— От табе й Божа, — прадаўжаў добра ўжо паднечаны Хвёдар. — Нi памог нi Бог, нi памог нiхто. Мiлiёны людзей, мусiць, ёлуп зьнiшчыў. Пацягалi й Марыю Iванаўну, пацягалi й мяне. Спрабаваў я ў партыю, але ня прынялi. Думаю, ня хочаце, дык i ня трэба. А ўсёроўна пацягалi. Разоў дваццаць, мусiць, бiяграфiю выпытвалi: адкуль, хто дзед i прадзед, хто такiя бацькi? Сацыяльнае паходжаньне iм давай. У дабавак i сам той факт, што мейсца майго нараджэньня апынулася пад белапольскай акупацыяй, зусiм ня спрыяў мне. Наадварот: глядзi каб шпiёнства табе ня прышылi. Вось як, Марыi Iванаўны бацька афiцэрам царскае армii быў. Разумееш? Прапаў чалавек няведама дзе. Дык, разумееш, падазрэньне. Цi нi змагаўся з чырвонымi, цi нi быў у Калчака, цi Дзянiкiна? Значыцца, калi-б i змагаўся з бальшавiкамi на баку белых, дык цi-ж дачка мусiць за гэта адказваць? Цi-ж яна яму загадвала? Так цягалi днямi й начамi. I вось, разумееш, браток, навет i сяньня чалавек з чалавекам сябраваць баiцца, адзiн на другога даносы робiць…
Маўчаньне трывала доўга.
— Гэта страшна, — уздыхнуў Пракоп. — Тутака ўсяк гавораць, алi ад савецкiх нiчога нi даведаешся.
— Яны гавораць, што iм палiтрукi загадаюць. Зрэшты, нiхто з савецкiх табе праўды нi скажа. Народ пазнае тады, калi чыстка й вывазы пачнуцца, калi Бог пра ўсiх забудзецца, а Сталiн будзе рабiць што хоча…
— Ты думаеш, што й тут будзiць тое, што ў вас было?
— Дарагi мой, — адказаў Хвёдар, налiўшы сабе чарку, — дык цi-ж што-небудзь зьмянiлася? Сталiн жыве, НКВД i калгасы iснуюць, нiчога не зьмянiлася. Пацягнулi спачатку на Сiбiр паноў вашых, а пасьля й на iншых чарга прыйдзе. Помнi мае словы, дарагi мой.
— Гэта-ж чорт ведаiць што, — сказаў заклапочаны Пракоп, — мусiць горш чым за Польшчай будзiць.
— Напэўна горш будзе. Я тут усяго дзьве нядзелi, ды ўжо прыглядаўся як народ жыве, цi жыў. Вядома, многа ў вас бяды было, сам ведаеш. Але калi параўновываць з нашым, дык ваш селянiн, каторы працаваў, меў i сала, i масла, i малако, i, вiдаць, апрануцца меў за што й наагул, калi ня гультай, дык жыў нядрэнна. Так, цi не? Гэткага жыцьця нельга нiяк зраўняць з калгасным.
— Гэтыя калгасы, — сказаў Пракоп, — як у iх жывецца?
— Горш як у прыгоне. Чуў пра прыгон?
— Чаму-ж не…
— Розьнiца, мусiць, тая, што прыгоньнiкамi валодалi буйныя цi меншыя землеўладары, а калгасьнiкамi, — i гэта лiтаральна, — валодае дзяржава. Калгасьнiк, напрыклад, за год заробiць нейкую колькасьць працадзён. У калгасе ёсьць ураджай добры, або й няма. Зьбяруць плёны, змалоцяць i хто, ты думаеш, першы з лыжкай i мiскай? Дзяржава йдзе першая. Яна забiрае ўсе налогi, пасьля семенны фонд забярэ сваё. Разумееш? Рэшта, колькi там астанецца, дзеляць на працаднi. I вось, калгасьнiк атрымае паўкiляграма зярна, столькi то бульбы й iншага, — колькi там на працадзень выпадзе, вось жывi ды пажывай, братка. А нормы-ж на працадзень такiя даюць, што як дурны наробiшся. Ясна, што нiхто не хацеў i ня хоча ў калгасе быць. Але-ж у горад не ўцячэш, бо там ня прыпiшуць цябе. Дазвол ад уладаў трэба, а яны-ж спытаюць адкуль ты, дый не пагладзяць па галоўцы.
Раптам праясьнела Пракопава галава. Выявiлася ўсё недаказанае й нявытлумачанае мясцовымi агiтатарамi й палiтрукамi. Вось яна, просьценькая й хiтрая пастачка: прыгон у новай хворме, з новым уласьнiкам i партыйным цiвуном.
— У нас цяперака якраз наш Косьцiк, — гэты самы, каторы абразы мне пабiў, - усiх у калхоз гонiць. Ужо па хатах лазiў з нагаворамi, сходы рабiў. Людзi ўпiраюцца, многа чаго ня ведаюць, але ўжо нядобрае пранюхалi. Ёсьць бедныя, што ў калхоз адразу пойдуць, алi такiх мала. Бальшыня надта-ж асьцярожная. Людзi думаюць, што калхоз ад iх залежыць. А як ты думаеш, што мне рабiць?
Пракоп зiрнуў брату ў вочы, быццам там ратунак таiўся.
— Знаеш што, братка мой, — пачаў Хвёдар, — калi так пайшла справа, дык раю табе йсьцi адразу. Так лягчэй будзе. Ты кажаш, што Косьцiк — басяк. Згода. Але-ж якраз на такiх савецкая ўлада аснавалася. Улiчы, што раней цi пазьней усе будуць у калгасах. Iншага выхаду няма. Тых, што супраць калгасаў, як ворагаў народа ў Сiбiр вывязуць, адкуль нiхто не вяртаецца, а калi пойдуць у калгас пазьней, дык iм будзе горш за тых, што калгас зарганiзуюць. Вядома, справа гэта твая. Але бяручы на ўвагу тое, што я табе сказаў, - улiчы, што гавару як роднаму брату й нiякай iншай душы на зямлi я не сказаў-бы гэтага, — лепш у калгас iсьцi спачатку. Напэўна ўбачыш i сам пераканаешся.
Дзьверы адчынiлiся й на парозе затрымаўся Алесь. За вокнамi ўжо шарэла.
— Гэта я во толькi з Гацяў вярнуўся й сказалi, што ў цябе госьцi, дык i зайшоўся.
— Добра зрабiў, - сказаў Пракоп. — Хацеў я цябе й тваiх адразу папрасiць, алi загаварылiся. Во мой брат Хвёдар зь сям'ёй.
Алесь знаёмiўся. Прыйшла неўзабаве й Кацярына. Гутаркi на iншыя тэмы пайшлi.
На ўзгорку Гараваткi забаўляўся з Уладзiмерам Янук. Рухавы хлапец любiў санкi. Адно гаворка нiяк не вязалася й Бахмач ня ведаў чаму. Якiмi справамi цi рэчамi цiкавiўся гэты новы сваяк? Казаў, што ўжо дзесяцiгодку скончыў.
Над Лiтоўцамi асядаў мяккi зiмовы змрок. Далёка кацiлася па далiне рэха вёскi.