Тая хуткасць, з якой госці апынуліся на двары, а потым у млынарскім доме, сведчыла, што пан Агалінскі шануецца тут не менш за вадзяніка, і ў ахвяру можа ўзяць, што заўгодна. Млынар, да здзіўлення Пранціша, зусім не быў волатам з каменнымі плячыма, прадназначанымі, каб цягаць мяхі. Ён быў невысокі, каржакаваты, перакрыўлены на адзін бок, з палахлівым тварам, і адно вока трохі прыплюшчана. Праўда, рукі задоўгія, з вялізнымі спрацаванымі далоньмі — здавалася, у такіх далонях камень лёгка ператворыцца ў пясок. Млынар рухаўся неяк няўклюдна, а вось рукі ягоныя нібыта жылі асобным жыццём, спрытна дапамагаючы распрагаць коней.

Дзіўна, але хаця кола млына круцілася, ніводнай падводы з мяхамі на двары. Увогуле ўсё вакол як вымерла, хаця ў выбітых каляінах стаяла вада, што значыла, сюды яшчэ нядаўна ездзілі.

У доме, прыбудаваным да млына, пахла не мукой і не хлебам, а зёлкамі. Зусім як ва ўніверсітэцкай аптэцы.

— А тое зелле ад галавы яшчэ ёсць? — буркатліва папытаўся млынара Амерыканец, які сядзеў за сталом, ледзь не да сталешніцы прыпаўшы. Рудаваты чуб пана прыліп да ілба, закрываючы адно вока. Пранціш помсліва падумаў, што наўрад Лёднік зварыць для Агалінскага свой цудадзейны адвар для такіх вось шляхецкіх хворасцяў. Але млынар пакорліва павярнуўся ў бок варыўні і выгукнуў стамлёным голасам, які трохі дрыжэў:

— Саклета, прынясі яснавяльможным панам адвару ад галаўнога болю!

У варыўні нешта зашаргатала, аж стала страшнавата — што за істота там хаваецца, русалка альбо шышыга? З прыцемку выйшла сапраўды дзіўнаватая істота — худзенькае дзяўчо з галавой, заматанай белай хусткай так, што адны вочы відаць, і тыя апушчаныя. Дзяўчо паставіла перад панам Гервасіем збанок з вохкім напоем, і Лёднік адразу варухнуўся, прынюхаўся: сам жа зельнік. Пан Гервасій, расплюхваючы напой, бо рукі заўважна трэсліся, прагна выпіў… Аддыхаўся з палёгкай…

— Майстрыца ты, Саклета! Як цябе яшчэ за вядзьмарства не ўтапілі? — Амерыканец не заўважыў, як здрыгануліся пры гэтых словах бацька і дачка. А вось Лёднік нахмурыўся і важка прамовіў прафесарскім тонам:

— Гэта ўсяго толькі адвар на аснове кары белай вярбы. Я сам такі рыхтую. Я не памыліўся, панна Саклета?

Дзяўчына спалохана падняла вочы — быццам бліснуў чорны агонь — пачырванела і прамовіла ціхенька:

— Так, літасцівы пане. А яшчэ… Ці дазволіць вашамосць, хачу запарыць зёлкі для слугі, што з хворай пячонкай… Нічога небяспечнага… Асінавая кара, пырнік і сабачая мята… А то ён так стогне… Слуга ваш…

— А крапіву? — сурова папытаўся доктар.

— Так, літасцівы пане! І крапіву дадам… І…equisetum arvense…

Апошнія словы на лаціне млынароўна прагаварыла зусім ціха, зноў панурыўшы галаву.

Доктар зацікаўлена хмыкнуў.

— Ну а хвошч палявы навошта? Ён жа ад нырак!

— А ў спадара Хведара ныркі таксама не ў парадку… — прашаптала Саклета.

— Ну яшчэ б, столькі гарэліцы выжлуктаваць за сваё нядоўгае жыццё, — прабурчэў Лёднік, уважліва вывучаючы аблічча млынароўны. І раптам узняўся ва ўвесь свой немалы рост, выпрастаны, нібы рыхтаваўся ісці на лекцыю.

— Ну што, паказвайце мне сваю лабараторыю, калега!

Дзяўчына паглядзела на віленскага прафесара так багавейліва, быццам той спусціўся з аблокаў.

— У мяне ж так… Толькі зёлкі…

— Вядзьмачка яна слынная! — выгукнуў Амерыканец. — Яна мне абяцала плакун-травы дастаць, якая дапамагае па моры плаваць!

— Нямашака такой травы, вашамосць! — з ціхім адчаем прагаварыла дзяўчына. — Гэта казкі!

— Вось адсцябаю добранька, адразу казка зробіцца явай! — рыкнуў Агалінскі, але нястрашна, відаць, лавіў насалоду ад таго, што перастала балець галава. Дзяўчына ўпала на калені, сціснуўшы тонкія рукі.

— Ваша мосць… Літасцівы пане… Я ж толькі з малітвай… Ніякага чараўніцтва… Са святой Параскевай і Панцеляймонам-пакутнікам… — шаптала вядзьмарка, кідаючы на Лёдніка ўмольныя позіркі, быццам запрашала не верыць злым словам. Пранціш, аднак, цалкам мог бы паверыць, што справа нячыстая… Млынароўна ніяк не была падобнай да звычайнай мужычкі. Вялікія вочы, тонкія рысы твару, вузкія запясці… Зусім не прыгажуня, так, верабейчык, але нешта ў ёй такое ёсць… Да таго ж, падобна, пісьменная, і чытала вучоныя кніжкі. Але калі дзяўчына павярнула галаву да Лёдніка, Пранцысь здрыгануўся: з-пад белай хусткі, якой дзяўчына ўпарта прыкрывала твар, паказваўся агідны ярка-чырвоны нараст — нібы п’яўка, што прысмакталася да шчакі, ад падбароддзя ажно да куточка вока. «Вядзьмарка», — холадам працяла Пранціша, і ўсе прагрэсіўныя перакананні, выхаваныя асабіста Лёднікам і навукай акадэмічнай, кудысьці падзеліся, і захацелася проста па-дзіцячы скрыжаваць пальцы ад сурокаў.

Лёднік між тым адным загадным рухам падняў дзяўчыну з падлогі і пайшоў з ёю на варыўню. «Яшчэ адна лялька-аўтамат з загадкай», — раздражнёна падумаў студыёзус, які ведаў прыхільнасць Лёдніка да «народных талентаў». Доктар упарта займаўся асветніцтвам усялякіх падазроных знахароў — казаў, трэба хаця б трохі паменшыць шкоду ад забабонаў і невуцтва. Чытаў бясплатныя лекцыі шаптухам-павітухам, раздаваў лекі, якія, магчыма, выплюхваліся на зямлю за першым жа кутом.

Перейти на страницу:

Похожие книги