– Манетка ў цябе? – напаўголаса ўдакладніла Бася, калі яны ўжо амаль дабраліся да месца.

Міхал схапіўся за кішэню, намацаў там партаманэцік і праверыў элемент. Упэўніўшыся, што ўсё як мае быць, ён незадаволена скасавурыўся на Басю.

– Мог хаця б манетку мне пакінуць, – пакрыўджана прамовіла дзяўчынка.

– Вось навошта табе манетка? – пачаў страчваць цярплівасць юнак.

– Як гэта? – усклікнула Бася. – Яны, верагодна, пачнуць цябе абшукваць для пэўнасці і забяруць яе.

– Ну, я ж не дурны, каб прыцягнуць яе з сабой! – сказаў Міхал.

– А дзе ты яе схаваеш?

– Ды сюды ж, у камеру хавання, і пакладу.

– А калі табе выпадзе адчыняць яе разам з імі? – Бася хітра ўсміхнулася.

– Тады пакіну дома.

– А яны і дома ўсё правераць і знойдуць…

– Бася, кінь здзекавацца з мяне! – не вытрымаў юнак. – Знайду я, куды манетку схаваць.

– А што, калі яны пачнуць цябе катаваць і ты прызнаешся, дзе яе схаваў? – не сціхала дзяўчынка.

– З якой нагоды яны мусяць абавязкова ўзяцца катаваць мяне? – Міхал рэзка спыніўся.

– Трэ быць падрыхтаваным да ўсяго, – паціснуўшы плячыма, кінула Бася.

– Ды не будуць яны мяне катаваць, кінь, – адмахнуўся юнак, і яны рушылі далей.

– Будуць-будуць, – прабуркатала дзяўчынка. – А вось каб ты мне манетку аддаў, дык ніколі б у жыцці не прызнаўся ім.

– Бася, не будзь наіўнай! – сказаў Міхал і нахмурыўся, паглыбляючыся ва ўласныя думкі.

– Значыцца, прызнаўся б? – дзяўчынка бездапаможна паглядзела на сябра.

– Ну зразумела ж не! – спахапіўся той. – Я маю на ўвазе, што яны ўсё роўна ведаюць пра цябе і могуць здагадацца.

– Але ты ж сам не сказаў бы ім? – са спадзевам спытала Бася Міхала.

Ён адмоўна пакруціў галавой, і твар дзяўчынкі асвяціўся радаснай усмешкай.

– Няхай манетка ўсё-такі будзе пры мне, – прамовіла яна. – Так больш надзейна.

– Ну добра, – Міхал, не жадаючы таго, перадаў элемент дзяўчынцы, якая схавала яго ў торбу разам з дробяззю. – Хаця я ўсё роўна не разумею, навошта ім шукаць манетку, калі яны ўпэўнены, што маюць сапраўдную.

Бася зрабіла выгляд, быццам не чуе яго.

– Дарэчы, я думаю, што ключык ад камеры хавання таксама на ўсялякі выпадак мусіць быць пры мне, – бы між іншым заўважыла дзяўчынка.

– Ну не! – запратэставаў Міхал. – Ключык я ў любым выпадку пакіну сабе.

Бася пакрыўджана сцяла вусны, але спрачацца не ўзялася.

Калі яны ўвайшлі ў будынак вакзала, дзяўчынка затрымалася каля шапіка з разнастайнымі бранзалеткамі і каралямі, якія былі зроблены з разнамасных пацерак і пласцінак.

– Не хочаш купіць мне штосьці? – кіўнула дзяўчынка ў бок вітрыны.

Міхал збянтэжана зірнуў на прылавак, што быў спрэс усыпаны рознакаляровымі пусцяковінамі.

– Навошта? – насцярожыўся юнак.

– Трэба, – цьмяна адказала Бася.

– Зараз не лепшы час, – сувора сказаў Міхал і рашуча рушыў наперад.

– Ну і добра, я сама куплю, – прабурчала Бася, схапіўшы першыя каралі, што патрапіліся пад руку, і расплаціўшыся з прадавачкай.

Чапляючы новы набытак на шыю, дзяўчынка нагнала сябра, што якраз выбіраў адну з камер хавання і высвятляў, як яна дзейнічае. Ён са здзіўленнем агледзеў новае Басіна ўпрыгожанне.

– Не ведаў, што табе падабаецца такое, – з дакорам заўважыў ён. Дзяўчынка прапусціла словы юнака міма вушэй і ўзялася дапамагаць сябру распакоўваць заплечнік.

– Я вось толькі не разумею, дзе тут ключы выдаюць, – падзяліўся юнак, калі яны ўсё перамясцілі ў ячэйку.

– Ну, мяркуючы па ўсім, яны ўвогуле не даюць ключоў, – сказала Бася, прыкмеціўшы на дзверцах гузікі з лічбамі і невялічкае табло над імі. – Тут патрэбны код, так што ўсё справядліва: ніякіх ключоў ні табе, ні мне.

– І які прыдумаем? – спытаў Міхал.

– Не ведаю, – паціснула плячыма Бася. – Патрэбны такі, каб ніхто не здагадаўся.

Юнак на імгненне задумаўся.

– Давай «адзін, пяць, пяць, нуль»? Як год, калі мы сустрэліся. Дакладна абодва не забудземся, – прапанаваў ён.

– Не, тады лепей «адзін, пяць, пяць, адзін» – бы адлюстраванне, – Бася па-змоўніцку паглядзела на Міхала.

– Адлюстраванне, – перадражніў ён дзяўчынку. – Ты, галоўнае, не забудзься потым!

Калі Міхал замкнуў дзверцы і закінуў у шчыліну манетку, падрыхтаваўшыся набраць дамоўленую камбінацыю, выпаўзла паперка, на якой былі надрукаваны нумар ячэйкі і аўтаматычна выбраны код. Бася непахвальна фыркнула і накіравалася да выхаду. Нагнаўшы яе, Міхал зноў праверыў час: была палова на восьмую.

– Мне яшчэ ранавата ісці дадому. Наўрад ці Эва выправадзіла б мяне ў такую раннюю гадзіну, – паведаміла яму Бася. – Ды і па горадзе бадзяцца холадна.

Крыху падумаўшы, юнак прапанаваў ёй вярнуцца на вакзал і пачакаць там да дзявятай гадзіны. Калі прыйшоў час, Міхал пачаў намякаць Басі, што ёй ужо трэба збірацца дамоў. Спачатку дзяўчынка ўпарцілася і намагалася ўсё ж такі запэўніць сябра, што ёй лепей застацца дзесьці непадалёк ад яго, але юнак быў непрыхільны і нават слухаць не хацеў пра такую магчымасць.

– Ну добра, – скарыўшыся, уздыхнула Бася. – Тады я пайшла дадому.

Міхал пераможна паглядзеў на яе, задаволены тым, што ўсё-такі здолеў угаварыць дзяўчынку.

– Можаш нават не праводзіць мяне, – трагічна дадала яна.

– Не-не-не, – падазрона сказаў юнак. – Лепей я цябе праводжу.

Перейти на страницу:

Похожие книги