– А, бачу, – збянтэжана прамармытала тая і пачала корпацца ў торбе ў пошуках камеры. – Што, дарэчы, з СМС для маіх бацькоў?
– О! Мы вялі з імі цудоўную перапіску! Кожны вечар у дамоўлены час я пісаў ім найпадрабязнейшы ліст пра кожны мінулы дзень, – паведаміў пан Альбрыхт, але, убачыўшы Басін усхваляваны твар, лагодна рассмяяўся і тут жа дадаў: – Не хвалюйцеся, я дасылаў толькі тыя паведамленні, што вы пакінулі!
– Ну-ну, – прабурчала дзяўчынка. – А калі мы вяртаемся з мора?
– Можаце выпраўляцца дадому нават зараз, – стары паціху пачаў страчваць цярплівасць, з-за чаго фраза прагучала крыху рэзка, але ён тут жа спахапіўся і дадаў: – Я сёння нічога не пісаў вашым бацькам, таму і праўда можна зрабіць ім прыемны сюрпрыз з вяртаннем дамоў. Зараз я патэлефаную свайму кіроўцу, каб ён адвёз вас.
Не чакаўшы ад пана Альбрыхта такой хуткай змены настрою пасля з’яўлення Венеры, Бася і Міхал здзіўлена прыўзнялі бровы.
– Вы б хоць сказалі, які сёння дзень! – нібы між іншым, нагадала дзяўчынка старому, што набіраў нумар. – А то я дадому прыеду і нават даты не ведаю.
– Сёння нядзеля, дзевятнаццатага кастрычніка.
– Шкада, заўтра ў школу трэ ісці, – уздыхнула Бася, робячы здымак апошняй старонкі, спрэс спісанай лацінкай.
Усеўшыся на заднім сядзенні аўтамабіля побач з Міхалам, яна ціхенька сказала, каб кіроўца выпадкова не пачуў і не перадаў яе словы пану Альбрыхту:
– Не чакала я, што ён вось так з намі абыдзецца.
– Згодны, – кіўнуў юнак. – Мог бы ўсё-такі выслухаць нас больш уважліва.
– Я заўжды казала, што ён дзіўны. І гэта ж вунь які сквапны!
Калі яны пад’ехалі да дома дзяўчынкі, Міхал дапамог ёй данесці да дома торбу і пачакаў, пакуль бацькі адчыняць дзверы.
– А дзе ж пан Альбрыхт? – пацікавілася Басіна матуля, калі сябры зайшлі ў вітальню.
– А мы яго першага дамоў завезлі, – знайшлася з адказам дачка.
– Ну тады праходзьце, будзьма гарбату піць! – прапанавала матуля і ўжо была накіравалася да кухні, як Міхал паспяшаўся ветліва адмовіцца ад запрашэння, спаслаўшыся на заўтрашнія раннія заняткі ва ўніверсітэце.
Бася засмучана паглядзела на яго, намагаючыся скеміць, як бы ёй затрымаць юнака, але ў галаву нічога не ішло. Міхал трохі патаптаўся ў вітальні і, развітаўшыся з усімі, пайшоў. Дзяўчынка ўздыхнула і, падумаўшы, што няма чаго асабліва сумаваць – і так два тыдні разам былі, – разулася і скінула з плячэй куртку, пасля чаго далучылася да бацькоў на кухні, якія тут жа ўзяліся распытваць дачку пра вандроўку на мора.
Хаця Бася з большай асалодай распавяла б ім пра сваё сапраўднае падарожжа, яна ўсё-такі стрымалася і вельмі лаканічна распавяла пра няісную вандроўку. Нягледзячы на тое, што тата і матуля хацелі даведацца як мага больш падрабязнасцяў, Бася ўсяляк спыняла іх спробы, кожны раз пераводзячы размову на агульныя тэмы, чым нават на кароткі час усхвалявала бацькоў, якія вырашылі, што падарожжа прайшло не так ужо і добра, як у гэтым іх намагалася пераканаць дачка. Дзяўчынка, аднак, настойліва аспрэчвала падазрэнні.
Каб спыніць роспыт, Бася абвясціла, што ёй трэ збірацца ў школу, і ўзнялася да сябе ў пакой, дзе пачала тэлефанаваць аднакласнікам, каб даведацца, ці задавалі штосьці на выхадныя. Упэўніўшыся, што настаўнікі зусім не шкадуюць сваіх вучняў, яна спехам зрабіла хатняе заданне і вырашыла заняцца фатаграфіямі старонак са сшытка пана Альбрыхта. Але з-за таго, што ўсе запісы былі зроблены на латыні і, каб разабрацца ў іх, Басі была патрэбна дапамога Міхала, яна абмежавалася толькі хуткім праглядам малюнкаў і выключыла камп’ютэр. Дзяўчынка патэлефанавала Міхалу, і яны дамовіліся сустрэцца на днях, каб лепей разабрацца ў інструкцыях да механізма Ключа.
– Не сказаў бы, што тут шмат новай інфармацыі, – прамовіў юнак, калі яны сядзелі ў кавярні аднаго з гандлёвых цэнтраў і разам праглядалі надрукаваныя Басяй фатаграфіі. – Проста апісанне элементаў, і не самае дакладнае.
– Зразумела, – працягнула дзяўчынка. – Значыцца, пан Альбрыхт вырашыў адцягнуць нашу ўвагу гэтымі сваімі запісамі, пакуль сам будзе займацца сапраўднай справай.
– Магчыма, – паціснуў плячыма Міхал. – А мо тут і праўда занатавана штосьці важнае, а мы проста не разумеем?
Юнак зноў узяў у рукі раздрукоўкі і стаў пільна ўчытвацца ў подпісы да элементаў.
– Годзе, давай сюды, – Басі надакучыла валтузня з тэкстам, і яна забрала ў Міхала стос аркушаў, склаўшы іх у тэчку і схаваўшы ў торбу. – А што там у вас на курсах новага?
– Ды так, вывучаю ўсё запар, – няпэўна адказаў ён.
– А колькі чалавек у групе? – пачала дапытваць сябра Бася, вырашыўшы, што без уласнай ініцыятывы яна так нічога і не даведаецца пра яго новае жыццё.
– Чалавек пятнаццаць.
– А дзяўчаты ў вашай групе маюцца? – быццам нязмушана спытала Бася.
– Так, ёсць пару, – паціснуў плячыма Міхал.
– Сімпатычныя? – насцярожылася дзяўчынка.
– Ну так, – матнуў галавой юнак.
– Ну і? – Бася заўважна напружылася.
– Што «ну і»? – не зразумеў Міхал.
– Ну не ведаю, мо табе хтосьці падабаецца ці штосьці такое?..