Навошта я гэта раблю, з роспаччу падумала яна, нашто мне ўсё гэта трэба? Якая розніца, спіць ён з гэтай Чумаковай ці не, хіба гэта галоўнае? Ён здрадзіў мне не ўчора і не заўтра, у чым я хачу пераканацца, калі і так усё добра ведаю? Ну, убачу, ну, націсну на званок, ну, адвяду душу, да смерці напалохаю іх — мне, мне самой ад гэтага стане лягчэй? Не, ён не ўдарыць мяне, адчыніўшы дзверы, Не, ён выхаваны, каб ударыць жанчыну. Ён моўчкі з пагардай паглядзіць на мяне і зачыніць іх, а я ж ведаю, я добра ведаю, якім бывае яго позірк, колькі ў ім знявагі і абразы... лепей ударыў бы. Глупства гэта ўсе, пане дабрадзею, глупства. Усё скончана, больш нічога не трэба высвятляць, даволі мы прыніжалі адзін аднаго, хопіць з мяне сустрэчы з Чумаковым, больш не трэба. А што трэба? Паехаць дадому, памыцца, прыняць снатворнае і легчы — гэта найлепшае, што я магу зрабіць.

Ні на якія дні нараджэння сёння я не пайду, Аксана Фёдараўна даруе мне: так, гэта з яе дапамогай я скончыла педвучылішча, але на ўспамін аб гэтым цяпер я трымаю ў школе выкладчыкам фізкультуры Арнольда, Арнольда Уладзіслававіча, падонка і мярзотніка, якога і на пушачны стрэл нельга падпусціць да дзяцей. Я выгнала б яго, яшчэ ў мінулым годзе выгнала б, калі зразумела, што гэта ён разбэсціў Вераніку Аюмаву, ён даў ёй супрацьцяжарныя пілюлі, але я не зрабіла гэтага, таму што Арнольд — сын Аксаны Фёдараўны, а я не магла вырваць з сэрца тое, што яна некалі для мяне зрабіла. Я выжыла са школы Вераніку, а не Арнольда Уладзіслававіча, і гэты грэх ужо ніхто не зніме з маёй душы. Так што мы квіты, шаноўная, пагуляйце, павесяліцеся без мяне. Тым больш што я не люблю рэстарана «Беларусь», ніколі ў ім не была аж з вяселля свайго, у іншыя рэстараны мы с Арсенам, здаралася, хадзілі, а туды — ні разу, не хацелаея вярэдзіць душу, і ён, дзякуй яму, ніколі не настойваў.

Дык вось, выспацца, а потым нагаварыць з Арсенам. Канкрэтна, па-дзелавому. Ніякіх судоў, развядзёмся праз загс, менш балбатаць будуць. Ага, трэба яшчэ падзяліць маёмасць. Ну, гата проста. Кватэра мне, дача яму, машына Андрэю. Праўда, мы яшчэ дзве тысячы за яе павінны, але нічога, неяк выплачу. А ўрэшце, яе можна прадаць. Андрэю вучыцца трэба, а не на машыне катацца, разбэсціцца, не знойдзеш потым на яго ўправы. Толькі б ён паступіў у інстытут, пяць год я яшчэ не буду ведаць адзіноты, а далей — бог бацька. Пакуль што ў мяне ёсць школа, работа — неяк буду жыць, а там відаць будзе. Вось і ўсё. Дадому, толькі дадому, і няхай яны ўсе праваляцца скрозь зямлю — Арсен, і яго каханка, і тая паскуда, што мне пазваніла… Чмялёва — вось яе прозвішча, я ж ведала, што ўспомню яго, абавязкова ўспомню: фарбаваная бландзінка, маленькая, вёрткая, з кірпатым носам у рабацінні і злымі халоднымі вачыма… Гэта быў яе голас, хрыплы, пракураны, глухі ад нянавісці — да каго? Да яго, да Арсена, да яго новай каханкі. Гэта ж з ёю ён жыў, калі сышоў з дому, я толькі прыкідвалася, што не ведала, у каго ён жыў, я ўсё ведала. Калі гэта здарылася, дзесяткі «добразычліўцаў» кожны дзень абрывалі мой тэлефон і расказвалі, расказвалі… Ці думаў хто-небудзь над тым, які страшны сродак разбурэння чалавечых душ, якая бязлітасная атрута — тэлефон, калі яго круцяць брудныя рукі? Дыстанцыйнае кіраванне… Ты нават не прыкмячаеш, як нехта невядомы, нябачны, нядобры пачынае кіраваць тваім настроем, навязвае табе ацэнкі і рашэнні, вымушае рабіць учынкі, аб якіх пазней, потым ты будзеш шкадаваць. Колькі мне званілі тады… Тэлефонны тэрор… Адкуль у нас узялося столькі ворагаў? Жывеш сабе ціха, нікуды не лезеш — здаецца, каму ты патрэбен? А вось жа патрэбен, а вось жа цікавяцца табою, радуюцца, што могуць неяк падкалоць цябе — напэўна, гэта дае нейкую радасць, інакш навошта званіць, траціць час, нервавацца, што раптам пазнаюць…

Ала Барысаўна Чмялёва… Відаць, яна кахала яго, а можа, і цяпер кахае. Кахае і ненавідзіць, як я. Гэта ж найвышэйшая асалода — прынізіць, абразіць, раніць таго, каго кахаеш і ненавідзіш, а дакладней — кахаеш-ненавідзіш. Але яшчэ больш за яго яна ненавідзіць Чумакову. Што я для яе? Нялюбая жонка. Уяўляю, колькі Арсен расказаў ёй пра мяне благога. Яна ж упэўнена, што вярнуўся ён, зразумела, з-за сына. I Чмялёва неяк прымірылася з маім існаваннем, а што ёй яшчэ заставалася рабіць. А вось з Чумаковай прымірыцца не здолела. I ўдарыла. Па Арсену і па ёй, мне ўжо рыкашэтам дасталося. На гэта яна і разлічвала, свалачуга,— на скандал. Самае агіднае, што я так лёгка клюнула на яе прыманку. Што такое душа чалавечая, колькі цёмнага, жывёльнага, нікому не бачнага хаваецца ў ёй да часу. Няўжо звар’яцелая ад рэўнасці і адчаю жанчына і я — гэта адно і тое ж, божа літасцівы, як я магла так нізка ўпасці! Не хапала яшчэ, каб чуткі, што я бегаю, высочваю яго, дайшлі да каго-небудзь з настаўнікаў: заўтра пра гэта будзе ведаць і гаварыць увесь горад.

Вось ён і памёр для мяне, раптам сказала яна сама сабе. Паміраюць людзі, і ён памёр, я ўжо аплакала яго ў сваім сэрцы, і пахавала, і нават асінавы кол у магілу загнала. I усё, і больш няма чаго пра гэта гаварыць і думаць.

Перейти на страницу:

Похожие книги