Ах, як мне марылася пра сваю абранасьць і выключнасьць дзясятак гадоў таму! Ах, як верылася ў сваю не прыроджаную, а нованароджаную арыстакратычнасьць. А маё "заўтра" было настолькі да маіх мараў і высакародных плянаў спрыяльным, што нават ня верылася самому. Ня кажучы пра тых, хто апынаўся побач са мной — тых беларускіх людзей, якія былі абазваныя кімсьці несьвядомымі. І на якіх я, не адчуўшы захапленьня ад сваёй беларускай сьвядомасьці (чытай — шляхетнасьці) звычайна глядзеў паверх галоваў. А трэ было ў вочы.
Перадапошнi парад
Што кара блiзiцца, што яе даўно ўжо нельга адвесьцi, у гэтым, я думаю, нi ў кога больш няма нiякага сумневу...
...коцiцца хваля бальшавiцкага наступленьня, яна перахлiснула Вiцебск i пагражае Менску, беларускай сталiцы, пасьля падзеньня якой, як перадае наша «бюро чутак», на Ўсходзе мы таксама не ўтрымаемся.
Томас Ман, «Доктар Фаўстус».
Менш за ўсё 3 лiпеня мне хацелася выходзiць на вулiцу. Ну, што я туды папруся, — думалася мне. На халеру я буду псаваць людзям настрой сваiм цяжкiм поглядам на ўсё iхнае баляваньне. У iх сьвята. Iм сёньня дазволяць бадзяцца па ўсёй галоўнай вулiцы, ад броўкi да броўкi. На ўсiх кутах дзеля iхных вачэй і вушэй будуць танчыць народныя калектывы ды сьпяваць iх любiмыя песьнi зоркi раённых ДК. Дзеля iхных глотак будзе ракою лiцца пiва з гарэлкаю ды смажыцца мяса. Дзеля iхных вачэй неба ўвечары будзе расквечанае агнямi фэервэркаў. Яны гэта ўсё заслужылi. Сваёю вераю ды працаю на сваё пахмельле. Ты — не. Ты лiчыш гэты рэжым акупацыйным. Гэтую дату — днём, калi 54 гады таму ў горад увайшлi чужыя танкi, каб зруйнаваць яго й перайначыць пад свае парады. Табе не даспадобы iх песьнi й сьцягi. Што табе рабiць сярод iх? Але адседзецца ў хаце за чытаньнем любiмага Томаса Мана ў мяне ня выйшла. Сьвята лезла скрозь муры й шыбы ўзмоцненымi да дурноты звонкiмi гукамi дзявочых галаскоў — «Я люблю цібя Дзiма, што мне так неабхадзiма». Пад такiя заклiкi, далiбог, нiяк не пераварваюцца Манавы прароцтвы падзеньня Нямеччыны. Ды й чаму б чужому сьвяту раптам не абярнуцца маiм, дзякуючы якой рамантычнай сустрэчы?.. Я раптам прыгадаў аднаго няўдалага Дона Жуана.
Неяк мне давялося выслухаць безьлiч камплiмэнтаў на адрас Беларусi й беларусак ад аднаго маскоўскага кiроўцы-перагоншчыка. Ён прыехаў сюды, каб забраць набыты ягонымi гаспадарамi МАЗ. Па атрыманьнi машыны маскоўскаму госьцю захацелася разьняволiцца. Пакаштаваць беларускага каханьня. Час быў самы прыдатны — 23 гадзiны, i масквiч, узяўшы таксоўку, паехаў па Менску, прадчуваючы незабыўную беларускую ноч у абдымках адной з прыгажуняў, ад колькасьцi якiх на менскiх вулiцах расейская галава пайшла кругам. Запрашэньне да раману ў расейца не адзначалася вытанчанасьцю. Спыняючы таксоўку, ён высоўваў галаву й крычаў сваёй абраньнiцы ледзь не на ўсю вулiцу адну толькi фразу: «Эй, трахацца пайдзём!» Няцяжка было адгадаць рэакцыю «непрадзьвiнутых» менскiх дзяўчатак на такую стыльную маскоўскую прэлюдыю. Паматаўшыся бяз вынiку па вулiцах чужой сталiцы ды пакiнуўшы менскаму таксi суму, за якую можна было б спакусiць, бадай, Шахерэзаду, зьбянтэжаны масквiч накiраваўся на сваю стаянку. «Але што яны ўсе робяць на вулiцы?» — запытаў ён у таксiста на разьвiтаньне. «Гуляюць», — адказаў той. «I ўсё? — разгубiўся маскоўскi госьць, — а першай гадзiне ночы?! Загадкавая, блiн, краiна».
Гэтую фразу — загадкавая краiна — масквiч будзе паўтараць да самага ад'езду. «Вы не разумееце, у якой чыстай краiне вы жывяце. У вас жа школьнiцы газоны граблямi капаюць. На свае вочы бачыў. I якiя школьнiцы! Кожная — гатовая фотамадэль. Нашы ж двоечнiцы, здаецца, усе даўно на трасах па чырвонцу аддаюцца. А граблi й за сотню ў рукi ня возьмуць. Якi тут, на хер, край балот. Рай некранутых Еваў. А вы й не заўважаеце». Ён пакiнуў Беларусь зь няўцямнай усьмешкаю на твары, так i не паспытаўшы беларускага каханьня. Павез у свой дзесяцiдаляравы рай сьветлыя ўражаньнi ад загадкавай краiны. Разгадкi пакiнуўшы мне.
У гэтыя днi прыгожых жанчын на менскiх вулiцах было шмат, як нiколi. На любы густ i запыт. Выпускнiцы, дзевачкi-трасьцiначкi ў клёшах i на цяжкiх, а-ля хунта, падэшвах; навучэнкi ПТВ, iнтрыгуючыя караценькiмi спаднiцамi ды лайкравымi панчохамi; нашыя нязломныя бiзнэс-лэдзi ў кофтачках i пiнжаках ад мсье Дынама; маладзяшчыеся перакiсьсю вадароду ды чаравiчкамi-шпiлькамi каралевы плянавых аддзелаў, бухгальтэрыяў ды iншых адмiнiстрацыяў. Беларусаў можна зразумець. Навошта напружвацца, жывучы ў гатовым раi? Гэта быў сапраўды грандыёзны парад. О, калi б я злавiў у Сьвiслачы залатую рыбку, мне б не спатрэбiлася дакучаць жывёлiнцы трыма жаданьнямi. Мне б хапiла й аднаго. На ўсё б жыцьцё, бадай, хапiла. Ды замест рыбкi да мяне з глыбiнь шашлычнае чаргi падплыў знаёмы беларускi нацыяналiст. Каб засьведчыць мне, старанна пражоўваючы мясцо, сваё незадавальненьне «лукашысцкiм» сьвятам. Божа, падумаў я з жахам, няўжо ж да канца маiх дзён я буду прыцягваць увагу адно нацыянальна заклапочаных сяброў БНФ? Не карай, Стваральнiк!