Яны прыселі на лаўку і нейкі момант глядзелі адно аднаму ў вочы. Таццяна ўсміхнулася, і ў гэтай усмешцы адчувалася: «Доўга мы яшчэ будзем маўчаць?» Загаварыў Аляксей:
— А я так непакоіўся... Маліўся ўсім святым, каб хаця вы атрымалі маё другое пісьмо.
— Дайшла, бачыце, ваша малітва,— не адводзячы позірку ад яго блакітных вачэй, пажартавала Таццяна.
— Першае таксама атрымалі?
Яна кіўнула галавой. Чаму не было на яго адказу, Аляксей распытваць не стаў.
У пустым станцыйным зальчыку заседжвацца не выпадала: усё тая ж боязь, каб не перадаў хто Таццяніным бацькам, з кім сустракалася іх дачка, непакоіла жанчыну. Ды і дахаты пара было брацца Таццяне. Аляксей пайшоў праводзіць. Выбралі кружную дарогу, дзе найменш маглі напаткацца знаёмыя.
Хутка яны ўвайшлі ў невялікую кудзерку лесу і адразу адчулі халадок.
— Вы не надта спяшаецеся, Таня, дахаты? Можа прысядзем у цяньку на якую часінку? Ну хоць бы вунь пад тою купчастаю елкаю,— паказаў Аляксей.
— Стаміліся ці проста заманулася сесці? — спынілася і строга паглядзела ў вочы Аляксею Таццяна. Быдта вывучала, што хаваецца за гэтай прапановай. Чамусьці ні з сяго ні з таго прыгадалася матчына гаворка пра мужчынскія кпіны.
— Ды не, што вы! — разгубіўся Аляксей.— Ніякай стомы... 3 вамі я гатовы хоць сто кіламетраў ісці...
— Вы згодны на такое, бо ведаеце, што я першая прыстану,— краёчкам вока глянула Таццяна.
Аляксей зусім збянтэжыўся: не трапляў ніяк у лад.
— Танечка, гэта ўсё не тое... Нам трэба сур’ёзна пагаварыць. Я таму і параіў прысесці, каб спакойна, без спешкі...
Таццяна ўсміхнулася.
— А хіба ідучы нельга размаўляць пра сур’ёзнае і без спешкі? — і першая ступіла з месца.— Я слухаю, кажыце.
Аляксей не быў падрыхтаваны да такой раптоўнай гаворкі. Спадзяваўся, пачнецца яна з другараднага, а потым усплыве само сабою і тое галоўнае.
— Ну, што ж вы маўчыце? — напомніла Таццяна.— Я чакаю.
— Я не магу без вас, Таня. Я казаў ужо і кажу яшчэ раз... Вы добра разумееце, чаго я зноў прыехаў...
Таццяна разумела, вядома, прычыны Аляксеевых прыездаў, але гаварыць не спяшалася: «Няхай скажа сам...»
— Я не абяцаю вам райскіх выгод... У нашым вайсковым жыцці, а я звязаў свой лёс назаўсёды з арміяй, усё можа быць. У адным магу запэўніць: вечна кахаць вас. Тут я гаспадар слова...
— У прыродзе, Аляксей, няма нічога вечнага, апрача матэрыі, калісьці вучылі нас, ды і вас,— паспрабавала яна звесці ўсё на жарт.
— Ёсць, Таня, духоўная вечнасць... Вечнасць кахання. Яе і абяцаю вам... Мая рука ў вашай,— Аляксей злёгку паціснуў Таццяніну,— прашу прыняць як апору.
Ад цёплай рукі і пачутых слоў, быдта ад лёгкага электрычнага току, скаланула Таццяну. Хвіліну якую яна стаяла разгубленая. 3 Іванам усё было неяк проста: дружылі, хадзілі ў кіно, на інстытуцкія вечары, гулялі па вуліцы, часам у парку, і аднаго дня без ніякай пышнасці, зусім па-простаму, зайшлі ў ЗАГС. На нейкую долю секунды мільгануў Іван. Убачыла не ўвесь твар, а толькі шчаку, калі, павярнуўшыся ад дзвярэй, казаў: «Да сустрэчы». Так рабіў ён штодня, адыходзячы першы на работу, і яна адказвала: «Шчасліва». Следам за мужам прамільгнуў вобраз маці: роспачлівы, грозны...
Не вызваляючы свае рукі з Аляксеевай, яна пазірала на сухія сасновыя шышкі ўзбоч сцяжынкі. Аляксей цярпліва чакаў адказу. Павольна міналі секунды. Абое маўчалі. Нарэшце яна падняла галаву, зірнула на Аляксея і ўпершыню назвала яго ласкава ўголас:
— Мы надта мала ведаем адно аднаго, Лёша, і раптам пачуць такое замужняй жанчыне,— вызваліўшы руку, палажыла на плячо Аляксею і з лёгкім дакорам сказала: — У нас жа толькі дарожнае знаёмства. Разумееце?
— А хіба гэтага мала, Таня?
— Мала, Лёша, вельмі мала...
— Мне думаецца, людзі могуць пазнавацца не толькі ў бядзе, але і... у дарозе.
— Я веру, вы шчыра кахаеце мяне, але ўсё гэта надта паспешліва... Да таго ж, сын у мяне...
— Ваш сын не можа служыць перашкодай, Таня. Я люблю яго, гэта вы самі бачылі...
Раптам Таццяна спытала:
— Колькі дзён асталося яшчэ вашага водпуску?
— Васемнаццаць без сягонняшняга.
— Тады ў нас яшчэ ёсць час: мне — падумаць, вам — раздумаць.
— Кажу вам адразу, Таня, са мною такое не станецца. Раздумваць і адступацца ад свайго шчасця я не збіраюся.
Развітвацца Таццяне не хацелася. Нейкая таемная сіла трымала яе, цягнула да гэтага чалавека. Яна апусціла долу вочы і, пазіраючы то на запыленыя Аляксеевы чаравікі, то на свае сандалі, думала: «Калі ж той дождж пройдзе і хоць трохі прыб’е пыл? »
Аляксей прыгарнуў яе да сябе, цалуючы пышныя валасы, загарэлую шыю. Потым нахіліў трошкі ўбок сваю галаву і пацалаваў у шчаку. Таццяна зняла руку з пляча і вызвалілася з Аляксеевых абдымкаў.
— Лёша, я пайду. I вы вяртайцеся на станцыю.
— Ну, як жа вас адных адпусціць сярод лесу? — паціснуў плячыма Аляксей.
— У такім разе, праводзьце да поля. Яно ўжо недалёка.
Што кудзерка лесу хутка скончыцца, мала ўсцешыла Аляксея. Ён згодзен быў бясконца ісці ды ісці побач з Таццянай у шырокі свет. Тут нечакана ў Аляксея з’явілася зусім новая думка:
— Ведаеце, што мне прыйшло ў галаву? Пайсці абоім да вашых бацькоў і смела расказаць пра наша рашэнне.