Я не знаходзіў сабе месца. Чытаць не было чаго. Дзесятак тоненькіх кніг, некалі набытых на кніжных кірмашах, даўно быў вывучаны на зубок. Ісці ў цэнтр калгаса па кнігі — далекавата. Колькі разоў я хадзіў да Данілы ў хату. Там заўсёды было тлумна. Прыходзілі калгаснікі, спрачаліся, расказвалі Загурскаму пра парадкі ў брыгадзе. Я заўважыў, што прыходзяць сюды больш тыя, хто заняты на пастаяннай рабоце, хто сапраўды працуе ўвесь дзень. Астатнія збіраліся ў Восіпа. Зарэчча як бы раскалолаея папалам.
Пзслухаўшы размовы дзядзькоў, я непрыкметна ішоў на другую палавіну хаты, да Шуры. Звычайна заставаў яе за сталом. Нізка схіліўшыся, яна рашала задачы або нешта пісала. Са мной віталася ветліва, цёпла. Але гаварыць не было пра што. Добра яшчэ, калі ў яе не выходзіла задача. Тады, нахіліўшы над задачнікам галовы, мы ўпарта шукалі рашэння. Прызнацца, я часам знарок не падказваў яго, каб хоць крыху больш пабыць разам.
Успаміналіся летнія дні. Востраў на возеры. Нашы размовы. Аднаго разу, напярэдадні майго ад’езду на экзамены, заікаючыся і чырванеючы ад сораму, я прачытаў Шуры свой верш, напісаны па-руску.
Копошится в сердце грусть.
(Отчего бы? — спрашиваю…)
Копошится,
Ну и пусть —
Семнадцатую весну ведь вынашиваю.
На закат посмотрел:
Он сегодня красный.
Видно, ветер-пострел
В солнце дул напрасно.
Не погасло оно,
разгорелось только…
Почему же, скажи, так на сердце горько?
Неужели от того,
что любовь нагрянула?..
С нею я поборюсь:
К черту грустную грусть…
Грусть, как в воду, канула.
Шура тады здзіўлена паглядзела на мяне. У яе вачах была збянтэжанасць. Ды і я адчуваў сябе не дужа добра.
— Сам напісаў? — запыталася яна.
— Сам,— адказаў, чакаючы адабрэння.
Але Шура загаварыла пра іншае. Быццам я і не чытаў ёй верша. А потым, ідучы дамоў, сказала:
— У цябе, Янка, ёсць талент. I праўда, раскідацца ім не варта…
Тады я не надаў значэння яе словам, а цяпер было няёмка. Хацелася пагаварыць з Шурай, сказаць ёй, што ў тым вершы не было і грама праўды. Хіба ж я сумаваў з Шурай? Хіба баяўся кахання або збіраўся ахвяраваць ім? Проста, аднаго разу глядзеў на заход сонца, маркоціўся, што нельга было пайсці на спатканне, і вельмі лёгка, адразу, напісаў верш.
Пагутарыць нам не ўдавалася. У хаце заўсёды была Шурына маці. Ды і Шура, як мне здалося, неахвотна заставалася са мной. Не было і тых шчырых адносін, як улетку. I я вінаваціў толькі сябе. Атрымалася так, што я абразіў дзяўчыну, абвінаваціў, быццам яна навязваецца мне са сваім каханнем.
Было шкада летніх дзён і невыказаных слоў, якіх вельмі многа тады хацелася сказаць. Не было б дажджу, можа зноў пайшлі б калі на возера. Шура ўсё зразумела б. Яна ж разумная.
Неяк у суботу пад вечар маці паслала мяне да Макухі. Трэ было папрасіць назаўтра каня, каб адвезці на рынак яблыкі.
Сцяпана не было. Цётка Марына сустрэла мяне ў сенцах, пацягнула ў хату.
— Зайдзі, во, Канстанцінавіч, пасядзі троху. Адны ўвесь дзень ў хаце. Словам няма з кім перакінуцца.— А калі мы увайшлі, крыкнула ў бок перагародкі: — Хрысціна, паглядзі, хто да нас прыйшоў…
3-за аксамітнай парт’еры неўзабаве паявілася Хрысціна. У яе быў заспаны твар, але чорныя косы акуратна заплецены. Яна пазяхнула і неяк ляніва сказала:
— Спіцца ў дождж. Ачмурэць можна,— і адразу ж запыталася: — На вечарынку заўтра пойдзеш, ці можа, ужо і знацца з намі не хочаш? У горад, я чула, ісці збіраешся.
Сцяпаніха падхапіла яе словы:
— А божачка, чаго ён тут не бачыў!.. Гэта ж ты, во, не захацела вучыцца.
— Завяла ты, мама, сваё,— абыякава сказала Хрысціна і прысела да стала.
Сцяпаніха прынесла вяндлёную шынку, салёныя гуркі, памідоры.
— Давайце, во, дзетачкі, пачастуйцеся. Побач жывём, а за сталом адзін у аднаго не бываем.
За стол садзіцна не хацелася. Трохі было сорамна,— які я госць,— трохі пабойваўся маці — будзе сварыцца, што забавіўся.
— Запрашай, Хрысцінка, госця,— казала цётка Марына, бегаючы ад печы да стала.— Я ж і кажу — самае залатое ўрэмечка ў вас цяпер. I пагуляць, і павесяліцца трэба, пакуль клопаты не зваляцца на плечы. Я дык Хрысціну не прымушаю працаваць. Хопіць, што сама за свой век нарабілася. Бывала, і жыта жнеш, і бульбу капаеш, увосень малоціш, пасля кудзелю прадзеш. Хапіла работы. Ды яно іначай і не было як жыць. Бацька мой некалі ўсё на зямлю ўзбіваўся, пасля машыны хацеў купіць, каб не трэба было ў людзей браць малатарні ды веялкі. А мы са Сцяпанам да вайны хату будавалі. А вам цяпер няма чаго шчыраваць. Камунізм, кажуць, скора будзе. У Мікалаеўшчыне вунь загад прыйшоў. Дамы цагляныя, як у горадзе, будуць будаваць. Так што цяпер пра адно клопаты, як бы паесці ды адзець што было.
— Ладна табе ўжо,— ленавата махнула рукой Хрысціна.— Відэльцы во падавай хутчэй.
Сцяпаніха борздзенька пабегла на кухню па відэльцы. Мне было непрывычна, што маці так шчыра слухае дачку. У нас дома такой завядзёнкі не было: распараджацца магла толькі маці.