Юнак ганарліва паглядзеў на яго зверху ўніз і тут жа балюча атрымаў у жывот заплечнікам, няхай і пустым, але пхнутым з сілаю. Бялявы быў яўна раззлаваны. Ён рыўком адчыніў заднія дзверы машыны і штурхнуў Міхала ўнутр. Юнак ледзь паспеў падабраць ногі, як дзверы з лютасцю зачыніліся. Бялявы сеў на пярэдняе пасажырскае месца побач з кіроўцам, які таксама меў нардычнае аблічча. Той завёў матор і выехаў з завулка. Намагаючыся сесці больш зручна, Міхал павярнуў галаву і раззлаваўся не раўнуючы як здаравенны найміт: побач з жаласным выглядам скурчылася Бася.

– Халера!!! – вылаяўся Міхал. – Ты што тут робіш?! Дзяўчынка паглядзела на яго поўнымі слёз вачыма.

– Як ты тут апынулася? Ты ж пайшла дадому! – Міхал абурана раздзімаў ноздры, але ў наступны ж момант, змяніўшы выраз твару, усхваляваным шэптам спытаў: – Яны што, былі ў цябе?

Бася асуджана ўздыхнула і пакруціла галавою.

– А-а-а, ты ўсё-такі не пайшла дадому! – выкрыў яе Міхал. – Малайчына! Я ўсімі намаганнямі яе падалей ад бандытаў спрабаваў схаваць, а яна сама да іх выйшла! Дзе яны цябе ўзялі?

– Тут, на Вокечу, – прамармытала дзяўчынка.

– Ты што, усю дарогу ішла за мной?

– Так, – ледзь чутна сказала дзяўчынка.

– Навошта? – суха пацікавіўся Міхал.

– Ну, я падумала, з табой можа нешта здарыцца, і пайшла следам, каб паклікаць дапамогу, калі штосьці не так. І потым, я не магла пакінуць цябе аднаго.

Міхал толькі фыркнуў. Бася пакрыўджана павярнулася да акенца.

– Як я толькі не запрыкмеціў цябе ў гэтым дзівакаватым паліто! – здзівіўся юнак.

– Што?! – дзяўчынка ледзь не задушылася ад абурэння. – Гэта маё паліто дзівакаватае?

Аднак Міхал так злаваў, што замест выбачэнняў змоўчаў.

– Значыцца, ты лічыш, што я па-дурному выглядаю ў гэтым паліто? – вырашыла ўдакладніць Бася і, патлумачыўшы адсутнасць адказу як згоду, дадала: – Ведаеш што, ты сам дурны!

Міхал сярдзіта зірнуў на яе.

– Думаю, зараз не лепшы час для сваркі, – роўным голасам прамовіў ён.

– Вядома, у цябе заўжды не лепшы час, – з’едліва перадражніла яго дзяўчынка.

– Бася, сціхні! – узвысіў голас юнак.

– Не! – задзірліва выбухнула яна, скрыжаваўшы рукі на грудзях.

– Ты можаш памаўчаць хоць трошкі? – страціў апошнія рэшткі цярплівасці Міхал.

– Памаўчаць? – усклікнула дзяўчынка. – З якой нагоды? І ўвогуле, не раві на мяне!

– О божа! – прастагнаў юнак. – Я не магу засяродзіцца праз цябе!

– Ды калі ўжо вы абое заткняцеся? – закрычалі кіроўца і яго напарнік, пагрозліва павярнуўшыся да іх.

– От ужо, – Бася змерыла іх пагардлівым позіркам і сказала па-нямецку: – На дарогу глядзіце, а то не хапала яшчэ, каб у нас хтосьці ўрэзаўся!

Тыя сумеліся і паспяшаліся трымацца парады дзяўчынкі, раздражнёна дасылаючы ёй ціхія, але зласлівыя абразы.

– Ну і навошта ж табе засяроджвацца? – напаўголаса пацікавілася ў Міхала Бася.

– Каб прыдумаць, што нам рабіць далей, – падзяліўся той.

– І што надумаў?

– Ды нічога. Надумаеш тут з табою…

Бася незадаволена сцяла вусны і скасавурылася на сябра, але, убачыўшы, што ён больш не сярдуе, а, наадварот, прымірэнча пазірае на яе, усміхнулася і схапіла яго за руку.

– Ты і адна так абуралася тут?

– Не, ты што, я тут так баялася, пакуль не прыйшоў ты!

– Ну, не хвалюйся, цяпер я побач, – дабрадушна сказаў Міхал і зноўку зрабіўся сур’ёзным: – Але больш не злуй іх. Нават калі мы з табой разам. Не ўсе ж такія цярплівыя, як я, а гэтыя наогул, мабыць, урвіцелі нейкія.

– Добра, – паабяцала дзяўчынка, а потым, крыху памаўчаўшы, спытала: – Дык ты ўсё-такі лічыш, што маё паліто дзівакаватае?

– Баська, ты нязносная! – усклікнуў Міхал, пакруціўшы галавой.

– Нязносная?! – перапытала яна.

– Ціха, мы ўжо пад’язджаем, – заклікаў яе да парадку юнак, зірнуўшы ў акно.

Яны прыпаркаваліся наўпрост каля крамы пана Альбрыхта. Бялявы выйшаў і адчыніў дзверы з боку, дзе сядзеў Міхал. Юнак вылез з машыны. Бася ўжо таксама была пачала прасоўвацца да выйсця, але найміт пляснуў дзвярыма перад яе носам, зноўку пакінуўшы дзяўчынку сам-насам з кіроўцам. Яна роспачна паглядзела праз шкло на Міхала. Той тузануўся, каб кінуцца назад да Басі, але бялявы пхнуў яго ў карак і накіраваўся да крамы.

Давёўшы Міхала да кабінета, найміт мякка пагрукаў і адчыніў дзверы перад юнаком, жэстам запрашаючы яго ўвайсці. Зайшоўшы ў пакой і шчыльна зачыніўшы за сабою дзверы, Міхал убачыў, як абодва дзядкі п’юць гарбату па розныя бакі пісьмовага стала і мірна гутараць. Каля акна сядзелі два такія ж здаравенныя хлопцы, як і тыя, што суправаджалі Міхала і Басю. «Колькі ж іх усяго?»– падумалася юнаку, што да апошняга моманту не пакідаў спадзеву зладзіць з супраціўнікамі ўласнымі сіламі.

Пан Альбрыхт кіўнуў яму, Эль-Анабі нават не палічыў неабходным павярнуцца. Відаць, сутнасць іх размовы хвалявала яго гэтай хвілінай значна больш за з’яўленне Міхала.

– Прызнацца, мне было б вельмі цікава зірнуць на запісы, якія вы маеце, – жвава прамовіў швейцарац.

– Мушу паведаміць, што я не знайшоў у іх адназначных указанняў да зборкі Ключа, – пачціва адказаў пан Альбрыхт.

Перейти на страницу:

Похожие книги