– Як ні дзіўна, але ў яе ўсе прыкметы кантузіі. Як былы ваенны ўрач, цалкам адказваю за гэты дыягназ. Не ведаю, дзе ваша дачка што ўзрывала, аднак ёй неадкладна патрэбна шпіталізацыя.

<p>Раздзел 16</p>

– Ты так і не надумала ўсё патлумачыць? – стомлена прамовіў тата.

За апошнія пару дзён, што Бася ляжала ў шпіталі, ён ледзь не дваццаты раз пачынаў гэтую размову. Спачатку яны з матуляй намагаліся спакойна распытаць дачку пра незразумелыя прычыны пастаўленай дактарамі кантузіі, потым бацька і крычаў, і лаяў яе, мама спрабавала сцішыць яго і заступіцца за Басю, каб толькі не пагаршаць даччын стан, але перападала і ёй. Кожная гутарка завяршалася скандалам. Калі тата не вытрымліваў і збягаў з палаты, мама, застаўшыся з Басяй удзвюх, рознымі сродкамі намагалася падштурхнуць дзяўчынку распавесці ўсё самой, але тая нязменна маўчала і ні ў чым не прызнавалася.

А сёння тата прыехаў адзін. Папершае, увесь час наведвацца да дачкі ўдваіх бацькі не маглі зза працы ды хатніх спраў, падругое, неабходнасці ў бясконцым дзяжурстве каля яе ложка насамрэч не было – дактары казалі, што Басі ўсяго толькі трэ паляжаць тыдзень другі ў спакоі, прайсці курс з умацавальных лекаў ды прывесці ў парадак думкі. Аднак дзяўчынка добра разумела, што тата зноў прыехаў, каб пагаварыць з дачкой адзін на адзін.

– Бася, я пытаюся не таму, што хачу пакараць цябе. Мне патрэбна дакладна ведаць, што з табой здарылася і чаму, – зноўку падаў голас тата. – Ад твайго маўчання робіцца толькі горш. Мы з мамай ужо нават не ведаем, што і думаць. Дарэчы, у яе гэтымі днямі надта ўзвышаны ціск. І сэрца баліць.

Бася толькі гаротна ўздыхнула і зажмурылася. Ёй было невыносна шкада і маму, і тату, аднак яна нічога не магла зрабіць. У роспачы дзяўчынка нават ужо думала распавесці ім пра свае прыгоды, але тады бацькі вырашаць, што яна звар’яцела.

– Забыўся сказаць: мне ўчора тэлефанаваў Стасіс, – зайшоў з іншага боку тата.

– Праўда? – дзяўчынка тузанулася, ледзь не вырваўшы са згібу на локці іголку ад кропельніцы.

Увесь час, што яна была на рэабілітацыі, ніякіх навін, акрамя тых, якія яна магла паглядзець па тэлевізары, выбраўшыся з палаты ў калідор, да Басі не трапляла. Бацькі нават тэлефон забралі, каб засцерагчы ад непатрэбных званкоў немаведама ад каго, хто мог хаця б ускосна, па іх меркаванні, быць вінаваты ў яе пакутах. Пад найвялікшае падазрэнне, вядома, падпадалі Міхал і яго нібыта «дзядзька». Таму Бася дагэтуль не ведала, ці ўсё добра з сябрам, а калі ў адсутнасць бацькоў ёй трэ было звязацца з цывілізацыяй, то ўсе падобныя спробы мусілі ажыццяўляцца праз доктара альбо медсястру, якім было строга забаронена званіць камусьці, акрамя Басіных таты, мамы і – на самы крайні выпадак – бабулі. У дзяўчынкі была ідэя папрасіць тэлефон у каго-небудзь з нешматлікіх суседзяў па аддзяленні, аднак тыя яго альбо не давалі, альбо проста не мелі.

Заўважыўшы бурную рэакцыю дачкі на паведамленне пра званок Стасіса, тата працягнуў:

– Здаецца, ён дасылаў табе штосьці яшчэ з перакладаў, аднак на апошнія два лісты ты нічога яму не адказала, таму ён вырашыў папярэдзіць мяне, што ў тых запісах гутарка ідзе пра даволі нядобрыя рэчы.

– Напрыклад? – вырашыла ўдакладніць Бася, каб ведаць, што адказаць тату.

– Напрыклад, пра забойствы…

Дзяўчынка нахмурылася, аднак у наступнае ж імгненне сказала:

– Дык Стасіс жа сам казаў, што тыя запісы больш падобныя да прыгодніцкіх накідаў.

– Ага, толькі тое-сёе ён праверыў у навінах за апошнія два гады.

– І што там, у навінах? – асцярожна спытала Бася.

– Некаторае супадае з запісамі. Асабліва напрыканцы. Што скажаш на гэта? – тата пільна паглядзеў дачцэ ў вочы.

– Ну, мабыць, аўтар запісаў вырашыў выкарыстаць рэальныя здарэнні ў сваёй творчасці? Чаму б не? – пацепнула плячыма яна.

– Мне чамусьці так не думаецца, – ціха прамовіў тата і, трохі памаўчаўшы, дадаў: – Бася, гэта якая-небудзь секта?

– Чаго? – разгубілася дзяўчынка. – Тата, якая секта? Ну проста нататнік з’явіўся, падумаеш, пра што там напісана. Да мяне гэта не мае ніякага дачынення.

– А кантузія адкуль тады ўзялася?

Бася адвярнулася. Навошта толькі гэты дурань Стасіс пазваніў бацькам? Дапамог дык дапамог, падліў масла ў агонь сваімі бязглуздымі праверкамі! Каб толькі можна было прыдумаць штосьці бяскрыўднае ў апраўданне яе становішча… Аднак за гэтыя дні яна не нафантазіравала нічога, што магло б супакоіць бацькоў.

– Паслухай, – тата падсеў да яе бліжэй і прымірэнча патрос за далоньку. – Адзінае, што я хацеў бы ведаць, дык гэта тое, што жыццю маёй дачкі нічога не пагражае, разумееш? Не бойся сказаць праўду. Мы што-небудзь прыдумаем.

Бася слаба ўсміхнулася, намагаючыся не расплакацца проста ў бацькі на вачах.

– Не перажывай, усё са мной добра і будзе добра таксама, – глуха сказала яна. – Вы толькі з мамай не думайце нічога благога.

– Мы і не можам думаць пра цябе штосьці благое, – тата пацалаваў яе ў лоб. – Вырашылі, што заўтра да цябе прыедзе бабуля, каб не было тут так сумна адной. Згода?

– Вядома, згода! – кіўнула Бася.

Перейти на страницу:

Похожие книги