Пан Гервасій грэбліва страсянуў з сябе руку доктара, як быццам гэта быў гідкі павук.

— Без тваёй парады абыдуся, баязлівец!

— А гэта не парада, вашамосць. Гэта адзінае разумнае выйсце, — рэзка заявіў Лёднік і, не чакаючы выбуху гневу ад суразмоўцы, выйшаў за браму і гукнуў назад:

— Зачыняйце і не высоўвайцеся! Не страляць, пакуль не дам знаку!

Бубнеў спалоханыя малітвы Хвелька, яму дапамагаў млынар… Пранціш прыпаў да шчыліны між дошкамі, цэлячыся са стрэльбы ў прыхадняў: доктар стаяў, скрыжаваўшы на грудзях рукі, падманліва спакойны. Людзі з паходнямі, узброеныя хто чым, спыніліся перад ім. Наперадзе быў худы высокі мужык з запалымі светлымі вачыма, якія гарэлі фанатычным агнём.

— Аддайце нам вядзьмарку!

— Вы ведаеце, што нападаеце на самога пана Гервасія Агалінскага, які спыніўся ў гэтым доме? — спакойна спытаўся Лёднік, і Агалінскі пацвердзіў сваю прысутнасць градам выкшталцоных праклёнаў, сярод якіх самым прыстойным было «дзеці карослівай сучкі».

— Супраць яснавяльможнага пана нічога не рабіцьму, — высокі мужык, нібы ў пацвярджэнне слоў стукнуў у зямлю сваймі віламі, што смешным чынам прыпадабнялася мажардомскаму стуканню жазлом у паркет на знак пачатку балю. — Але мы не хочам, каб вашыя мосці тую вядзьмарку звезлі, і нашы людзі ад ейных сурокаў змарнелі. Пан Агалінскі наш гаспадар і суддзя — вось няхай тут жа і асудзіць пачвару! А мы прысуд выканаем!

Натоўп за ягонай спінай загуў… Некалькі чалавек, як і правадыр, відавочна адрозніваліся ад звычайных змарнелых халопаў — замест сярмягаў вывернутыя поўсцю наверх кажухі, за паясамі — шаблі. Лясныя людзі… З гэтымі дамовіцца цяжка.

— Чаму вы вырашылі, што Саклета вінаватая ў пошасці?

— А хто яшчэ? — выгукнуў адзін з мужыкоў, узброены звычайнай сякеркай. — Яна чараўніцтвам з дзяцінства жыве! Сам бачыў, як чорнага ката пад кола млына кідала! А як дала зёлак маёй жонцы, дык тая праз тыдзень плямамі чырвонымі пайшла. А тады і я, і ўся вёска!

Мужык тыцнуў пальцам сабе ў твар, дзе сапраўды красавалася раздрапаная да крыві пляма.

— Вядзьмачка яна! Хоча, каб усе былі такімі страхотнымі, як сама. Бачыў пан, што да аблічча яе чырвоны змей прысмактаўся? Усе ведаюць — Яўхім ейную матку цяжарнай узяў, ад Вадзяніка яна!

— Жорнаў на шыю — і ўтапіць! — зараўлі прыхадні.

— Чакайце, спадарства! — доктар падняў руку, і крыкі сціхлі. — Я — доктар. Дайце мне час, і я вылечу ўсіх.

— А яна зноў на нас хворасць нашле! — выкрыкнуў нехта.

— Калі я прыбяру з яе твару «чырвонага змея», вы паверыце, што Саклета — не вядзьмачка? Яна ж, мусіць, у царкву ходзіць, прычасце бярэ…

— Ты, можа, сам вядзьмак! — выгукнуў нехта з натоўпу, і вілы наставіліся на Лёдніка, як на загнанага ваўка.

— Доктар, не мянці языком! Я тут пан, мне і вырашаць! — выкрыкнуў Агалінскі з-за плоту. — Бунту не пацярплю, але і чараўнікоў пакрываць не збіраюся!

Людзі ўхвальна загулі. Лёднік уладна загадаў прыхадням:

— Мы зараз параімся! Чакайце тут выраку! — і зайшоў у браму. Да доктара зараз жа падляцеў Агалінскі.

— Ты што тут узяўся камандаваць, клісцірнік пракляты? Хто ты такі? Вядзьмак вядзьмачку ратаваць узяўся? Ды я цябе…

Агалінскі выхапіў з-за пояса бізун і замахнуўся. Лёднік пераняў панскую руку і так сціснуў, што пан вохнуў.

— Я, вашамосць, прысягу сваю вам памятаю і гатовы сплаціць. Але пан памыляецца, калі думае, што я дазволю хоць адзін бізун ад тае смяротнае дозы загадзя выпрабаваць на свае скуры. І я не дазволю аддаць на смерць гэтае няшчаснае дзяўчо…

Лёднік кіўнуў у бок Саклеты, якая нават не плакала, не спрабавала схавацца, а пакорліва стаяла каля бацькі, апусціўшы галаву, падобная ў белай хустцы на зламаную кветку.

Пранціш зараз жа падляцеў да Лёдніка, гатовы астудзіць пал Агалінскага шабляй.

— Я ўсё ўладжу сам, ваша мосць, — цвёрда сказаў Амерыканцу доктар. — Я бачыў праявы пошасці і пазнаў хваробу. Нічога звышнатуральнага. Прашу толькі яснавяльможнага пана не ўмешвацца — урэшце, гэта мужыцкая справа, не вартая вашых высакародных клопатаў.

Агалінскі, якога Лёднік адпусціў, адскочыў назад і выхапіў шаблю. Ноздры яго раздзімаліся, і ён бы кінуўся на доктара, каб быў трохі больш п’яны, але, відаць, яшчэ памятаў, што сам звязаны прысягай наконт здабыцця спадчыны доктара Дзі, таму толькі пагардліва сплюнуў.

— Гэта я табе таксама прыпомню, паскуднік!

Фурман і Хвелька паглядалі на млынароўну з нянавісцю і страхам, і, падобна, гатовыя былі зараз жа перакуліць яе цераз плот.

Доктар строга папытаўся Саклету:

— Кідала ката пад млын?

Дзяўчына з безнадзейнай абыякавасцю кіўнула галавой:

— Звычай такі, вашамосць. Млын жа без гэтага круціцца не будзе, вадзянік ставы паламае…

Лёднік толькі з прыкрасцю рукой махнуў.

— Вось ён, партрэт беларускага духу… Даведнік па травах з лацінскімі назовамі — і кот у ахвяру вадзяніку. А на аперацыю па выдаленні свайго ўпрыгожання на шчацэ ты згодная, ці свята верыш у ягоную неабходнасць дзеля паспяховай знахарскай практыкі?

Саклета ўпала перад доктарам на калені і пачала палка цалаваць таму руку:

— Паночак мой, любенькі мой, ды калі б толькі вы змаглі сурок гэты прыбраць! Ды я за вас Богу маліцца стану і ўдзень, і ўночы!

Перейти на страницу:

Похожие книги