– Здагадаецца і школьнік, гер Лутцэ. Няўжо рэйхсфюрэр выправіў навукоўца… – Кройц шматзначна глянуў на доктара Зільге, – …інспектаваць элітныя батальёны. Адной вашай асобы больш чым дастаткова.
– Доктар Зільге прадстаўляе сабой вельмі важны аддзел рэйха. Не забывайце, што ён тут інкогніта. Вы чулі пра спадчыну продкаў?
– Упершыню, – развёў рукамі Кройц.
– “Анэнэрбэ”. У свой час наш вялікі фюрэр ускладаў на аддзел шмат надзеяў, але… – у сваю чаргу Лутцэ развёў рукамі. – “Анэнэрбэ” не апраўдала даверу, і зараз фармальна не існуе. Праўда, асобныя доследы ў розных галінах навукі, зробленыя докатарам Зільге пад час працы ў “Анэнэрбэ” прыцягнулі ўвагу рэйхсфюрэра, і шаноўны гер Зільге зараз займаецца доследамі ў ордэнскім замку.
– А чым займаўся гэты ваш “Анэнэрбэ”? – пацікавіўся Кройц.
– Доследамі сусветных таямніц, калі казаць напрамкі. Кройц памаўчаў, наліў яшчэ шнапса.
– Паглядзіце вакол, гер групенфюрэр, – сказаў ён, прааналізаваўшы пачутае. – Тутэйшыя лясы поўныя балот і туманаў. Жыхары тут дзікія, у вочы не бачылі цывілізацыі. Нашыя людзі гінуць штодзень, цягнікі ляцяць пад адхон. Карныя аперацыі не дапамагаюць утаймаваць усіх. Бясследна прападаюць салдаты, афіцэры. Мы трацім давер нават да мясцовай паліцыі. Усё навокал звязана неверагодным партызанскім павуціннем. Баявы дух салдат падае, не дапамагае нават славутая гебельсаўская прапаганда. Да прыходу савецкіх войскаў лічаныя тыдні, мы амаль прайгралі вайну.
– Асцярожна з агучваннем уласных поглядаў, штандартэнфюрэр, – рэзка перабіў Лутцэ.
– Я не погляды выказваю. Я звяртаю ўвагу на рэальны стан рэчаў.
Кройц устаў, наблізіўся да вакна, заклаўшы рукі за спіну.
– Паверце мне, шаноўны гер Лутцэ, гэта самая непрыветная зямля, якую я бачыў за ўсё жыццё. Тут не Еўропа, акрамя партызанаў і сакрэту баявога духу тутэйшых насельнікаў, ніякіх іншых сусветных таямніц тут не існуе і не было спрадвеку!
– Супакойцеся, Кройц, – адказаў Лутцэ. – Разумею ваша абурэнне. Усе чакалі паспяховага бліцкрыгу, але ж хто ў Рэйху мог уявіць, наколькі мужнымі і гераічнымі салдатамі акажуцца рускія? Я ўпэўнены, перамога будзе за намі, мы яшчэ возьмем рэванш. Але ж гэтыя размовы – палітыка. Пакінем яе палітыкам, а мы людзі ваенныя, вернемся да нашай справы. Мая вам карысная парада, Кройц: калі не хочаце трапіць у гестапа, часцей маўчыце.
Отто Кройц вярнуўся і сеў у крэсла.
– Давайце хутчэй скончым размову наконт таямніц “Анэнэрбэ”, – прапанаваў ён, зірнуўшы на гадзіннік і стомлена пазяхнуў. – Я вас падману, калі стану запэўніваць, што мне цікава мэта візіту доктара Зільге.
– Няхай гер доктар сам распавядзе, – прапанаваў
Лутцэ, звяртаючыся да навукоўца. Зільге пракашляўся і ўключыўся ў размову.
– Мяне цікавяць паветраныя з’явы, нестандартныя праяўленні прыроды ў гэтым краі.
– Што маецца на ўвазе?
– Незвычайныя туманы, якія вы прыгадвалі ў рапартах.
– Туманы як туманы, – паціснуў плячамі Кройц. – Мясціны балоцістыя, зашмат тваністыя. Увогуле, туманы тут амаль заўсёды.
– Туман, цікаўны мне, мае іншую прыроду, – запэўніў Зільге. – Скажыце, гер Кройц, на ваша меркаванне, чаму знік без вестак атрад элітных байцоў СС?
– Маю толькі адзінае тлумачэнне – партызаны, – адказаў суразмоўца. – Канечне, назад з іх ніхто не вярнуўся, але я выслаў узмоцнены танкамі карны атрад. Мы спалілі тую вёску, дзе зніклі салдаты. Зараз там адно папялішча. І хачу адзначыць, тактыкі спалення мы прытрымліваемся заўжды. За кожнага нямецкага воіна мы знішчаем дзесяць чалавек ворага, як мінімум.
– Я папярэдне сабраў інфармацыю і атрымаў цікавыя вынікі. Калі злучыць рыскамі на карце ўсе месцы ўзнікнення туманаў, складаецца ўражанне, яны нейкім чынам наўмысна гуртуюцца вакол вёскі Трыполле. Дакладней, не ў самой вёсцы, а ў кіламетры побач. Нідзе больш не назіраецца настолькі дзівосных з’яваў.
– Прабачце, доктар, – перабіў Лутцэ. – Размова выпадкова не пра мажлівае сакрэтнае ўзбраенне рускіх?
– Ніколі. Наўрад ці мы маем справу з новай сакрэтнай зброяй Саветаў. Па-першае, да іх яшчэ далёка, па-другое, падобнае назіралася б не толькі вакол Трыполля. Поўна іншых населеных пунктаў.
– Як, па-вашаму, магла б дзейнічаць новая зброя? – спытаў Кройц.
– Не ведаю. Але факт: нямецкія салдаты баяцца гэтага туману. Як сведчылі многія з іх, калі ступіць у туман, чуюцца розныя незвычайныя гукі, гадзіннікі ідуць па-рознаму. З часам увогуле невядома што робіцца. Здаецца, пабудзеш у тумане пяць хвілін, калі вяртаешся – аказваецца, мінула тры-чатыры гадзіны. Чым, па-вашаму, гер штандартэнфюрэр, гэта з’ява тлумачыцца?