— Ну што вы, тата,— заступаецца за Колю Валя.— Мы зусім недалёка былі. Толькі вось гэты востраў абагнулі.
— А марожанае дзе куплялі? Ці можа яно на востраве за ноч вырасла?..
Дзяўчаты і Коля бянтэжацца. Затое я адчуваю сябе героем.
— Дзядзька,— кажу я,— вы ўжо на нас не сварыцеся. Гэта ўсё я вінаваты. Угаварыў паступленне Лены на вучобу адзначыць.
— Ды я нічога… Ну, дзяўчаткі, а цяпер марш дамоў. Там вас маці чакае.
Потым мы ўтрох едзем на дзіцячую чыгунку. Круцімся на каруселі ў парку. Снедаем і абедаем на адкрытай верандзе ў кафэ. Частую я, нібы той шчодры казачны прынц.
Расстаемся мы пад вечар, стомленыя, але задаволеныя сустрэчай, знаёмствам, усім тым цудоўным і добрым, што было сённяшнім днём. Пасля развітання настае тое самотнае пачуццё адзіноты, якое бывае, калі страчваеш, і можа назаўсёды, добрых сяброў. Але недзе ў грудзях яшчэ трымціць радасць, і ты адчуваеш, што тое, што было, застанецца назаўсёды ў тваёй душы, як дарагі скарб.
Я праводжу позіркам трамвай, у якім паехалі мае сябры. Нехта, мабыць Віцька, махае мне на развітанне рукой аж да тае пары, пакуль трамвай не зварочвае за вугал вялізнага дома.
Цяпер трэба збірацца ў дарогу і мне. Пара!..
3
На трэцім пуці стаіць цягнік, якім я магу даехаць да дому. Ля вагонаў тоўпяцца людзі. Пасажыраў у гэты час багата. Едуць навучэнцы, настаўнікі, выкладчыкі. Чорны вялізны паравоз час ад часу пыхкае парай, усё роўна як дзед Гаўрыла люлькай. Мітусня такая, што аж гудзе ў галаве. Але яна мне мала памагае. Ля кожнага вагона стаяць кандуктары і прыдзірліва правяраюць білеты.
Я разы чатыры прайшоўся ля цягніка, але так і не здолеў, ці можа не асмеліўся, праскочьшк у вагон. Гэты цягнік — мой адзіны ратунак. Не сяду ў яго, тады хоць ваўком вый.
Ля аднаго з вагонаў два матросы забаўляюць маладзенькую кандуктарку. Другога кандуктара не відаць. Я спыняюся непадалёк, задзіраю галаву ўгору, быццам мне вельмі цікава глядзець на руды вакзальны дах. Але ж трэба прыкідвацца, што я не проста «заяц», а звычайны, людскі пасажыр, якому трохі сумнавата чакаць адпраўкі цягніка.
Матросы ўвесь час нешта гавораць і смяюцца. I кандуктарка смяецца. Я прыслухоўваюся, але нічога не разумею. Проста хлопцам няма чаго рабіць, і яны выскаляюцца.
Паравоз далікатна свішча і памалу кратае вагоны.
— Садзіцеся, хлопцы,— кажа правадніца,— а то застаняцеся…
— Марская служба не адстане,— адказваюць ёй матросы і па аднаму ўскокваюць на падножкі.
Я іду побач і працягваю рукі, каб ухапіцца за поручні. Колы бяруць разбег. I я прыбаўляю крок. Цяпер або ніколі…
— Давай руку,— крычыць матрос і спрытна хапае мяне пад руку.
— А білет ці ёсць у яго? — сумняваецца правадніца.
— Ёсць, сястрыца, ёсць,— адказвае матрос і ўпіхвае мяне ўтамбур.
I вось я еду, прытаіўшыся ў купэ. За акном цёмная жнівеньская ноч.
Калі прыкладзешся тварам да шкла, дык добра відаць яркія, яркія зоркі. На двары, мусіць, холадна. А тут цёпла. Мяне турбуе толькі адно: раптам пойдзе кантроль? Матросы, вядома, не здагадваюцца, што ў мяне няма білета. А я ніколі ў гэтым ім не прызнаюся. Можа я не так ужо баюся кантралёраў, як сораму, калі выявяць, што ў мяне няма білета. Што тады падумаюць хлопцы?
Я заплюшчваю вочы, бачу возера, лодку, Віцьку і раптам прахопліваюся ад нягучнага голасу:
— Грамадзяне пасажыры, прад’явіце білеты…
Ускокваю, як абвараны. Ніяк не магу зразумець, з якога канца вагона даляцеў голас. Потым бачу вусатага дзядзьку, які прабівае кампосцерам білеты. Спачатку асцярожна, потым зусім не асцерагаючыся, пачынаю выбірацца з вагона.
Адступаць давядзецца ў хвост цягніка. Што будзе са мной, калі дайду да апошняга вагона?.. Хай ужо ловяць там.
Я адступаю, не спяшаючыся, здаю адзін вагон за другім. Мне здаецца, што цягніку няма канца. Каторы раз я пераходжу чыгунныя масткі, што злучаюць вагон з вагонам. На мастках ірве вецер, па-ваўчынаму падсвіствае. Агідна ляскаюць колы і вагонныя буферы: ах-ах-бац, ах-ах-бац,— папаўся…
Мінуўшы пераход, я не спыняюся ў вагоне. Тут мяне, не паспееш азірнуцца, схопяць. Я стаю ў тамбуры і праз шкляныя дзверы назіраю, калі паявяцца кантралёры. Толькі тады, як вусаты чыгуначнік даходзіць да сярэдзіны вагона, я іду ў наступны.
Вось вусач зноў паявіўся на супрацьлеглым баку. Я выбягаю на пляцоўку, аглохнуўшы ад тахкання колаў. На хвіліну спыняюся, потым рашуча адчыняю цяжкія, каваныя дзверы, каб перайсці ў наступны вагон.
Спачатку не магу зразумець, куды я трапіў. 3-пад маіх ног вырываецца чорная зямля з двума палоскамі рэек і знікае ў ночы. 3 бакоў бягуць прысады, нібы прывіды ў зачараваным царстве. Спіной да мяне, аблакаціўшыся на нізкі бар’ерчык, стаіць затуленая ў плашч постаць. Яна паволі паварочваецца.
— Чаго табе тут?
Я маўчу, нялоўка пераступаю з нагі на нагу. Чырвоны ліхтарык цьмяна асвятляе чалавека, ад таго ягоны твар выдае страшны.
— Кантралёр там…— нясмела адказваю я.
— А-а-а, Чыгунок. Гэты зловіць.