Стась бялее ад злосці. А Ягор толькі ўсміхаецца сваёй здзеклівай усмешкай.

— Давай атэстат,— рашуча кажа Стась.— А то вунь штэмпель мазутны паставіў.

Ягор згортвае атэстат, але не аддае. Яму, відаць, падабаецца, калі Стась злуецца.

— Нічога, атэстат і ў мяне цэлы будзе. А то ты яшчэ яго ў Мінск адашлеш. А што заляпаў крыху, дык не бяда. Адразу скажуць: рабочага чалавека сын паступае.

Мне робіцца крыўдна за Стася. Столькі абраз не выцерпеў бы ні адзін чалавек. А Стась церпіць. Ён толькі мяняецца ў твары, то чырванее, то бялее. Не мая справа абараняць Стася, але я ўжо не магу стрымацца. Якая справа бацькам да нас? Чаго ім трэба? Мы неяк і без іх знойдзем дарогу.

— Дзядзька Ягор,— лезу я ў размову.— Стась не хоча быць ветэрынарам.

— А кім жа вы хочаце быць? — сярдзіта пытаецца Ягор.— Можа міністрамі? То яшчэ няхай зады пер’ем абрастуць.

— Мы адвакатамі будзем.

— Знайшліся аблакаты. На лёгкі хлеб пацягнула. А ты ў зямлі пакалупайся… — Ягор ужо не ўсміхаецца. Ён адкінуў прэч свой кплівы тон і цяпер гаворыць усур’ёз: — Стрыкулістаў гэтых цяпер усюды хапае. А толку ніякага. Ды і заробак у іх курам на смех. Адно званне толькі што аблакат. Сербане ўранку чайку і ходзіць увесь дзень, кішкі падшчаміўшы. А Іваноў вунь леташняга сала кубел мае. Ды сёлетняга два. Во як жыць трэба…

— А я так не хачу жыць. Мне тваё сала во дзе сядзіць, аж горка.

Яны стаяць адзін супраць другога, абодва сухарлявыя, злосныя, з гнеўнымі вачыма. Стась ужо не выдае прыбітым і баязлівым. Але я ведаю, што вытрымкі ў яго хопіць ненадоўга. Таму я пачынаю падтрымліваць Стася.

— Дзядзька Ягор,— крычу, каб заглушыць іх галасы,— думаеце, сала — дык гэта ўсё? Думаеце, пяцісценка — раскоша? А што ў Іванова яшчэ ёсць? На душы? Нічога. П’е.

Ягор спыняе на мне цяжкі, нібы свінцовы, позірк. Верхняя губа з рэдкай рыжай шчэццю ўздрыгвае, агаляючы пракураныя зубы.

— А табе якое дзела? Іш, замалаціў. Па мне, ідзі хоць на пракурора — слова не скажу… А яго не пушчу. Баста!

Ягор падцягвае шырокія штаны.

— Я з табой яшчэ пагавару,— узлазіць ён на трактар і грозіць адтуль Стасю.— Бач ты, наслухаўся гэтага байструка Дар’інага і тожа мне лыч закапыліў… Я табе яго саб’ю.

Трактар натурліва тузаецца, спыняецца і, зноў ірвануўшыся, бяжыць па полі. Мы стаім, схіліўшы галовы, і чамусьці саромеемся паглядзець адзін аднаму ў вочы. Быццам не хто іншы, а мы самі зрабілі нешта благое. Потым ідзём па полі на дарогу. Мне хочацца сказаць Стасю, што ягоны бацька жорсткі і несправядлівы чалавек, але баюся пакрыўдзіць сябра. Яму і так горка. I раптам Стась сам загаворвае са мной. Але як!

— Ляпнуў! Ну хто цябе прасіў казаць, што ў Мінск едзем.

— А чаго тут хавацца. Раз дамовіліся, дык і кажы. Мяне хай бы на кавалкі рэзалі, а ад свайго не адступіўся б.

— Табе што. У цябе маці. А мой, што не так — па зубах. Думаеш, ахвота мне, каб кожны раз па мордзе білі?

— Дурняў заўсёды білі, а яны дома сядзелі.

— Падумаеш, разумнік… Ці даўно цябе матка венікам хвастала.

Гэта праўда. Але яна абурае. Навошта Стасю ўспамінаць пра тое, што было. I я адказваю злосна:

— Маю маці не чапай. Твой бацька і падэшвы яе не варты. Як яго з механікаў гналі, тады ён не тое казаў…

Стась спыняецца, глядзіць на мяне ашалелымі ад злосці вачыма. А я прыбаўляю кроку. Сорамна. Навошта пакрыўдзіў хлопца?

2

У канцы дваццатых гадоў наша вёска Зарэчча была цэнтрам зарачанскага калгаса. Пазней, калі калгас вырас, яна стала цэнтрам брыгады. Цяпер Зарэчча частка дзевятай брыгады вялізнага калгаса «Наперад». Але, як і некалі, брыгадзір або яго намеснік, ці ўчотчык бегаюць па хатах, угаворваюць людзей ісці на працу. Людзі папрывыкалі да гэтага. Зручна. 3 вока на вока з брыгадзірам можна палаяцца або пагаварыць шчыра. Можна пачаставаць брыгадзіра чаркай і атрымаць лягчэйшую работу. Можна, наогул, нікуды не ісці. Выгод шмат.

Зарэчча на водшыбе. Да цэнтра калгаса аж восем вёрст. Таму да нас начальства заглядае рэдка. Можа каб у Зарэччы быў цэнтр брыгады, начальства заглядала б часцей, а так рабіць яму тут няма чаго. I людзі не вельмі засмучаюцца гэтым.

Зарачанцы таксама нідзе не бываюць. Скаргі адсылаюць праз паштальёна, аднарукага Піліпа Вострыка. Праз яго ж атрымліваюць і адказы. Вострык — адзінае, хоць і не вельмі надзейнае, звяно сувязі з цэнтрам калгаса. Але ён часта хварэе. Тады весткі з канторы даходзяць да зарачанцаў праз памочніка брыгадзіра Сцяпана Макуху. Але гэтым весткам не дужа вераць, бо Сцяпан добры манюка.

Клуба ў Зарэччы няма. Даўней, калі ў вёсцы была брыгада, на раскрыжаванні дарог стаяў клуб. Там можна было згуляць у даміно на доўгім стале, а таксама патанцаваць. Цяпер клуб пераданы сельпо. Хоць наша вёска і не цэнтр брыгады (цэнтр знаходзіцца ў Русаках), але краму адчынілі тут. Яно і сапраўды, лепшага месца для крамы не знойдзеш. Зарэчча ляжыць на скрыжаванні дарог, адна з якіх ідзе з горада на Баваршчыну, другая са смаленскай шашы на суражскую. Месца тут бойкае, і гандаль ідзе поўным ходам.

Перейти на страницу:

Похожие книги