– Гаспадзіна Кройца цікавіць, хто вы, дзе хаваюцца партызаны, ці іх шмат, раскажыце пра падполле, сувязных, колькі ў вас зброі, якія планы? Расказваць трэба хутка. Гаспадзін Кройц не трывае жартаў, – пераклала Святлана.

“Добра, хоць адразу не пужаюць расстрэлам”, – падумалася Вацлаву.

– Перадайце, мяне завуць Пеця Коржыкаў, я ўвогуле прыляцеў з Марса, – з’едліва адказаў Кравец. – Мая талерка схаваная ў прыдарожным кустоўі. Мо шаноўны гаспадзін жадае зірнуць?

Святлана перавяла. Немцы раздражнёна штосьці прабурчэлі ахоўніку. Той перадзёрнуў затвор “шмайсера” і наставіў зброю на палоннага.

– Палкоўнік Кройц сардэчна раіць не ўпарціцца.

Кравец цяжка ўздыхнуў.

– А мо вы пераапранутыя натаўцы? – спытаў ён хутчэй у самого сябе. – Ламаеце тут Галівуд.

– Не. Яны самыя пародзістыя эсэсаўцы, – прашаптала Святлана.

– Са мною быў хлопчык, што з ім? – успомніў Вацлаў.

Жанчына ўзрушылася. Яе твар пасвятлеў, але імгненна накрыўся маскай абыякавасці.

– Хлопчык пад наглядам фельчара. Дзякуй вам, ён мой пляменнік. Слухайце, зманіце што-небудзь, мо адпусцяць гады. Нашыя ўжо наступаюць.

– Што мне зманіць? Хто нашыя? – горка адказаў Вацлаў. – Якія партызаны, сувязныя? Гэтыя людзі – вар’яты? Вы заложніца? Што тут адбываецца?

Святлана апусціла позірк.

– Шкада. Вас расстраляюць.

Ну вось, засталося чакаць смерці, разважаў Кравец, калі застаўся ў поўнай адзіноце. Гібель невядома за што ў час неспакойнага, але мірнага трэцяга тысячагоддзя.

Нягледзячы на стому і пройдзеныя кіламетры, спаць не хацелася. Узбуджаны мозг усебакова аналізаваў інфармацыю і лагічнага тлумачэння не знаходзіў.

Сяржант спрабаваў супакоіцца, аднавіць у памяці ўсе дэталі аперацыі. Здаецца, пералом адбыўся, калі Вацлаў забрыў у тумановую завесу. Нібыта на зло прапала сувязь, а потым і завіравала сёмая вада на кісялю.

* * *

Позняй ноччу доктар Зільге рупліва даследваў рэчы палоннага. Яму дапамагаў Лутцэ.

– Што вы скажаце наконт гэтага? – Зільге перадаў группенфюрэру ўльтранітавы зарад.

– Падобна на гранату, – Лутцэ ўзважыў прадмет у руцэ. – Новае ўзбраенне рускіх?

Афіцэр вярнуў зарад на стол. Узяўся аглядаць аўтамат з пульсмасавым нагнятальнікам. Доктар тым часам трыбушыў рэчмяшок.

– Зільге, адкажыце па шчырасці, чаму вас цікавяць гэтыя туманы? Кройцу можаце дурыць галаву, а вось мне мяркуецца, справа зусім не ў прыродных з’явах.

Лутцэ ўважліва даследваў затворны механізм.

– Маеце рацыю, гер групенфюрэр. Справа не ў тумане.

– А ў чым? – суразмоўца навёў аўтамат на пусты графін, стаяўшы на стале. Зброя зручна ляжала ў руках.

– Дакладна не ведаю.

– Баіцеся ляпнуць лішняе?

– Не. Мажліва мы маем справу з верагодным тэхнічным прарывам рэйха. Калі так, наступіць новая эра ў гісторыі.

– Тлумачэнне аб усім і не аб чым…

– Вы вывучалі фізіку, Лутцэ?

– Ніколі.

– Шкада. У свой час абвер выкраў у англічан трапіўшыя ім неверагодным чынам сакрэтныя доследы доктара Эйнштэйна аб міжпрасторавых сутарэннях часу. Дзіўна, доктар гэтыя доследы ніколі не рэкламаваў. Матэрыялы трапілі ў “Анэнэрбэ”, дзе доўгі час тэарэтычныя выкладкі Эйнштэйна спрабавалі рэалізаваць на практыцы.

– Мне гэта ні аб чым не кажа, – прызнаўся Лутцэ. – Сутарэнні часу… Не разумею.

– Вы чыталі Уэлса?

– Я рэаліст, Зільге, фантастыка не мой канёк.

– Дарэмна. Фантасты часцяком прапануюць досыць практычныя ідэі.

– Добра. – Лутцэ паклаў зброю на стол. – Уэлс паўплываў на доследы “Анэнэрбэ”?

– На “Анэнэрбэ” паўплываў фюрэр, а вось на мяне… – Ён вытрымаў шматзначную паўзу. – Уэлс выказаў думку аб мажлівых падарожжах у часе, Эйнштэйн абгрунтаваў змяненне часу тэарэтычна, а мне тое-сёе атрымалася здзейсніць на практыцы. Разумееце?

– Загадкава гучыць.

– Элементарна, Лутцэ. Вы не жадаеце адправіцца гадоў на сорак-пяцьдзясят у мінулае, пабачыць сябе ў дзяцінстве, пазнаёміцца з кайзерам, а мо вам цікава пабываць у эпоху Рымскай імперыі?

– А вы возьмеце ролю экскурсавода і галоўнага механіка машыны часу, – рассмяяўся афіцэр.

– Не жартуйце, – Зільге перастаў корпацца ў рэчах і цвёрда прамовіў: – Бадай, я першы, каму ўдалося зазірнуць за край бездані.

– Віншую, доктар, – Лутцэ паціснуў плячамі. – І якая яна, бездань?

– Палахлівая, – адказаў доктар пасля нядоўгага маўчання і вярнуўся да справы. – Але поўная неверагодных перспектыў. Больш істотных, чым атамныя доследы.

– Дык пры чым тут туман, вы так не адказалі.

– На мяжы сутарэння паралельных прастораў, калі хуткасць часу не кампенсуецца каэфіцыентам надлома ў вымярэннях…

– Можна без фізікі, доктар? – зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, Лутцэ.

– Туманы не ёсць туманы. Калі прасцей, гэта святло. Святло іншых вымярэнняў. Іх можна атрымаць у лабараторных умовах з дапамогай неабходнага прыстасавання. Але я заўжды лічыў, што ў прыродзе павінны сустракацца анамальныя зоны, якімі злучаюцца розныя эпохі. Яны выконваюць функцыі дзвярэй у іншыя сусветы, паралельныя прасторы, іншы час. Упэўнены, у гэтых мясцінах з’явілася падобная анамалія, дзверы ў іншы свет. Верыце?

Зільге штосьці знайшоў і ўважліва разглядаў. Усталявалася цішыня. Групенфюрэр доўга пераварваў пачутае.

– Не веру, – нарэшце вымавіў ён.

Перейти на страницу:

Похожие книги