Вацлаў зірнуў на гадзіннік. Летам сонца садзіцца позна, відно ў лесе будзе яшчэ гадзін да дзевяці-дзесяці. Часу поўна. Ён падняўся і пакрочыў далей у напрамку Трыполля.
Раптоўна рэха прынесла далёкія гукі выбухаў. Адзін, другі, трэці. Быццам рваліся бомбы.
Вацлаў прыслухаўся, пачакаў, гукі не паўтарыліся.
Неўзабаве пачаўся туман. Вацлаў асцярожна ступаў па моху, аглядаўся па баках. Туман з кожным крокам узмацняўся. Быццам з неба спусцілася воблака. Зніклі птушыныя спевы.
Туман быў вельмі незвычайным. Не адчувалася вільгаці ў паветры. Быццам не туман гэта, а нейкая мяжа. Ззаду ўсё ясна бачна – а наперадзе густы кісель, хоць нажом крамсай. Незразумелая фізічная з’ява.
Метраў праз сто паказалася напаўразбураная трухлявая хата, гнілыя бярвенні якой пагражалі вось-вось рассыпацца.
“Зямля на небасхіле”, – падумаў Кравец.
Мёртвае селішча выплыла адзінокай ненаселенай выспай у лясным акіяне. Першая самшэлая хата нагадвала Лятучага Галандца.
Разведчык на хвіліну спыніўся. Недзе над галавой раздаўся клёкат. Ад нечаканасці Вацлаў жагнуўся і задраў галаву ўверх. Праляцеў бусел, падобная на авіялайнер птушына выпісала кола і села на бліжэйшую страху.
Раптам Кравец заўважыў, што буслоў у пакінутым селішчы безліч. Многія сядзелі на гнёздах.
Вёска, пазначаная на картах як Трыполле, аказалася невялікай – усяго дванаццаць хат, адна горш за другую. Адзінымі насельнікамі тут былі буслы ды некалькі лісіных сямействаў, што хаваліся ў вырытых пад хатамі норах. На разведчыка ніхто не звяртаў увагі. Чалавека ў маскхалаце з рознымі прычындаламі за плячыма і аўтаматам у руках тутэйшыя насельнікі бачылі ўпершыню, таму не баяліся.
Кравец выбраў больш-менш цэлую хату і вырашыў спыніцца каля яе. Разведчык скінуў з плячэй амуніцыю, паклаў побач з армейскімі трантамі аўтамат і, наблізіўшыся да хаты, што зеўрала пустымі вачніцамі-вокнамі, асцярожна пераступіў напаўразвалены ганак. Сяржанта Краўца апанавала цікаўнасць.
У нос ударыў цяжкі гніласны водар. Стары дах напалову абваліўся, толькі над фасадам трымаўся нейкім цудам. Скрозь агромністыя дзіркі зверху праступала святло. Хату даўно абрабавалі марадзёры.
Вацлаў зрабіў некалькі крокаў. У мёртвай будыніне панавалі павуцінне, цішыня і ноч. Ён патаптаўся крыху, адзначыў, што за дзесяцігоддзі ніхто сюды не завітваў. Ён першы. І што ён забыўся ў прасякнутым радыяцыяй гіблым месцы?
“Сэрца мудрага ў доме плачу”.
Падумалася, наколькі чужое для зямлі гэта месца – Зона. Брудная пляміна на геаграфічнай карце, месца для бадзяжнікаў, адвергнутых грамадствам. Адстойная тэрыторыя, куды звозяць рознае ламачча ды ладзяць баявыя вучэнні, дзікая для людзей і таму варожая, злавесная, пагражаючая радыяцыяй, тванямі і драпежнікамі. І толку з тых армій міжпланетных станцый, калі пад бокам разраслося такое бескантрольнае ліха?
Кравец павярнуўся і падаўся вонкі.
Крыкі і аўтаматная страляніна пачуліся знянацку, неспадзявана. Зусім побач. Гукі зыходзілі з глыбінь бялесага туману, недзе з самага эпіцэнтра. Вацлаў імгненна захінуўся маскхалатам і кінуўся на шум, прыгінаючыся да глебы. Ён дабег да бліжэйшай хаты, схаваўся за сцяну, асцярожна выглянуў у бок пачутых стрэлаў. Ватны кісель засціў наваколле. Сяржант упаў на зямлю і папоўз метр за метрам. Гукі ўзмацніліся.
Тлумачэнняў выстралам Кравец не знаходзіў.
Задрыжэла паветра. Твар Вацлава абдала жарам.
Туман знік, нібыта ад узмаху чароўнай палачкі. Разведчык працёр вочы, а потым здранцвеў ад нечаканасці.
Неба набыло глыбокі блакітны колер, ззяла гарачае сонца, вялікае поле раскінулася наперадзе. А на полі…
Валасы на галаве разведчыка заварушыліся ад жахлівага відовішча. Ён выхапіў бінокль і прыклаў да вачніц.
У бок пакінутай вёскі па полю цягнуліся танкі, перад якімі беглі безабаронныя людзі. У паветры стаяў страшэнны лямант, плач, крыкі адчаю і болю. Стракаталі кулямёты. Людзі з крыкам падалі, валіліся на глебу.
Вацлаў не верыў вачам.
Побач з танкамі на процілеглым краю поля паказаліся людзі ў старажытных формах вермахта са “шмайсерамі” наперакід. Чорныя каскі блішчэлі на сонцы. Салдаты ішлі доўгім шэрагам, ланцугом. Іх грозныя постаці выразна бачыліся ў бінокль.
У гарляку Краўца ўсё перасохла. Ён выцягнуў трубку сувязі і, парушаючы інструкцыі, датэрмінова выклікаў штаб.
Тэрарысты ў эсэсаўскіх формах, аўтаматы страляюць сапраўднымі кулямі, людзі з крывавымі плямамі на адзенні падаюць і не ўстаюць. Вацлаў гатовы паклясціся, адзін бедалага апынуўся пад магутнымі танкавымі тракамі. Гэта не вучэнні, – вайна, і тэрарысты ў ёй сапраўдныя. А ён – адзін!
“Выклікаю базу! Паўтараю, выклікаю базу! У мяне пазаштатная сітуацыя. Прыём… прыём…” – сяржант настойліва выклікаў аператара. Лінія маўчала. Кравец ліхаманкава націскаў клапыжкі іншых каналаў. Дарэмна. Сувязь адсутнічала.
Вацлаў вылаяўся, схаваў трубку на месца, ізноў прыпаў да бінокля. Адкуль у глушы, у самым цэнтры Зоны з’явілася мірнае насельніцтва ў такой колькасці, разведчык не ведаў.
Маскхалат, абвешаны штучным лісцем, добра хаваў байца. Зблізу сяржанта можна было прыняць за невялікі пагорак.