— Думка-ж мая была. алi-ж я вас пыталася. А сама-ж знаеш зь якой вялiкай ахвотай ты за гэта ўзялася. Зараз усiм разбрахала, давай i давай, нi задзержыць цябе нiяк…

— Каб табе Бог так здароўе даваў, як я давала! — адсекла Кмiцiха. — Каб ты ў пекле так брахала, як я каму разбрэхiвала! I як табе ня стыдна на мяне складаць! Калi Маршалкаў цябе пахвалiў, дык як каралеўна якая — галава аж пад неба, жардзiной нi дастанiш! — хадзiла. Ах каб цябе!

Аксеня здрыганулася. Быццам укушаная гадзюкай, яна зь нянавiсьцю зiрнула на Аўдолю, сьцiснула вусны. Спачатку ледзь заўважна, пасьля-ж раптоўна пачало дрыжэць ейнае цела. Неўзабаве неўтаймаваны плач суправодзiў Кмiтаву Аўдолю. Аксеня дала сьлёзам поўную волю. Разгубленая Кмiцiха памкнулася прыгарнуць да сябе сяброўку, але на паўдарозе спынiлася выцягнутая рука.

<p>23</p>

Ноччу зазiмак пацярушыў сьнегам, мароз кволымi жылкамi-нэрвамi выпрабоўваў сваё майстэрства на тонкiх скарынках лёду ў лужынах, канавах i сажалках. Ранiца прыйшла ясная, сьвежая, спакойная. Каб хоць адной галiнкай паварушыў маестатычны гаравацкi Архiп. Яшчэ блiжэй, здавалася, прыхiлiлiся да сябе зьбялеўшыя сёстры-сосны на могiльнiку. У Гаравацкай пушчы й лiпавiцкiх гаёх на дэманстрацыю прыбралiся ў новым бельлi стройныя сосны й хвойкi. Яны зьзялi ў сонцы й маглi хвалiцца сваей пышнай прыгажосьцю перад голымi бярозамi, клёнамi й асiнамi.

Далёка чуваць былi галасы пеўняў над ранкам. Слупамi выпрасталiся над комiнамi дымы. Асьцеражней хадзiла ў пушчы розная жывёльная малеча. Мёртвая маўклiня спрыяла большым дзяруном, што цяпер на помач носу паклiкалi й свае вушы.

Вялiкая грамада лiтоўскiх сялян наблiжалася да лiпавiцкага поля. Радасьцю зьзялi вочы й далёка над бельлю прыцярушанымi роўнымi нiвамi сягала вясёлая, нястрыманая гамонка.

— Зямля наша! Во калi зажывём!

— Дачакалiся! Цяперака, як свой кусок зямлi мець будзеш, дык нiякi прыблуда з твайго мазаля ня будзiць жыць. Сам сабе будзеш пан!

— А як-жа!

— Ды i во яшчо што: казаў Косьцiк, што кажны можа мець зямлi колька захочыць! Ого!

— Нi колька захочыць, а колька абрабiць можыць.

— Ну яно-ж сябе так…

— Дык цi-ж ты думаеш, што каторы паквапiцца каб мець болi зямлi чымся абрабiць будзiць магчы?

— Нашто-ж яна тады яму?

— Нiбыта па шэсьць актараў на аднаго каня…

— Ну а як каторы нi маiць каня?

— Дык дадуць…

— Толька-ж i глядзi, рот настаўляй, каб нi праваронiў як будуць даваць.

— Усё дадуць, усiм хопiць. Вунь дзе колька ўсякага дабра на маёнтках i хвальварках…

— Ну паглядзiм.

— Што тамака глядзець… ужо вiдаць.

Бадзёра сьлядзiлi прысыпаны сьвежым белым пухам гасьцiнец сялянскiя ногi. Грамада кiравалася на прасторныя, урадлiвыя гонi, што за чыгункай суседзiлi зь лiтоўскiмi начоўкамi, а з захаду канчалiся сьцяной гонкага гаю. Пракоп з Алесям маўклiва ў хвасьце валаклiся. Новы грамадзкi тэрмамэтар выпхнуў iх цi не на самае чало "прыгнечаных i эксплуацiруемых" масаў, значыцца тых, пра каторых найбольш барабанiла й быццам клапацiлася "народная ўлада". I будучыня перад iмi можа прасьцерлася проста й прывабна, як тыя ўрадлiвыя гонi, калi-б не мясцовыя "косткi ў горле". А косткi гэныя — Бурак Косьцiк i Шпунт Лявон — дзесьцi ўрачыста й фанабэрыста крочылi на самым перадзе грамады.

Дваiўся ў Пракопавай галаве сьвет. З аднаго боку — вялiзная прынада спорнага кавалка ўрадлiвай зямлi. Мара пра зямлю ўжылася, уелася ў жывое сялянскае цела й сьведамасьць з пакаленьняў далёкiх. I цi-ж запраўды Ўсемагутны наканаваў яе зьдзяйсьненьне сьцiпламу й працавiтаму Пракопу? Вунь-жа перад iм, як вокам абняць, вялiзныя, урадлiвыя, жыцьцядайныя панскiя гонi. Колькi-ж папацеў на iх пры працы на чужога прыблуду! Цяпер-жа во ягоныя хаджалыя, вытрывалыя ногi скора ступяць на гэныя гонi. Адмеруць яму ладны кавалак i вось у гэты незабыўны дзень Пракоп назаве сваiм, для сябе й нашчадкаў на векi вечныя.

I тачыў Пракопава эмацыянальнае нутро, не даваў супакою думкам чарвяк трывогi. Як пагадзiць адносiны двух мясцовых злыдняў да яго з новымi парадкамi зьверху?

Не магло быць сумлеву, што бальшавiкi бедным сялянам зямлю давалi, паноў лiквiдавалi. Значыцца, сумленна працуй, старайся, дык i табе й людзям будзе ўволю. Гэта-ж вунь пазаўчора, зь Беластоку вярнуўшыся, абедзьве «косткi» пра гэта расьпiналiся. Праўда, плявузгалi й iншыя, — насамперш Маршалкаў — i раней, ды нiхто зь iх не называў часу калi нарэшце абяцанкi зьдзейсьняцца. Гэтыя-ж во насамперш шырака пастановы беластоцкага сходу размалявалi, слова ў слова прачыталi ўсё, што было прынята для паляпшэньня долi сялянскай дый зараз узялiся тыя пастановы ў жыцьцё праводзiць.

Затуканаму-загуканаму мужыку, якога чужыя й свае паны стагодзьдзямi абскубалi, можыш нагаварыць мiльёны прыгожых слоў i яны нiчога ня будуць значыць у параўнаньнi з прыгоршчамi ягонай уласнай урадлiвай зямлi. Няхай яго сабе зь няверным Тамашам побач паставяць: не дакранецца рука зямлi дык i не паверыць.

Перейти на страницу:

Похожие книги