Дарога, як ёй заўсёды ўласціва, вымятала з галавы лішнія перажыванні, як сухое лісце са сцежкі. Невядомасць і небяспека… Дзвесце год таму на каралеўскай пошце ад Вільні да Кракава можно было, пры ўсім спрыянні, як сведчыў француз дэ Віжэнэр, даехаць за пяць дзён, а звычайныя падарожныя трацілі найменш два тыдні… Папскі нунцый Луіджы Ліпамана з Варшавы да Вільні дабіраўся дванаццаць дзён ды пісаў у Рым жаласна: «Бог ведае, якія невыгоды зазналі і я, і мае спадарожнікі, едучы ў самыя суворыя маразы, праз лёд, вецер, узняцце водаў; мы кепска харчаваліся, з цяжкасцю спаталялі смагу, спалі ўвесь час на зямлі, маючы пад сабою толькі шматок сена, дый той знайсці было нялёгка».
Ад таго часу коні не сталі бегаць хутчэй, а дарогі не палепшалі. А калі давядзецца адбівацца ад рабаўнікоў, аб’язджаць паваленыя дрэвы ды ваенныя дзеянні… Пруская вайна ніяк не скончыцца, хоць уся Еўропа ад яе стамілася. Можна было наторкнуцца на якісь вайсковы атрад, які шукаў дэзерціраў, навабранцаў альбо проста марадзёрстваў. А ў неразбярысе, якая панавала, усе ўспрымаліся найперш ворагамі. Магчыма, калі Вырвіч вернецца на радзіму, у яго будуць цалкам прыстойныя шляхецкія вусы.
Рэдкія сустрэчныя хапаліся за шапкі і схіляліся ў пакорлівых паклонах, пакуль карэта з панамі не міне. Цікава, Лёднік неяк распавядаў з горыччу, што ў той Ангельшчыне сустрэчныя прасталюдцы могуць нават пагардліва свіснуць услед карэце, а ў Швейцарыі ветліва памахаць рукой… Пранцысь, шарачковы шляхцюк, які вырас сярод мужыкоў, не мог такой дзёрзкасці з іх боку нават уявіць. Далёка мясцоваму люду, выхаванаму кіямі ды бізунамі, да пастараляў Жан-Жака Русо ды іншых фізіякратаў. Няхай пані Саламея з мужам і ўзяліся падораных ім сялянаў адукоўваць, пераводзіць на аброчную сістэму, ды на месца аканома прытулілі дабрэннага беглага француза, захопленага прагрэсіўнымі ідэямі… А тыя пейзане таўсманнага француза жабай празвалі, панскі поплаў увесь патравілі, а новазбудаваная школка дык і ўвогуле згарэла, як сама па сабе. Вырвіч пагардліва фыркаў: паны самазваныя, хіба мяшчук зразумее, як рады даць вясковай гаспадарцы? Але калі Лёднік прапаноўваў — едзь, знаёнца, ды навядзі парадак, гэтак жа пагардліва адмоўчваўся. Хопіць, накорпаўся ў зямлі ў дзяцінстве.
Пранцысь, якому абрыдзела маўчанне, паціху разглядаў пана Гервасія: з якім чалавекам давядзецца падзяляць у бліжэйшыя месяцы хлеб, соль і смяротную небяспеку? Пакуль зразумела было адно: пан у кіпні купаны, смелы ваяка, аб чым сведчаць шнары на шчацэ і ўпартым ілбе, добры піток, пра што паведамляюць пачырванелыя нос і вочы. Ну а раз, па яго прызнанні, заступаўся перад братам за доктара-халопа, дык не зусім ачарсцвелая ягоная душа. З кішэні пана тырчэў нейкі дзіўны штыр з нанесенай шкалой і некалькімі дроцікамі, які час ад часу пан даставаў і, прыжмурыўшы адно вока, цэліўся ім у неба, потым нешта падкручваў, нешта вылічваў, старанна варушачы вуснамі, і рабіўся ў гэтыя моманты падобным да цікаўнага хлапчука. Злавіўшы позірк студыёзуса, важна патлумачыў:
— Астралябія! Купіў у галандскага капітана! Сама паказвае шлях па зорах! Нават да Амерыкі па ёй можна шлях пракласці.
Астралябію Пранціш бачыў у абсерваторыі Віленскай акадэміі — аднак там такія прылады былі ў выглядзе дыска альбо сферы. Доктар адарваў вочы ад кнігі і павучальна патлумачыў з лёгкай насмешкай:
— Прылада васпана даўно састарэла. Гэта лінейная астралябія араба ат-Тусі, маракі даўно карыстаюцца больш сучаснымі, а ў апошнія гады ўвогуле з’явіліся секстаны. Але карыстанню кожнай з такіх прыладаў трэба доўга вучыцца, вашамосць.
Пад канец доктар збіўся на брыдкі ментарскі тон, ад якога ў свой час Пранціш ажно шалеў. Цяпер настала чарга пана Агалінскага, які нават не пачырванеў, а стаўся юлёвым, як бурак. Вырвіч хуценька ўсунуў рэпліку:
— Вашамосць казалі пра Амерыку? Вы былі ў Новай Індыі, альбо збіраецеся?