Размова неяк не ладзіцца. Я адчуваю сябе тут лішнім. Чую, як Лена ціха пытае ў Колі, хто я такі. Коля адказвае проста: Віцькаў знаёмы. Гэтага вельмі мала для характарыстыкі чалавека. Мне б цяпер улезці ў размову, але не хапае смеласці.
Дзяўчаты і Коля перакідваюцца нейкімі толькі ім зразумелымі словамі. Каб не перашкаджаць, я залажу ў лодку. Віцька бурчыць, як заўсёды, па-старэчаму разважліва.
— Прыліп ужо. Без гэтай Валькі жыць не можа.
Віцька яўна раўнуе Колю. Каб не дзяўчаты, дык мы імчалі б па люстранай вадзе, а так — загарай тут…
Трое нечага шэпчуцца. Дзяўчаты адмахваюцца ад Коліных прапаноў, а ён усе больш настойліва ўпрошвае іх. Потым дзяўчаты садзяцца ў лодку. Яна ледзьве ўмяшчае нас, пецярых. Коля разварочвае лодку, і мы ляцім назад паўз астравок, туды, дзе відаць пляж з парасонамі грыбкоў, сінімі павільёнамі «Марожанае» і брызентавымі палаткамі «Газіраваная вада».
Віцька пасопвае, седзячы на носе, і стараецца не глядзець у наш бок. Дзяўчаты на крутых паваротах ускрыкваюць, а Коля знарок кладзе то на адзін, то на другі бок нашу перагружаную лодку і радасна смяецца.
— Ой, Колечка, хопіць ужо…— просіцца Валя.— Каровы нашы яшчэ ў шкоду ўб’юцца.
Коля глухі да яе просьбаў. Ён бясконца рады, што можа пракаціць яе, паказаць свой матроскі спрыт. Лена толькі ўсміхаецца. Потым яна пытае ў мяне:
— А вы даўно Віцьку ведаеце?
— Не, з учарашняга,— адказваю я і, раптам асмялеўшы, пачынаю расказваць пра сябе, пра тое, як не паступіў на філалагічны факультэт.
Лена здзіўляецца.
— Як жа мы з вамі не сустракаліся? Я таксама сёлета паступала. Толькі на біялагічны. Вы ў якім патоку былі?
— У другім.
— I я. Ой, як жа мы не сустракаліся?
Лена шчыра шкадуе, што мы не сустрэліся раней. Гэта збліжае нас, хоць Лена ўсё ж паступіла, а я астаўся за конкурсам.
— Трэба было на матэматычны ісці,— кажа яна.— Хлопцам добра даецца матэматыка, не тое, што нам.
— Не, Лена, я толькі на літаратурны пайду,— адказваю я.
— То можа вы пісьменнік?
Я бянтэжуся. Мне сорамна прызнацца, што пішу вершы і іх нават друкавалі ў піянерскай газеце. А што, калі Лена чытала мае вершы? Чаму так сорамна прызнацца, што ты друкаваўся, што тваё прозвішча, можа, і не такое ўжо невядомае?
На шчасце, лодка зноў прыстае да берагу. Мне не трэба адказваць, бо Коля гаворыць дзяўчатам:
— Вы мяне крыху пачакайце, я зараз.
Дзяўчаты ўтрымліваюць Колю. Але ён непахісны. А тут яшчэ Віцька бурчыць, ужо трымаючы за павадок лодку:
— Ну, чаго залемантавалі? Цэлы вашы каровы будуць. Не разумееце хіба, што чалавек пачаставаць вас хоча.
Коля ўжо ідзе па пясчаным беразе, шырока стаўляючы ногі, быццам пад ім не зямля, а палуба марскога карабля. Вось тады зрываюся з месца і я. Мне хочацца быць далікатным і гасцінным, як і Коля. Хіба ў мяне няма грошай?..
У сінім павільёне, над якім смешны белы мядзведзь трымае ў лапах эскімо, яшчэ нікога няма. Нават трыногія столікі згружаны ў адзін кут, а лёгкія рознакаляровыя зэдлікі — у другі. Але Коля не губляецца. Адразу відаць, што тут ён свой чалавек. Ён ідзе за высокі прылавак, адтуль у нізенькія дзверы. Там у цемнаватым пакойчыку дзябёлая ў белым халаце жанчына парадкуе скрыні. Навалам ляжаць доўгія брускі штучнага лёду і дымяцца. Другая жанчына, крыху маладзейшая, стаіць у дзвярах рукі ў бокі.
— А-а-а, Коля, добры дзень,— кажа яна.— Ну, што, зноў па марожанае прыйшоў? Калі ты ўжо нас з ёй пазнаёміш?
У Колі чырванеюць вушы. Гэта добра відаць насупраць святла, што падае з дзвярэй. Ён нешта мармыча, а паўнаватая жанчына разгінае стан і пачынае сварыцца на маладзейшую:
— Ну, чаго ты да яго вяжашся? От ужо языкатая. Не за твае ж грошы ён частуе.
— Ды я нічога,— апраўдваецца тая.— Ты, Колечка, не крыўдуй. Я па-харошаму запытала. Любіць не сорамна, калі па-харошаму ўсё. Якое табе марожанае даць? Свежанькае ўсё. Толькі прывезлі.
Коля бразгоча дробяззю.
— Эскімо, цётка Ксаня.
— Колечка, нямашака. Малочнае толькі і ленінградскае. Ленінградскае — смачнае з ізюмам. Колькі табе?
Коля выцягвае руку з кішэні, і тады я бачу, што на далоні ў яго адны медзякі.
— Пачакай,— кажу я.— Я купляю. У мяне грошы ёсць, а ты свае схавай. Дайце нам дзесяць штук.
Коля хоча запярэчыць, потым совае мне свае медзякі. Я адводжу ягоную руку. Якія там разлікі! Хіба мы не сябры? Так і трэба выручаць адзін аднаго заўсёды.
Мяне апаноўвае прага транжырыць грошы. Пакуль прадаўшчыца загортвае ў кардонку дзесяць пачак марожанага, пакуль абкладае яго лёдам, я рашаюся яшчэ на адну ахвяру: бяру тры бутэлькі «кока-мока». Я забраў бы ўвесь павільён, каб меў грошы, або каб тут было яшчэ што акрамя марожанага.
Нагружаныя, мы вяртаемся на лодку. Дзяўчаты сварацца на Колю. Яны і не падазраюць, што піруюць за мой кошт. I няхай! Самае галоўнае — рабіць людзям прыемнае. Мне падзякі не трэба. I вось мы імчымся назад адной сям’ёй. Нават Віцька больш не сапе ад злосці. Хораша!
Ля статка паходжваюць ужо Валін бацька і малодшы Ленчын брат, якіх дзяўчаты падмянялі ўранку. Валін бацька ківае галавой і знарок пагрозліва кажа Колю:
— Пачакай, матрос, от станеш зяцем, я табе тады пакажу, як дзевак ад работы забіраць.