3 хаты выходзіць Шура. Яна спыняецца на ганку і жмурыцца ад сонца. Потым пачынае рагатаць.

— Дык ці не цябе прыслалі ток чысціць?

— А што, думаеш, не змагу?

— Не, гэта ж Сцяпан агітаваў нас, дык абяцаў самага лепшага хлопца з усяго калгаса за старшага прыслаць.

Я крыху бянтэжуся. Шура заўважае гэта і абрывае смех, потым гукае дзяўчат:

— Дзеўкі, старшы прыйшоў!..

Дзеўкі высоўваюцца ў расчыненыя вокны.

— Іван Дар’і,— а бо! — во дык старшы!

Гэта гаворыць Анютка Какосцікава, якую хлопцы празвалі «шкілетам». Мяне пачынае разбіраць злосць. Не мог гэты «слухай сюды» паслаць на лепшую работу?..

— А што, ён і праўда, нічога!.. Фацэтненькі… Толькі гонару шмат. Мы яго, дзеўкі, праз мялку прапусцім, дык памякчэе,— у вачах Веры Какосцікавай здзеклівы смех.

— Ты лепш свайго Стася праз мялку прапусці,— агрызаюся я.

— Гэта ўжо не твой клопат.

Спрэчку спыняе Сцяпан Макуха. Ён паяўляецца, як здань, нечакана.

— Дзеўкі, слухай сюды, ідры вашу тры, хутчэй збірайцеся, хопіць чапурыцца!.. А ты бяжы па хамут. У каго ён толькі? Здаецца, у Тараса.

— Вупраж, дзядзька, у нас,— адказвае Шура.— Вунь там пад паветкай, на калку.

Яна першая бяжыць пад паветку, а я іду за ёй следам памалу. Стаўшы на дыбачкі, Шура спрабуе зняць вупраж з калка, але да хамута яна дастае толькі кончыкамі пальцаў.

— Пачакай, я сам,— кажу і таксама цягнуся рукамі ўгору.

— Ты, Янка, прабач, што так няўдала пажартавала,— просіць Шура, і гэта вельмі здзіўляе мяне.

— Палезуць гэтыя Какосцікавы — дам па мордзе… Знайшліся прыгажуні…— бурчу я і цягну вупраж на вуліцу.

Сцяпан-«слухай сюды» цягне за аглоблі ад Какосцікавых калёсы з драбінамі, ці, як завуць у нас, мары. Анютка і Верка папіхаюць мары ззаду. Папіхнуць крыху і прысядуць на градку. Сцяпан азіраецца, пачуўшы цяжар, нязлосна крычыць: «Ну, я зас, сухарэбрыцы!» Шурчын брат Лёшка прыводзіць з пашы каня, рыжага і маленькага. Сцяпан памагае мне запрэгчы каня, дзяўчаты ўзлазяць на мары, і мы едзем на ток.

Летась у ім малацілі, а пасля мялі лён. На застаронках і ў ёўні поўна мякіны, гнілой трасты, кудзелі і кастрыцы. Усё гэта зляжалася, прагніло, а зверху пакрылася шараватай плесенню.

На таку халаднавата ад вільгаці, хоць на двары так і прыпякае сонца. Дзяўчаты бяруць вілкі, пачынаюць чысціць застаронак. У нос шыбае гніллю. Абедзве Какосцікавы працуюць ленавата: учора яны былі на вечарынцы і, мабыць, не выспаліся. Яны больш стаяць, паставіўшы нагу на край вілак. Затое Шура працуе шчыра. Падкалупвае смецце, лёгка ўскідае на воз.

— Дзеўкі,— кажа яна,— калі так працаваць, дык мы і за тыдзень ток не ачысцім.

Какосцікавы пераміргваюцца, але пачынаюць завіхацца больш старанна. Нарэшце, воз поўны. Разам з Шурай я вязу яго на поле. Шура ідзе побач са мной, ускінуўшы вілкі на плячо.

— Куды ты, Янка, заяву падаў? — пытаецца яна.

— На літаратурны, у Мінск.

— Зайздрошчу я табе. Мне яшчэ год вучыцца.

Шура вучыцца не ў Кардонскай школе, а ў Задуброўскай. Да Задуброўя бліжэй. Калі я пачынаў хадзіць у пяты клас, Задуброўскай школы яшчэ не было. Таму мы неяк мала ведаем адно аднаго, хоць і жывём у адной вёсцы.

— Год непрыкметна праляціць,— падбадзёрваю я Шуру.

— Гэта праўда. А конкурс там вялікі?

— Канечне, з усёй Беларусі едуць…

— Страшна будзе трымаць экзамены. Гэта ж сваім настаўнікам здаеш і то перакалоцішся як.

— Нічога, калі ведаеш, дык не так ужо боязна. Вось з нямецкай мовай горш. Там, кажуць, па-нямецку пытанні задаюць.

— А я нямецкай не баюся. Нас настаўнік прывучае размаўляць па-нямецку. Хочаш, магу памагчы?

Я адмаўляюся. Не хапала, каб пасля смяяліся з нас. Ды і Шура не настойвае. Але ўсё ж прыемна, што Шура таварыская дзяўчына, не тое, што гэтыя Какосцікавы.

Мы вяртаемся на ток. Яшчэ здалёку чуем, як пяюць Какосцікавы, стараюцца перакрычаць адна другую:

Матросёнок молодой,

Аленькие губки.

Ты возьми меня с собой,

Еду в одной юбке.

Шура ўсміхаецца. I мяне разбірае смех. Я ўспамінаю традыцыйны недарэчны танец абедзвюх Какосцікавых, Марыны Макухі і тоўстай Алены, дачкі жулікаватага Халімона Лепятухі. Не было яшчэ ні адной вечарынкі, каб гэтая чацвёрка вараных не выходзіла на круг. Стануць адна супраць другой, накрыж, як малыя дзеці, пляскаюць у далоні і крычаць пранізлівымі галасамі пра матрасёнка. Мне чамусьці было сорамна за дзяўчат. Здавалася, што яны на ўсю вечарынку выстаўляюць сваю дурасць.

Дзяўчаты ляжаць на траве, абняўшыся ў самазабыцці, і нібы скардзяцца на свой лёс:

Прошёл год, прошёл другой,

Дочь идёт уныло:

На руках она несёт

Матросёнка-сына.

Шура саскоквае з мараў, ідзе да дзяўчат і нерашуча садзіцца побач. Тыя не звяртаюць на Шуру ўвагі. Яны прадаўжаюць цягнуць пастылую песню.

— Дзяўчаты,— просіць Шура,— кіньце вы гэтую песню. Давайце што-небудзь новае спяём.

Какосцікавы абрываюць песню на самай высокай ноце, ляжаць заплюшчыўшы вочы. Здаецца, тое, пра што яны спявалі, узрушыла іх да глыбіні душы.

— Янка. «I ў снег, і ў вецер» — знаеш? Садзіся, Янка.

Я неахвотна апускаюся побач з Шурай. Спяваць мне не вельмі хочацца. Я сяджу, абхапіўшы калені, чакаю, пакуль Шура, пачне запеў:

Забота у нас простая,

Забота наша такая:

Жила бы страна родная,—

И нету других забот.

Перейти на страницу:

Похожие книги