Прызы і кубкі Загурскі паставіў на падаконнікі, астатняе запіхнуў у шафу. Пакуль ён ладкаваў рэчы, маці стаяла, скрыжаваўшы на грудзях рукі.
— Не разумею,— сказала яйа,— як ты жыў… Гэта ж нібы ў таго цыгана: адно крысо пад бок, другім — накрыўся.
Загурскі ўсміхаўся. Ён, мабыць, не адгадваў матчыных думак. А ёй, я ведаў гэта добра, вельмі хацелася, каб муж прывёз у хату не адну машыну дабра.
— Яно і праўда, мы з Антанінай, як цыганы, жылі. Усё па свеце вандравалі. Рэчы нам як бы перашкаджалі…
— Як жа яны могуць перашкаджаць? — у матчыным голасе было здзіўленне і расчараванне.— У хаце кожны цвічок, кожная трэсачка да месца. Дзе ж вы ложкі, крэслы, усякую драбязу дзявалі?
— Суседзям пакідалі.
— Столькі дабра пагублялі…— пашкадавала маці.
— Не рэчы нас набываюць, а мы іх,— азваўся Загурскі.
Раніцай, яшчэ нацямку, Загурскі снедаў, браў з сабою абед, старанна падрыхтаваны маці, і на ўвесь дзень знікаў з хаты. Я ведаў, што работы ў яго хапае. Неяк выходзіла так, што на плечы Загурскага з першага дня работы намеснікам лёг асноўны цяжар клопатаў аб калгасе. Вяртаўся дамоў ён позна, калі Зарэчча ўжо спала. Маці адчыняла дзверы, нешта буркавала, тупаючы па кухні. Загурскі смяяўся звонка і весела.
Пасля вячэры яны яшчэ доўга сядзелі. Загурскі расказваў пра справы ў калгасе, і маці падтаквала яму або часам старалася нешта парадзіць. Звычайна Загурскі адказваў:
— Так, Даша, не пойдзе. 3 людзьмі трэба па людску жыць. Загадваць ды палохаць прасцей простага.
— Але ж з нашымі людзьмі інакш нельга,— не здавалася маці.
— То, Даша, толькі здаецца, што па-харошаму не можна кіраваць. Я нядаўна падлічыў, што ў леташнім годзе праўленне аштрафавала дзевяноста чалавек. Але дысцыпліна ад гэтага не палепшылася. Сёлета яшчэ нікога не штрафавалі, а людзі працуюць лепей. Нават тут, у Зарэччы, людзі мяняюцца.
— Хто там мяняецца,— не згаджалася маці.— Цопа вунь у краму прыстроіўся. А Макуха толькі і глядзіць, дзе можна ўкрасці.
— I яны ўжо не тыя.
— Гэта праўда,— згаджалася маці.— Цяпер і яны пабойваюцца.
Я слухаў іх гамонку і адчуваў, як ніколі, адзіноту. Яны як бы забываліся на мяне, бо ім было добра ўдвух. А можа мне здавалася? Можа я выдумляў тую адзіноту, бо зрэшты мне хапала клопату. Не ведаю чаму, але дзядзька Даніла стараўся ўскласці на мяне як мага больш работы.
— Хачу з цябе сапраўднага брыгадзіра зрабіць,— казаў ён, і я быў рады, што мне давяраюць, што ёсць дзе размахнуцца, паказаць сябе з лепшага боку.
Яшчэ мяне сагравала каханне. Я клаўся спаць з думкай аб Хрысціне і з гэтай думкай прачынаўся ўранку. Паснедаўшы, я бег да Макухі, кожны раз выдумляючы прычыну. Цётка Марына сустракала мяне прыветліва, нават залішне прыветліва. А Сцяпан заўсёды лаяў Загурскага, вучыў мяне не паддавацца айчыму, бо калі я папушчуся, дык толькі і чакай, што Загурскі выжыве з хаты. Я цярпеў і цётчыны пахвалы і Сцяпанавы павучанні. Мы перакідваліся з Хрысцінай некалькімі словамі, абменьваліся позіркамі, пасля якіх я мог варочаць горы. Так беглі дні…
4
Фруза Салей была таварыская дзяўчына. 3 выгляду яна, вядома, не дужа эфектная, але, як толькі пачынае гаварыць пра кнігі, адразу забываешся на яе востры носік, на шыракаваты рот, на кароценькія рэдкія бровы, на шэрыя бясколерныя вочы — адным словам, забываешся на ўсе Фрузіны недахопы.
Не ведаю чаму, але неяк так вядзецца на свеце, што прыгожыя дзяўчаты часцей за ўсё пуставатыя, а тыя, што разумныя, не маюць вялікай прыгажосці. Стась кажа, што гэта разумны баланс прыроды. А я лічу, што — найвялікшая несправядлівасць. Прыгажосць і розум павінны дзяліцца пароўну.
Я быў разгубіўся, калі Фруза паявілася ў нашым Зарэччы. Мы з Хведарам везлі са станцыі ўгнаенне і за Пагостам дагналі дзяўчыну ў вузенькіх штоніках і рабенькім паліто.
— Глядзі,— здзівіўся Хведар,— адкуль тут гэтая божая задрыпа ў штанах паявілася?
Ён пад’ехаў зусім блізка і з усёй сілы націснуў сігнал. Машына загула, як пажарная сірэна. Дзяўчына падскочыла, нібы той заяц з перапуду, потым сіганула ўбок. Я пазнаў яе. Мне стала сорамна.
— Гэта бібліятэкарка,— сказаў я Хведару.
Ён спыніў машыну, адчыніў дзверцы і, высунуўшы ў іх галаву, іранічна заўсміхаўся:
— Даруйце, што напалохаў. Мо падвезці?
Я стрымана прывітаўся, думаючы, што Фруза дарэмна зусім надзела штаны. У горадзе, можа, штаны і прыстойная для дзяўчыны вопратка, а на вёсцы гэта ўсё роўна, што голай хадзіць — кожны будзе лупіць вочы.
— А не цесна нам утрох будзе? — запыталася Фруза, спрытна ўзлазячы на падножку.
— Не, вы толькі да Янкі цясней туліцеся, ён любіць гэта. Я і сам бы не супраць, але баранка ў руках.
Мне давялося пасунуцца, каб Фруза магла ўціснуцца ў кабіну.
Хведар усю дарогу падколваў бібліятэкарку, яна даволі дасціпна зводзіла яго хамаватыя жарты на бяскрыўдныя жарцікі, а я думаў, што трэба будзе запрасіць Фрузу дамоў і тут ужо не абмінеш матчыных калючых вачэй і вострага языка.