– Не расчаруеш, не расчаруеш, – пахлопала яго па плячы бабуля.

– О, ты з ім ужо на «ты», – вырашыла падаць голас Бася.

– А ты думала?! Мы з Міхалам ужо паспелі пасябраваць, – паведаміла ўнучцы Ванда Казіміраўна.

Ад купкі дзяўчат, якія, як падалося Басі, толькі рабілі выгляд, што працягваюць размову, а самі назіралі за імі, наважылася аддзяліцца адна, у самай багата вышыванай сукенцы. Бася пазнала ў ёй «калегу» юнака з той кампаніі, з якой ён неяк бадзяўся па «Акропалісе».

– Добры дзень! – падышла яна да іх. – Твая сястрычка, Міхал?

Бася ледзь на задыхнулася ад абурэння, нават не ведаючы, што адказаць нахабніцы.

– Не, – здзіўлена прамовіў юнак. – Гэта мая…

– Ужо час рыхтавацца да пачатку, хадзем, – яна не дала яму скончыць і пацягнула да брамы.

– Я праводжу сваіх госцяў і прыйду. – Міхал застаўся стаяць на месцы.

Дзяўчына сцяла вусны і падала знак сваім сяброўкам, каб тыя суправаджалі яе ў замак. Бася скасавурылася, сочачы, як яны не спяшаюцца знікаць.

– Ну, чым будзеце цешыць гледачоў? – пацікавілася бабуля, каб перавесці ўвагу ўнучкі зноў на Міхала.

– У нас цэлы спектакль, таму, сапраўды, хадземце, усё пабачыце, – юнак звыкла прапанаваў Вандзе Казіміраўне руку.

– Ну, вядома, а я, як зазвычай, у канцы пляціся, – прабурчала Бася, і яны ўтраіх рушылі праз браму да ўнутранага двара, дзе ўжо ладзілася пляцоўка для бою.

Міхал знайшоў для дзяўчынкі з бабуляй самыя лепшыя месцы, адкуль усё было бачна, і пакінуў іх, адышоўшыся, каб падрыхтавацца да прадстаўлення.

Першымі з ніадкуль павыскоквалі музыкі і блазны з дудамі і барабанамі, якія абвясцілі пачатак турніру. Неўзабаве падцягнуліся людзі ў разнастайных старадаўніх строях, сярод іх былі і рыцары, і цывільныя «жыхары» замка, а таксама і ўжо знаёмыя дзяўчаты, якія, як скеміла Бася, удавалі з сябе пекных паненак. Адзін з блазнаў агучыў імёны рыцараў, большасць з якіх, мяркуючы па вычварнасці і непраўдападобнасці, была псеўданімамі. Тым не менш Міхал выступаў пад сваім прозвішчам, якое вельмі добра вылучалася ў гэтым шэрагу.

Рыцары, што біліся першымі, Басі не спадабаліся. Яна ніяк не магла паверыць у праўдзівасць іх дзеянняў і дзівілася, як толькі маглі прыняць у клуб такіх нягеглікаў. Бабуля дык нават не саромелася услых каментаваць іхнія мізэрныя спробы біцца. Астатнія гле дачы падзялялі гэты настрой: перагаворваліся паміж сабой, скардзіліся адно аднаму на халоднае надвор’е і ледзь не пазяхалі ў адкрытую.

Затое, калі выйшаў Міхал, усе адразу сціхлі. Ён з годнасцю аб вёў публіку позіркам і нават незаўважна падміргнуў Басі. У адказ яна памахала яму рукой і тузанула бабулю за рукаў, каб тая не адрывалася.

Супернікам юнака аказаўся хлопец у два разы здаравейшы. Бася нават пачала хвалявацца, дакладна не ведаючы, наколькі ім дазваляецца імправізаваць падчас двубою. Добра, калі яны яшчэ напачатку дамовіліся, хто мусіць перамагчы паводле сцэнару. А раптам не? Дзяўчынцы зрабілася ніякавата ад думкі, што Міхалу можа прыйсціся зусім не салодка.

Аднак, калі пачаўся бой, Бася адразу зразумела, хто з іх сапраўдная зорка гэтага прадстаўлення. Здаравяка насамрэч аказаўся звычайным таўстуном, які ўжо на першых хвілінах спатнеў і цяжка пыхкаў, не паспяваючы за зграбнымі рухамі Міхала. Ёй здавалася, што ўсе прысутныя спынілі дыханне, сочачы за яе сябрам.

Перамогшы свайго таварыша эфектным тушэ, якое збіла хлопца з ног, Міхал высакародна працягнуў яму руку і дапамог узняцца. Усе пачалі апладзіраваць. Юнак стрымана адкінуў з ілба валасы і ўзняў дагары меч.

– Малайчына, Міхал! – радасна закрычала Бася, але тут жа атрымала ўкол.

Да юнака падбегла тая самая дзяўчына, што абазвала яе «сястрычкай», і на правах мясцовай прыгажуні ўручыла Міхалу нейкую хусцінку і пацісканую ружу.

На гэтым тэатралізаваны турнір скончыўся, яго ўдзельнікі разышліся па розных кутках замка, а вакол Міхала сабраўся цэлы натоўп захопленых гледачоў, якія марылі з ім сфатаграфавацца.

– А ты не хочаш? – бабуля кіўнула Басі ў бок юнака.

– Не, – прабурчала дзяўчынка. – Чарга занадта доўгая.

– Ну як хочаш, а я сфатаграфуюся, – Ванда Казіміраўна па ціснула плячыма і пайшла да Міхала.

Бася толькі раздражнёна цокнула і неахвотна пацягнулася за ёю. Калі ўсе, хто хацеў атрымаць здымак, разышліся, юнак прапанаваў:

– Хадземце, я вас з сябрамі пазнаёмлю.

– Вы хадзіце, а я пакуль пашукаю дамскі пакой, – у імгненне рэтыравалася бабуля, пакінуўшы іх удваіх.

– А гэта абавязкова? – паморшчылася Бася.

– Ну, калі хочаш, можам проста прайсціся па замку, – сказаў Міхал.

– Я нават не ведаю, дзе халадней: на дварэ ці ўнутры, – па скардзілася дзяўчынка, калі яны зайшлі ў адну з каменных залаў.

– Мо ўсё ж хадзем да маіх? Там гарбаты можна гарачай папіць.

– Дзякуй, абыдуся, – адмовілася Бася, разважаючы, каго гэта ён так папростаму называе «сваімі».

Пару хвілін яны бязгучна бадзяліся па калідорах. Нарэшце Міхал не вытрымаў яе маўчання і спытаў:

– Ну, як табе?

– Што? – павярнулася да яго Бася.

– Як прадстаўленне ўвогуле, як бой, як я табе падаюся вая ром? – усміхнуўся юнак.

Дзяўчынка спынілася і ўважліва паглядзела на яго празмерны рыцарскі строй.

– Як дурань, – адказала яна.

Перейти на страницу:

Похожие книги