– Некуды збіраецеся? – абыякава спытала дзяўчынка, не адрываючыся ад экрана і працягваючы гартаваць старонкі афішы.

– Ага, пойдзем у Нацыянальны музей, там зараз надта цікавая выстава старадаўніх кніг. І самае галоўнае: мы збіраемся ўзяць з сабой цябе, каб ты не сядзела ў сваім пакоі і не чэзла перад камп’ютэрам.

– Ай, неяк не хочацца, – працягнула Бася, спадзеючыся, што Міхал хутка дабярэцца да тэлефона.

– Давай не лянуйся! – не здавалася матуля. – Ты ж захапляешся даўніной, а там вельмі рэдкія экзэмпляры. Будзе крыўдна прапусціць такое толькі таму, што хтосьці не мае зараз настрою. Да таго ж усе ўрокі ты зрабіла ўчора. А іншых спраў не планавалася, таму давай паедзем.

Дзяўчынка прамаўчала.

– А потым маглі б купіць торцік і да бабулі заехаць, – мама нават не думала адступацца.

Хуценька прыкінуўшы, што бліжэйшыя гадзіны дзве Міхала ўсё роўна не выцягнуць, калі меркаваць, што ён яшчэ не прачнуўся, Бася ўсё ж пагадзілася ехаць у музей і пачала збірацца. Вырвацца ад бацькоў недзе па дарозе яна ўжо дакладна здолее.

– Не ведала я, што маю разумніцу дачку спакусіць не гістарычная выстава, а нейкі празаічны торт, – крытычна адзначыла матуля.

Дзяўчынка толькі адмахнулася і ўжо праз пяць хвілін сядзела ў вітальні, чакаючы, калі нарэшце збяруцца бацькі, якія зусім не падазравалі ў дачкі такога спрыту.

У музеі ёй было нуднавата. Раней такое і ўявіць было немагчыма, але пасля ўсіх сваіх вандраванняў у часе яна зрабілася халаднейшая да навуковых артэфактаў. Бацькі ж спыняліся каля кожнай вітрыны і зачаравана ўздыхалі над самымі пашарпанымі кніжкамі.

– Бася, ты толькі паглядзі, – з імпэтам шаптаў тата.

– Ды бачубачу, – бурчэла дзяўчынка ў адказ, думаючы, што яны нават не ведаюць, якія шыкоўныя фаліянты ёй даводзілася пару разоў трымаць у руках, калі яна была ў XVI стагоддзі.

Пасля музея тата з мамай накіраваліся за тортам, і пакуль Бася чакала іх у машыне, яна бавіла сябе тым, што зноўку спрабавала дазваніцца да Міхала.

– Гэта ўжо проста непрыстойна! – з прыкрасцю выгукнула яна і набрала юнаку СМС: калі ён уключыць тэлефон – убачыць, і няхай яму будзе сорамна, што ён прымусіў яе мала таго што ўвесь дзень чакаць, дык яшчэ і нервавацца зза свайго знікнення.

Калі бацькі вярнуліся, радасна дэманструючы ёй праз акенца здабычу ў святочнай упакоўцы, Басі зрабілася ажно моташна. Гэты дзень мог стацца такім цудоўным, калі б нехта ўсё не псаваў. Дзяўчынцы толькі заставалася кісла ўсміхнуцца тату з мамай – яны ж ні ў чым не вінаватыя.

Як толькі яны дабраліся да бабуліных дзвярэй, тая звыкла сустрэла іх клапатлівым абурэннем:

– Ну навошта было купляць торт? Я б штосьці спякла сама!

– Нічога, у выхадныя трэба адпачываць, а не пэцкацца мукой, – сказала ёй унучка.

– Не, проста вам ужо не падабаецца, як пячэ бабуля, я ведаю! Распесціліся… – замахала рукамі Ванда Казіміраўна, ставячы імбрык, і, хітравата зірнуўшы на Басю, дадала: – Застаўся толькі адзін паклоннік майго кулінарнага таленту. Дый той апошнім часам за ходзіць рэдка.

– Як гэта рэдка, калі я зусім нядаўна бачыла ў Міхалавым халадзільніку твой пірог? – падлавіла яе дзяўчынка.

– Ой, ды калі гэта было, – пакруціла галавой бабуля, узяўшыся разразаць торт.

– І часта ты бачышся з Міхалавым халадзільнікам? – прыўзняў брыво тата.

Бася прыкусіла язык.

– Я проста неяк зайшла да яго – і ўсё, – прамямліла яна, адчуваючы, што невядома навошта пакрываецца фарбай, хаця чырванець ёй не было за што.

За сталом павісла няёмкая паўза.

– Ну і як ён там? – вырашыла аднавіць гутарку бабуля, перакінуўшы першы кусочак у талерачку ўнучцы.

– Хто? – змрочна перапытала тая.

– Ну хтохто, Міхал, зразумела, – удакладніла бабуля. – Думаю, што ў любым выпадку я бачыла яго даўней за цябе і не ведаю апошніх навін.

– Нармальна ў яго ўсё, – сцісла сказала Бася.

Мама і Ванда Казіміраўна са шчырай цікаўнасцю пазіралі на яе ў чаканні працягу, а тата падціснуў вусны, моўчкі патрабуючы дакладнай справаздачы стасункаў дачкі з яе новым сябрам.

– Ды праўда, усё нармальна, – паўтарыла дзяўчынка і, трохі падумаўшы, вырашыла распавесці падрабязней тое, што было можна: – Насамрэч яны нешта з панам Альбрыхтам не зладзілі. Міхал сышоў ад яго і зараз шукае новую працу. Таму мы цяпер амаль не бачымся.

– Як жа, – фыркнуў тата. – То вы на мора разам ездзіце, то ён цябе дамоў праводзіць, то ты немаведама калі і навошта да яго халадзільніка ў госці ходзіш.

– Таата! – цокнула языком Бася, з дакорам гледзячы на яго.

– Нічога не ведаю. Сустрэчы скараціць, бачыцца толькі ў нас дома ў маёй прысутнасці, – катэгарычна абвясціў тата і павярнуўся да бабулі: – І няма чаго карміць яго пірагамі.

Толькі Ванда Казіміраўна хацела штосьці сказаць у сваю абарону, як тата адрэзаў:

– Нават нягледзячы на тое што ён сірата.

Перейти на страницу:

Похожие книги