Хмары закрывалі месяц, таму было цемнавата, але не так, як звычайна, калі цемра слепіць вочы: навокал як бы бруілі невыразныя, мяккія змрокі. Яшчэ здалёк я ўбачыў людзей, што тоўпіліся пад вокнамі Макухавай хаты. Мяне адразу абдало гарачай хваляй. Ну вось і ўсё… А казала, што любіць!.. Было так крыўдна, што снег, вечар, дарога, вёска, прысады — усё на свеце страціла сваё рэальнае існаванне. Навокал панавала панылая пустата. Цяпер мне было ўсё роўна, куды ісці. Я павярнуў назад. Але дарога дамоў аказалася закрытай. 3 гары з песнямі ішлі дзяўчаты. Сустракацца з імі мне не хацелася. Таму я пайшоў туды, дзе стаяў натоўп.
Ля Сцяпанавай хаты гаманілі людзі. Праз вокны на двор падалі яркія палосы святла. Людзі, што траплялі ў яркае святло лямпы, здаваліся дзіўнымі, нежывымі ценямі. Цені мітусіліся, ківаліся, быццам прывязаныя да нітачак марыянеткі.
Я паспрабаваў трымацца далей ад святла. Але мне вельмі хацелася пабачыць Хрысціну. Я чамусьці падумаў, што яе прымусілі прыняць сватоў. Можа яна чакае таго імгнення, калі паяўлюся я і выратую яе ад гэтай назолы-жаніха. Перада мной адразу ж узніклі прывабныя малюнкі смелага выратавання любімай, дзікай пагоні жаніха, крывавага бою на лясной заснежанай паляне, уцёкаў з Хрысцінай у далёкія краі.
Праціснуцца да акна было нялёгка. Але што не зробіш, калі вырашаецца не толькі твой асабісты лёс. Прыціснуты людскімі плячамі да аканіцы, сціснуты, як у клешчах, з усіх бакоў, я ўсё ж зазірнуў у акно.
Першае, што я ўбачыў, быў рог стала, на якім красавалася батарэя бутэлек. Потым, за імі, я разгледзеў Сцяпана. Ён нешта гаварыў, па прывычцы падскокваючы на крэсле. Затым убачыў цётку Марыну ў новым плацці і квяцістай кашміравай хустцы. Яна стаяла да нас спіной, засланяючы астатніх гасцей. Нарэшце адышлася, і тады перада мной паявіўся знаёмы, падобны на аўсяны блін, плоскі твар з маленькім носам. Гэта быў той самы чалавек, што стрэўся мне тады, як я ехаў на нараду ў калгасную канцылярыю. Побач з ім сядзела Хрысціна і ўсміхалася.
Ні ценю смутку! Калі ж яна прыкідвалася — тады ці цяпер? Ах ты, падлюга! Мне хацелася крычаць, плакаць, бегчы ў ноч ад сораму і гора. Але я стаяў. Жаніх, нахіліўшыся да Хрысціны, нешта гаварыў ёй на вуха. Яна павярнулася да яго тварам. У вачах зацікаўленасць. Ён паклаў руку на яе спіну, тоўстымі, каструбаватымі пальцамі ўчапіўся за плячо. Чаму яна не абураецца?..
Я неяк выбраўся з натоўпу і тут жа трапіў у кола дзяўчат.
— Дзеўкі, глядзіце, Янка!..— пачуў я голас Анюткі Шкілета.
— Гароху цяпер не сеем, а то вянок сплялі б,— азвалася Халімонава Алена.
— Ой, трэба ён ёй быў… Вучаныя дужа ненадзейныя жаніхі.
— Памаўчала б лепей.
— Яначка, я вольная і далібог не здраджу. А цалавацца не горш за Хрысціну магу.
Какосцікава Верка зарагатала са свайго жарту, а нехта сіпата вылаяўся:
— У каго што, а ў нашай Веркі адно пацалункі на ўме.
— Паскуда, цьфу табе, дурань.
Дзявочыя кулакі дружна замалацілі некага па спіне. Я скарыстаў замяшанне і, не доўга думаючы, плетануў дамоў.
Вяселле было прызначана на наступную нядзелю. Мне здавалася, што Хрысціна спяшаецца знарок, каб хутчэй уцячы ад маіх разгневаных вачэй. Я стараўся пабачыць яе, але яна была вельмі занятая.
Русаковіцкая краўчыха Улляна Жылка ўвесь дзень шыла вясельныя ўборы, і Хрысціна павінна была сядзець дома або ездзіць у горад за тканінай. «Зрэшты,— думаў я,— проста яна не хоча сустракацца. Сорамна. Клялася ў каханні, а замуж ідзе за другога». Часам у мяне ўзнікала неадольнае жаданне пайсці да яе самому. Але смеласці не хапала. Таму я пакутаваў удвая.
I ўсё ж мы сустрэліся. Я падпільнаваў Хрысціну, калі яна вярталася з кардонскай крамы. Пра тое, што яна паехала ў Кардон без праважатага, я дазнаўся ад Анюткі Шкілета.
У ляску ля рэчкі я прастаяў гадзіны дзве. Перадумана за гэты час было шмат. Я то ўзгараўся гневам, і тады мне здавалася, што ненавіджу Хрысціну і магу зрабіць нешта брыдкае, то астываў, набіраўся развагі, і тады Хрысціна паўставала перада мной ва ўсёй прыгажосці сваёй душы. У такія мінуты я любіў яе яшчэ больш і гатовы быў плакаць ад гора. Дзве гадзіны чакання ўтаймавалі мае страсці. Калі сані з Хрысцінай паявіліся на дарозе, я быў такі азяблы, што бадай ужо не мог вымавіць слова. Адзінае, на што я быў здольны — выйсці на дарогу.
— Ой, як ты мяне напалохаў! — усклікнула Хрысціна, калі я, нібы здань, перагарадзіў дарогу.
Я пазіраў на яе румяныя ад марозу шчокі, на цёмна-сінія вочы, якія яна ўсё хавала ад мяне, на яе маленькі зграбны носік, чамусьці заўсёды прыемна халаднаваты, на чорныя кудзеркі валос, што выбіліся з-пад хусткі і пакрыліся інеем,— і не мог вымавіць слова. Яшчэ ніколі Хрысціна не была такая прыгожая.
Я стаяў, апусціўшы рукі, быццам прамёрз наскрозь. Толькі ў грудзях цеплілася кволая надзея на нейкае шчасце, што абавязкова не абміне мяне. Хрысціна ўсё яшчэ сядзела на санях, абломвала галінкі даўгаватай бярозавай хварасціны, якой паганяла каня. Гэтае мітуслівае мільгаценне рук і нейкая пакорліва-прыгнечаная постаць дзяўчыны выклікалі ў маёй душы дзіўнае пачуццё жалю і злоснай радасці: ага, табе сорамна.