіш на тую зямлю, дзе людзі па праўдзе гінулі… Аж не па сабе…

Вярнуліся ў лагер, дзе якраз Зарэмба званіў па радыётэлефоне прама з дому, даў трубку Алене Адамаўне.

— Вам там усяго хапае? Не холадна спаць? Мазь ад камароў дапамагае? Спаць не мулка? А шчупак, шчупак які! Тут уся вёска збеглася да нас, яшчэ і цяпер ляжыць, бы на выставе. Што мне з ім рабіць? — закідала маці пытаннямі Жэньку.

— У нас усё добра! Заўтра пасля абеду будзем на Заікіным востраве, дзеда Васіля высадзім. А самі паплывём на Заечы востраў — нам карту Ведзьмінай тоні складаць трэба. Атрад будзе займацца пошукамі зброі і рамонтам зямлянкі, потым разам будзем расчышчаць праход, — адказвала Жэнька. — Не хвалюйцеся. Шчупака ў маразільнік засуньце — не ешце без нас!..

Весела патрэскваў у цемры касцёр. Ужо вялікае кола акружала яго — і стала яшчэ весялей. Адзін хлопец з атраду захапіў з сабой гітару — хвайна іграе!

Сяргей слухаў музыку, яго сэрца перапаўнялася незвычайнымі для яго пачуццямі. Было спакойна і упэўнена на душы. Вось дзед Васіль дыміць сваёй самакруткай, вунь Віталь мацае, ніяк супакоіцца не можа, металашукальнік, вось Віцька побач так пільна сочыць за рукамі гітарыста, а вочы яго гараць — ясна, захацелася і яму навучыцца так перабіраць струны. Вось Нэла побач — хітруня: і ля Сяргея сядзіць, а галоўку да Жэнькі даверліва схіліла. Жэнька пагладжвае Нэлу па валасах, глядзіць на полымя кастра. Добра глядзець на яго, калі сядзіш сярод сяброў…

Сяргей працягнуў руку да Нэлы, а крануўся рукі Жэнькі. Жэнька запытальна глянула на яго.

— Жэнь, ты мне дапаможаш?.. З вучобай. Фізіку ды матэматыку мне хлопцы патлумачаць, а вось з мовамі ў мяне зусім дрэнна… Я ў інтэрнат не паеду ўжо…

Сказаў, як выдыхнуў апошняе паветра з грудзей — і ўздыхнуць немагчыма было, не пачуўшы адказу. Бо за столькі многа часу Сяргей першы раз прасіў. Не прапаноўваў памяняцца ці зрабіць нешта за нешта — ён прасіў і разумеў, што ніяк не можа дадаць да сваёй просьбы звычайнага для сябе ў такіх выпадках: «А я табе за гэта…»

Жэнька быццам здагадалася аб пачуццях Сяргея. І адказала ж адразу, коратка, каб нічога больш тлумачыць не трэба было:

— Дапамагу. Вернемся з вострава — адразу і пачнём.

Сяргей удзячна кіўнуў, нахіліўся да Нэлы:

— Праб’емся, Нэла, праўда? Здужаем?

Малая моўчкі абхапіла яго за шыю, прыціснулася.

Цёмны лес зрэдку ажываў крыкамі соў. Дзіна, але начныя гукі ніколькі не палохалі вандроўнікаў.

Ведзьміна тоня перастала быць страшнай і невядомай — яна стала яшчэ адным родным кавалкам іх вялікай зямлі.

Перейти на страницу:

Похожие книги