— А мне, Даша, кожная не падыходзіць.
Загурскі глядзеў у парог, міма маці. I яна старалася не глядзець на яго. Толькі цяпер я заўважыў, што маці ў новай кофце. Валасы ў яе гладка прычасаны, а на лбе закручаны ў завіточкі. Усё гэта неяк насцярожыла мяне. Далей я ўважліва слухаў размову, стараўся адшукаць у іх словах пацверджанне маім здагадкам.
— Кожная, гэта толькі так гаворыцца,— ледзь зірнуўшы на Загурскага, адказала маці.— Добрых дзевак, яно і праўда, не шмат.
— От бачыш, сама прызналася.
— I ўдаўцом жыць не выпадае.
— Ты, во, жывеш…
— Жызня, хай на яе…
На мяне яны як бы забыліся. I я моўчкі цікаваў за імі. Звычайная гаворка, якую я не раз чуў у нашай хаце. I ўсё ж мне здавалася, што размова вядзецца не так сабе. Яны як бы прыглядаліся адзін да аднаго, як бы хацелі сказаць нешта больш значнае, ды не адважваліся.
Цвыркуны перасталі крычаць за печчу. Тады выразна пачулася, як шуміць за сценамі вецер, як сіпіць, патрэсквае ў лямпе кнот.
— Хай яно скісне, думай, думай, а толку ніякага. Завялі мы з табой не пра тое зусім.
Цяпер яна глядзела Загурскаму проста ў вочы і чамусьці ўсміхалася.
— Што ж ты рабіць намеран? На мой бабскі розум, дык табе варта ехаць. Думаць няма чаго.
— А я думаю. Яшчэ як, аж галава пухне,— Загурскі памаўчаў крыху.— Знаеш, Даша, да горычы крыўдна. Помню, прыехаў да нас упаўнаважаны з горада. Сабраў нас, камсамольцаў, пачаў расказваць, што, як і для чаго мы рабіць павінны. Мне тады толькі шаснаццаць гадоў мінула. Увосень у камсамол уступіў. Слухаў я таго ўпаўнаважанага, і нібы пада мной агонь гарэў — уседзець ніяк не мог. Так ясна і проста ён пра ўсё расказваў. Спачатку арцель, пасля саўгас, камуна. Камунізм. Усяго хапае. Усе свядомыя — не за страх, а па сумленню працуюць. Вось павер, Даша, хацелася ўскочыць і праз ноч ісці арцель арганізоўваць, цягнуць людзей да святла, да шчасця, якога яны разумець не хацелі. Зарад мы той дарма не растрацілі. Калгас стварылі. I парадкі навялі ў ім. Ты, можа, не помніш, а толькі наш калгас у трыццатым годзе атрымаў першую прэмію.
— Помню, як жа не помніць,— азвалася маці.
— Ну, вось, помніш. I да вайны жылі як людзі, хоць і падсеклі нас аднаасобнічкі ў трыццаць трэцім. Расфундзілі сваю гаспадарку, ды галякамі ў калгас уступілі. Ні кароў, ні насення. А вытрымалі ж мы. За два гады на ногі сталі. I зноў да нас ездзілі вучыцца.
Загурскі задумаўся. Круціў у пальцах відэлец, хмурыў густыя бровы. Маці таксама нешта ўспамінала, але сваё, вясёлае. Вочы гарэлі жартаўлівымі агеньчыкамі. Загурскі грукнуў відэльцам аб стол, прыціснуў яго двума пальцамі:
— Дык чаму ж цяпер парадкаў няма? Вайна? Так, вінавата. Але ж колькі гадоў мінула, а Зарэчча ўсё ніяк на ногі не стане. Дык як жа я магу кінуць-рынуць усё і на лёгкі хлеб. Пачэсна, канечне. Інструктар. Лектар. Дакладчык. А тут хто будзе працаваць? Макуха? Цопа?
— На ліха табе здароўе гробіць? — ні то спыталася, ні то параіла маці.— Ды і са сваімі заядацца не варта. Людзі ў нас папрывыкалі да такой жызні. Работы не бог ведае колькі, а жыць можна.
— Што ж у нас палучаецна? — у Загурскага разы два торгнулася шчака, а брыво неяк заламалася, выгнулася трохкутнікам.— Партыя нас на дарогу выводзіць, а мы, як блазнюкі, хто куды, па абочынах. Не, Даша, не ўсе так думаюць, як ты кажаш. Паслухай Данілу. Ён іншай думкі. I не адзін ён. А ўсе тыя, што кожны дзень працуюць, ды сапраўды з-за іншых нічога са свайго працадня не маюць.
— Ат, знайшоў каго слухаць— Данілу. Той спіць і ў сне партфель бачыць…
— Ну, ты кінь. Гэта ўжо няпраўда.
Я таксама не мог уцярпець. Даўней, калі Даніла быў брыгадзірам, у нашым тады невялічкім калгасе парадак быў намнога лепшы. Маці, аднак, слухаць мяне не стала, махнула рукой.
— А ты што разумееш? — і панесла ад стала патэльню.
Калі Загурскі пайшоў, маці неяк дзіўна ўздыхнула, быццам пачула пра нейкую радасць, і пашкадавала, што яна прызначаецца не ёй.
— Будзе камусьці шчасце. I грошы ёсць, і, от паглядзіш, паставяць у начальства. Ды і не стары яшчэ. Шляхціцы ў яго гады на маладзенькіх жаніліся.
Мне здалося, што маці шкадуе сябе і зайздросціць камусьці нядобрай, злой зайздрасцю.
2
Паляцелі сумныя, аднастайныя дні. Ужо ў сярэдзіне кастрычніка паплылі з захаду бурыя калматыя хмары, сеючы на зямлю золкі, дробны дождж. Дарогі набрынялі, распаўзліся. У нізінах на пожнях стаялі вялізныя лужы і ў іх адбівалася свінцовае, непрыветлівае неба. Сяк-так з дапамогай студэнтаў выкапалі бульбу і скасілі авёс. Работа адвалілася, хоць, на добрае вока, яе хапала.
Людзі выходзілі з хат неахвотна. Больш завіхаліся на сваёй гаспадарцы. Чакалі пагодлівых дзён, каб распачаць малацьбу. Пакуль да нас нават нельга было прывезці малатарню.