Такую сур’ёзную прапанову дзяўчына ператварыла ў жарт: «Паспеецца, не гарыць жа... Збудзь з галавы адзін клопат — вучэнне, тады возьмеш на шыю другі... Май на ўвазе, я капрызная. Набярэшся яшчэ са мною гора. Пахадзі пакуль нежанаты».
Толькі пазней Аляксей зразумеў, чаму адкладвала з дня на дзень сваё замужжа Эма: хацела ведаць, куды яго прызначаць.
«Аж на Далёкі Усход ехаць? — здзівілася яна.— А хіба тут, паблізу, нельга табе астацца?»
«Дысцыпліна ў арміі, Эмачка, на першым плане. Куды пасылаюць, туды ідзеш ці едзеш...»
Дзяўчына сказала, што пагаворыць раней дома.
Апошняе спатканне прайшло коратка. Эма зваліла віну на бацькоў: яны не адпускаюць. «А ты што, свайго розуму не маеш?» — стараўся дапячы Аляксей. Дзяўчына адкараскалася жартам: «Ёсць, але невялічкі, на далёкую паездку не хопіць...»
Цяжка было прызнацца сябрам, што так усё скончылася. Зняслаўлены, абражаны, Аляксей даў тады сабе слова не дружыць больш ні з адной дзяўчынай...
Цяпер, у начной цішыні, ён зноў прыгадаў падарожжа. «Так бы, здаецца, усё жыццё быць нам разам: у дарозе, дома, у паходах...» — Потым думкі пераносяць яго ў сваю часць. Вось ён знаёміць калег-камандзіраў і іх жонак з Таццянай. Некаторыя з жанчын дапытлівым позіркам аглядаюць яе, трошкі зайздросцяць, што яна ўрач і зможа працаваць тут. Людзі з такой прафесіяй усюды патрэбны і заўсёды знойдуць сабе работу. Іх цікавіць, як прызвычайваецца Таццяна да ціхіх мясцін пасля шумнага горада. Ім чамусьці здаецца, што яна абавязкова з вірлівай сталіцы.
Колькі так мінула часу, Аляксей не ведаў. Зірнуў у акно і нейкі момант не мог уявіць, ці то быў сон, ці мроілася. Устаў, падышоў да акна, каб зірнуць на гадзіннік, колькі часу. За акном свяціў вышчарблены месяц. Цень ад хаты падаў на двор. Раптам рыпнулі дзверы з кухні ў сенцы. «Здалося мне ці сапраўды выйшаў хто з тае палавіны?» — насцярожыўся Аляксей. Больш нічога не было чуваць. Тады паціхеньку прачыніў свае дзверы: калі гэта выйшла цішком Таццяна, дык няхай ведае, што і яму няма спакою.
Дзверы рыпнулі зноў. Усё ж нехта выходзіў. Не да сну стала Аляксею. «Хто ж бы гэта? Таццяна ці маці? Калі Таццяна, то зайшла б, хоць на хвілінку, чула ж, як прачыніў дзверы... Значыць, матулька. Сочыць, як за злодзеем якім,— не зачыняючы дзвярэй, лёг на пасцель.— Сысці, пакуль там спяць»,— вырашае Аляксей.
Ён устаў, запаліў лямпу, прысеў каля століка, вырваў з блакнота лісток, падзякаваў за гасціннасць. А пра тое, чаму так рана пакідае гаспадароў, напісаў: «Лепш будзе ісці халадком да сябра, а вам — менш клопату з чужым чалавекам». У постскрыптуме дадаў па-нямецку чакаць пісьма. Меркаваў, калі запіска трапіць у рукі бацькоў, то ім не зразумець, а Таццяна разбярэцца.
Аляксей палажыў карталюшку на разгорнутую кнігу, адзеўся, высыпаў на столік цукеркі і пячэнне: «няхай ласуецца Толік». Сам узяў пусты чамаданчык і асцярожнымі крокамі выйшаў з хаты.
На ўсходзе пачынала світаць.
VI
Увесь дзень Таццяна не знаходзіла ўпынку. Ідучы на бераг, спадзявалася чамусьці, што ён там. I не застала. Зусім нямілымі раптам сталі і азерца, і ўзятая з сабою кніга. Ужо на трэцяе месца яна перанесла коўдру: то грудочкі немаведама адкуль узяліся на зямлі і мулялі бок, то цень засціў сонца. Нарэшце знайшла больш-менш утульнае месцейка.
Колькі разоў падбягаў ужо Толік то спытаць што, то пазабаўляцца, як рабіў гэта тыя дні, але ў засмучанай мамы не было ранейшай ахвоты ні на размовы, ні на забаўку. Крыўда на Аляксея за яго неабдуманы прыезд і яшчэ большая за неспадзяваны ад’езд не давала спакою.
Падвечар у Таццяны разбалелася галава, і яны пайшлі раней дахаты. Дома прыняла таблетку — боль хутка прайшоў, а туга ўсё ж не пакідала. Гэта адразу заўважыла маці, вярнуўшыся з поля:
— Журышся?
— Адкуль вы ўзялі?
— Матку не ашукаеш, дачушка.
У далейшую гаворку Таццяна не пусцілася. Пасля вячэры забрала Толіка і пайшла ў свой пакой. Узялася слаць пасцель, і думкі, што ўвесь дзень не давалі спакою і якія трохі ўтаймаваліся падвечар, зноў нахлынулі.
Яна выйшла ў куханьку і вярнулася з тазікам цеплаватай вады. Памыла Толіку ногі і палажыла яго ў пасцель, потым апусціла свае ў тазік і апаласнула. Пазалкі выносіць не стала, зробіць гэта заўтра, і сама лягла каля сына. Хлопчык прывык за дарогу спаць побач з маці і цяпер не хацеў разлучацца.
Ноч Таццяна спала трывожна. Толькі змружыць вочы — здаецца, нехта пастукаў у шыбу. Насцярожана прыслухоўвалася, пакуль зноў лёгкая дрымота не стуляла павек. Так прахоплівалася некалькі разоў.
Нарэшце, не вытрымала. Устала, падышла да акна, паглядзела ў адно, у другое, нікога не ўбачыла і лягла з надзеяй заснуць.
«А што, калі б я сапраўды адважылася звязаць свой лёс з ім? Хіба можна параўнаць Аляксея з Іванам?» Успомніла мужа, і да драбніц паўсталі ўсе крыўды, што ён калі-небудзь зрабіў ёй. Узбуджаныя нервы не маглі больш стрымаць жалю да самой сябе, і яна ціхенька заплакала, уткнуўшыся ў падушку. Колькі так праляжала, не ведала.
У сенцах рыпнулі дзверы. Зірнула ў акно і ўбачыла, як маці пайшла дваром у хлеў даіць карову.