Бася даслала СМС Міхалу, падумаўшы, што гэта сапраўды будзе нядрэннай падставай сумясціць прыемнае з карысным.

– Ну ты і невуч! – падышла да дзяўчынкі Эва. – Няўжо ты і праўда не ведала пра Венеру?

Убачыўшы, што Бася з адсутным выглядам моўчкі працягвае сядзець за партай і ніяк не рэагуе, сяброўка падазрона спытала:

– Нешта здарылася?

– А? Ды не, нічога такога, – ачулася Бася і паглядзела на тэлефон, што не выяўляў аніякіх прыкмет жыцця. – Задумалася проста. Пра вялікія геаграфічныя адкрыцці і спартыўнае арыентаванне па зорах!

– Ну-ну, – працягнула Эва. – А мы вырашылі, што сёння пасля ўрокаў абавязкова паедзем на каток! Ты з намі? Ці зноўку ідзеш на спатканне са сваім таямнічым сябрам?

Бася толькі пакруціла галавой, убачыўшы Эвін хітры прыжмур. Несумнеўна, той страшэнна карцела даведацца пра развіццё іхніх зносін, і дзяўчынка хацела ўжо млява пацвердзіць здагадку сяброўкі, як тэлефон бромкнуў, апавясціўшы пра атрыманае паведамленне.

«Не магу, заняты. Лепей пішы на скрынку!» – прачытала Бася.

– Халера! – услых сказала яна.

– Што? – здзівілася Эва.

– Нічога. Гэта я так… – ухіліста адказала дзяўчынка. – Чаму ж не схадзіць на каток? З асалодай схаджу!

Пакуль сяброўкі ехалі да «Акропаліса» і весела балбаталі, Бася моўчкі думала пра план помсты Міхалу. Не прыдумаўшы нічога радыкальнага, яна цэлую гадзіну прабавіла з аднакласніцамі, ад душы рагочучы і рассякаючы на каньках па прасторным катку. Прыйшоўшы да высновы, што прыемны эфект трэ замацаваць сумесным паяданнем марозіва, дзяўчынкі купілі па агромністай порцыі і ўзяліся бадзяцца па доўгіх пасажах, перыядычна спыняючыся каля якой-небудзь вітрыны ці заходзячы па дарозе ў чарговую невялічкую крамку.

Раптам Бася пачула непадалёк натужлівы рогат. Каля маленькай кавярні стаяла купка маладых людзей, а дакладней – пяць дзяўчат і трое хлопцаў, якія нешта ажыўлена і гучна абмяркоўвалі, але бесперапынна перарывалі гутарку, знарочыста смеючыся. Дзяўчынка ўжо збіралася пайсці далей, як адзін з хлопцаў страсянуў валасамі, і яна ажно скамянела, з жахам пазнаўшы ў ім Міхала.

Мяркуючы па ўсім, ён пачуваў сябе вельмі камфортна ў асяроддзі новых сяброў і нават не заўважаў, што зусім побач стаіць Бася і пазірае на яго. Яна з рэўнасцю ўбачыла, як адна з дзяўчат, высокая, хударлявая, спрэс абвешаная ненармалёвых памераў каралямі і шалікамі, што высоўваліся з-пад расшпіленай кароткай куртачкі, неяк ужо надта блізка стаіць да юнака, намагаючыся ці то абаперціся на яго, ці то абняць.

Бася адчула, як ёй у твар ударыла чырвань. Дзяўчынцы зрабілася вельмі горача, і яна жвава прыпусціла прэч ад кампаніі, цалкам забыўшыся на сваіх сябровак.

– Бася, ты куды? – паклікалі тыя, наганяючы яе.

Яна надала хуткасці і ўціснула галаву ў плечы. Яшчэ не хапала, каб Міхал раптам убачыў яе ў натоўпе, у дурной шапцы набакір і падшываным паліто кіслотнага зялёнага колеру, няхай і любым.

– Ды пачакай жа, куды ты панеслася? – аднакласніцы нарэшце параўняліся з Басяй. – Хіба гэта не твой Міхал там быў?

– Не, – злосна буркнула яна і накіравалася да выйсця з гандлёвага цэнтра.

– Можа, яшчэ паходзім? – нясмела прапанавалі дзяўчынкі, ніяк не жадаючы адчапіцца ад сяброўкі.

– Мне ўрокі трэ рабіць, – схлусіла Бася першае, што прыйшло ў галаву.

– Ты што?! Заўтра ж выхадны! – нагадала ёй Эва. – Тым больш ты яшчэ марозіва не даела.

Закіпаючы ад гневу, Бася паглядзела на сціснуты ў руцэ вафельны кювецік, які пагражаў вось-вось зламацца, і з лютасцю згрызла яго, зноў заявіўшы сяброўкам, што ёй спешна трэба ісці. Меркаванні дзяўчынак на гэты конт раздзяліліся: частка хацела вярнуцца да нейкай крамкі і ўсё-такі нешта набыць, а частка імпэтна настойвала на тым, каб давесці Басю дамоў. Адчуўшы, што далей знаходзіцца ў кампаніі сябровак нязносна і яна, вельмі верагодна, зараз на вачах усіх пачне раўці, дзяўчынка наспех развіталася і хуценька рэтыравалася. Падыходзячы да прыпынку, Бася ўжо была дазволіла сабе пусціць слязу-другую, але, як высветлілася, клопат аднакласніц аказаўся вышэйшым за ўсё і яны дружна прыйшлі скласці ёй кампанію па дарозе дадому. Ледзь стрымаўшыся, каб не палаяць сябровак, Бася скарылася і паслухмяна села разам з імі ў тралейбус.

– Вось жа разява! – пляснула яна сябе па лбе, калі яны праязджалі непадалёк ад Радзівілаўскай. – Я ж да бабулі сёння абяцала завітаць.

Выпырхнуўшы з тралейбуса, Бася зларадна пасміхнулася, задаволеная тым, што ўсё-такі здолела адарвацца ад сябровак, пакінутых здзіўляцца яе нечаканым паводзінам.

Дзяўчынка рашучым крокам накіравалася на Сціклю. Калі яна падыходзіла да крамы, дык заўважыла, што на вуліцы стаіць аўтамабіль пана Альбрыхта – стары яўна кудысьці збіраўся паехаць. Заспеўшы яго ў кабінеце, Бася заявіла:

– Я знайшла яшчэ нешта новае пра Ключ!

– Цудоўна! – усклікнуў пан Альбрыхт. – Але давайце пагутарым пра гэта крыху пазней, зараз мне трэ ісці.

– З кім гэта вы сустракаецеся ўпотайкі ад нас? – бесцырымонна пацікавілася дзяўчынка, адзначыўшы пра сябе, што сама не да канца зразумела, каго тычыцца заяўленае «нас».

Перейти на страницу:

Похожие книги